Беларусь знаходзіцца сярод краін-лідараў па ліку адмоваў ва ўездзе ў ЕС
Беларусь знаходзіцца сяродкраін-лідараў па ліку адмоў ва ўездзе ў ЕС. Аб гэтым сведчаць дадзены, атрыманыя Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS).
Паводле слоў аналітыка BISS Андрэя Елісеева, у 2011 годзе шэнгенскую візу не змаглі атрымаць больш як шэсць тысяч грамадзян Беларусі. У цэлым у краіне было выдадзена ўсяго 4,6% ад усіх шэнгенскіх віз свету.
Паводле даных даследаванняў інстытута, лік адмоў грамадзянам Беларусі ва ўездзе ў ЕС з 2008 года павялічваецца ў сярэднім на 10% у год.Аналітыкі звязваюць гэта галоўным чынам з агульным ростам выдаваных у Беларусі шэнгенскіх віз і ростам ліку паездак у Еўрасаюз у гэты перыяд.
Больш як 95% выпадкаў адмоў ва ўездзе прыходзяцца на пагранічныя органы Польшчы і Літвы. Гэта звязана з натуральнай перавагай перамяшчэння грамадзян Беларусі ў ЕС праз польскую і літоўскую межы.
Паводле інфармацыі BISS, дзве асноўныя прычыны адмоў ва ўездзе ў ЕС звязаныя з праходжаннем мяжы з несапраўднай візай ці відам на жыхарства, або з адсутнасцю дастатковых грашовых сродкаў для запланаванага знаходжання ў ЕС.
Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што высокая доля адмоў з прычыны недастатковасці фінансавых сродкаў на запланаваны перыяд знаходжання за мяжой з’яўляецца характэрнай менавіта для Беларусі. Беларускія грамадзяне часцей за жыхароў любой іншай краіны сутыкаюцца з адмовамі ва ўездзе ў ЕС па фінансавай прычыне.
Па ўсёй бачнасці, частка выпадкаў з гэтай катэгорыі, нароўні з адсутнасцю дастатковых фінансавых сродкаў, складаюць выпадкі праходжання без сапраўднага медыцынскага поліса, адзначае аналітык.
У той жа час у Беларусі адзначаецца адносна малая доля адмоў з прычыны няздольнасці прад’явіць доказы мэты паездкі і ўмоў знаходжання. З 2006 года лік адмоў беларусам ва ўездзе з гэтай прычыны паменшыўся амаль у пяць раз.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН.
Каментары