Она забеременела от другого, но не смогла с этим жить. Нина и Петро Глебки: любовь народного поэта Беларуси
Нина забеременела от другого, но не смогла с этим жить. Они изменяли один другому и рассказывали об этом друг другу. Но до конца жизни обращались один к другому «родны мой ветрык» и «белая мая сняжынка». Они прожили вместе более сорока лет, на которые пришлись коллективизация, репрессии, война. Пережили его любовниц и ее любовников, ненависть соседей и проклятие семьи, у которой они забрали ребенка. Пишет Анна Северинец.
Падмурак і глеба
Пятро Глебка, сялянскі хлопец з Вялікай Вусы на Уздзеншчыне, пазнаёміўся з карэннай мінчанкай Нінай Бялькевіч у Белпедтэхнікуме.
Пятро быў зоркай: малады, але ўжо знакаміты паэт.
Ніна была звычайнай студэнткай: чорныя вочы, акуратныя косы, модны кажушок і навюткія боцікі.
Ён — летуценны і раздураны закаханымі прыхільніцамі. Яна — спакойная і практычная дзяўчына строгіх правіл.
«Яна такая харошая, што мне часта хочацца рабіць ёй больна», — шчыра запісвае ў дзённік Пятро.
«Мне страшна згубіць майго ветрыка. Я нічога не хачу, няхай ён мучыць, здзекуецца з мяне, але няхай толькі дазволіць мне быць каля яго. Ён жа страшна малы яшчэ і яго трэба глядзець. А хто гэта здолее зрабіць лепш за мяне?» — занатоўвае ў дзённіку Ніна.
Яны абое старанна вядуць дзённікі, пішуць іх акуратнымі літарамі, Ніна нават некалькі разоў перапісвае некаторыя нататкі, папраўляе стылістыку, удакладняе фармулёўкі. Такія дзённікі пішуцца дзеля таго, каб іх нехта чытаў. Напрыклад, каханая жанчына. Ці каханы мужчына.
Потым, калі яны пабраліся шлюбам, панесліся лісты: па два, па тры на дзень. «Пісаў бы табе больш, але страшна трасе і хлопцы высмейваюць», — гэта прызнанне Пятра з трэцяга ліста, напісанага з цягніка, які яшчэ не паспеў даехаць да Харкава.
Не толькі з падарожжаў: нават сыходзячы на заняткі альбо ў бібліятэку, яны пакідалі пяшчотныя цыдулкі са справаздачамі, просьбамі і абавязковымі «буськамі»: «Ніка! Я пайшоў у Дзяржаўную бібліятэку і забаўлюся там, пэўна, да гадзін дзевяці. (Калі толькі яна адчынена да дзевяці.) Ты калі будзеш ісці ў тэхнікум, дык зайдзі паглядзі на свайго Ноніка, а пакуль дай любкі для бусек, і модачку, і ласкі, і носік — я іх зацалую. Ну, бывай — чуць у сантыменталізм не падаўся! Пятрусь». — «Нонік! Зараз я іду ў тэхнікум рабіць прывіўку, а адтуль пойдзем на выступленне ў нашу падшэфную вёску Лошыца (вёрст шэсць). Бывай здароў, мой Нонік-лямчык. Адзін маленечкі бусячык у носік перадай «Нікі Нонікавай Ноніку Нічынаму»».
Нонік — такую мянушку даў Глебку Кузьма Чорны: Глебка надта любіў паспаць, аж да самага абеду, дык Чорны, жартуючы, казаў: «Эх ты, соня-ноня». Ніка — так зваў Ніну толькі Пятро. «Любкі» і «ласкі» з іх лістоў — гэта «губкі» і «вочкі», «лямчык» — мальчык, «модачка» — мордачка. Абое адрасаты шчодра перасыпаюць лісты сваёй уласнай інтымнай мовай.
Ступень шчырасці паміж імі ўражвае. «Перад ад’ездам Нонік атрымаў ліст ад сваёй знаёмай Л. Ж. з Віцебска. Па яго словах, гэта дзяўчына надзвычай прыгожая, але недалёкая. І ўсё ж мяне гэта непакоіць. Хочацца зрабіць так, каб яна ведала, што я ў курсе спраў усяго асабістага жыцця Ноніка, што ён нават кожную маленькую дробязь гаворыць мне. Хочацца крыху пазліць яе. Я ж вялікая злосніца», — піша Ніна ў дзённік. Думаецца, той, дзеля каго яна гэта піша, словы гэтыя абавязкова чытае.
За першыя гады свайго раману яны паспелі зрабіць вялікі запас кахання і даверу, пяшчоты і ласкавых мянушак, уласнай мовы і рытуалаў.
Першыя выпрабаванні
Разам з 1930-мі прыходзіць страх. Яна дае яму парады адносна «Узвышша» і Дома пісьменнікаў, ён пільна сочыць за яе правільным настроем па вострых палітычных пытаннях. І здараецца першая сямейная драма. Ніна, змучаная нясцерпным жаданнем мець дзіця, — Глебка бясплодны, — вырашае зацяжарыць ад іншага.
Здаецца, Пятро спачатку прымае такое рашэнне жонкі, але з цягам часу разумее: не. Не здолее, не прыме дзіця ад іншага. Будзе ўвесь час думаць пра таго, другога. Гутаркі, прызнанні, слёзы, тлумачэнні. Ніна робіць аборт, доўга хварэе. Пятро кідае пісаць, пачынае шмат піць.
Увосень 1936-га Пятро раптам знікае з дому. Нібыта едзе да бацькоў у Вялікую Вусу, літаральна на дзень — і не вяртаецца. Ані лістоў, ані тэлеграм, ані звестак. Праз знаёмых Ніна дазнаецца, што нібыта муж тэлефанаваў Янку Купалу, прасіў выслаць грошай. Чаму не прасіў у яе, чаму не тэлефанаваў ёй? Яе лісты ў Вусу перапоўненыя трывогай, крыўдай, неразуменнем. Адказу няма. Але праз некаторы час з’яўляецца сам Глебка. Ім хапіла некалькіх словаў, каб паразумецца. Ішлі павальныя арышты пісьменнікаў. Па некалькі чалавек за адну ноч. Дзясяткі — і ўсе калегі, знаёмыя, сябры, усе так ці інакш звязаныя з Глебкам. І ў Пятра не вытрымалі нервы. Зараз Ніна ў сваіх лістах будзе клапатліва і метадычна падказваць Пятру, чые прозвішчы выкрасліць з карэктур артыкулаў, якія яна часам прыносіць з выдавецтва.
Вайна і акупацыя
У чэрвені 1941-га Пятро і Ніна выходзяць з палаючага Мінска. З імі — скульптар Андрэй Бембель і ягоная жонка Вольга. Спыняюцца ў маленькай вёсцы: стомленыя жанчыны і дзеці не хочуць ісці далей, але ж мужчынам заставацца небяспечна і яны маюць абавязак камуніста. Вырашана: мужчынам ісці далей, жанчынам — перачакаць тут, усё адно вайна працягнецца ўсяго некалькі месяцаў і можна будзе вярнуцца дахаты.
Так яны апынаюцца па розныя бакі фронту: Пятро дойдзе да Масквы і ўвойдзе ў склад рэдакцый газет «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «За Савецкую Беларусь», Ніна стане супрацоўніцай калабарацыйнага радыё і ў 1944-м выедзе з Мінска разам з немцамі.
Думка пра Ніку неадступна пераследуе Пятра ўсю вайну. Як там яна, што з ёй, ці жывая, ці не здзекуюцца з яе немцы? Потым: як?! Яна?! На гэтым радыё?! Як яна можа чытаць гэтыя словы, як можа прамаўляць супраць той краіны і той улады, якую разам будавалі?! Яшчэ пазней: няўжо ж яна не звязаная з нашымі, няўжо ж не спрабуе змагацца?
На пачатку 1944 года Панцеляймон Панамарэнка, тагачасны кіраўнік КПБ і партызанскага руху, выклікаў да сябе Пятра Глебку. «Ну, што, Пятро… Жонка твая… Ніна… Там, пад немцамі, дачку сабе нажыла». Ён быў вялікі жартаўнік, таварыш Панамарэнка.
А Ніна, сапраўды, нажыла сабе дачку. Маленькую габрэйскую дзяўчынку Лару, дачку Няхамы Жытніцкай, уратавалі ад немінучай смерці ў гета Бембелі, але іх суседзі — «Вы падстаўляеце ўвесь дом, хаваючы тут габрэйку!» — гразілі данесці ў паліцыю. Тады Лару забрала сабе Ніна Глебка. Навучыла называць сябе «мамай». Ніколі не выпускала адну на вуліцу, паўсюд — за руку. Затуляла сабой, калі бачыла нечы пільны погляд. А калі ў Мінск прыехаў генерал-камісар Вільгельм Кубэ, «легалізавала» сваю Лару самым нечаканым чынам. Рыхтавалася ўрачыстая сустрэча Кубэ, у колах беларусаў, што супрацоўнічалі з новай уладай, шукалі прыгожую дзяўчынку — апрануць у беларускі строй, даць у рукі букет кветак, прывітаць генерал-камісара «Беларутэніі». Не ўсе хацелі такой ролі для сваёй дачкі. «Вазьміце маю Лару», — папрасіла Ніна. Вялікі фотаздымак, на якім Лара ўручае кветкі Кубэ, вісеў усю вайну ў доме, дзе жылі Ніна, Лара і старыя Бялькевічы. Паліцаі зойдуць, пабачаць — і на выхад.
З 1943 года праз сувязных з Нінай усталявалі сувязь партызаны атрада маёра Сцяпана Казанцава. Падступаліся да яе асцярожна: усё ж супрацоўніца нямецкага радыё. Але ўжо былі наладжаныя сувязі з яе стрыечным братам Мікалаем Качарэўскім, які ўдзельнічаў у працы падпольнай групы на Мінскай чыгунцы, працавала яўка на кватэры Нінінага дзядзькі Мірона ў Забалоцці, дый сама Ніна — жонка Пятра Глебкі, ардэнаноснага беларускага паэта. Павінна быць «нашай».
Праз Ніну Глебку атрад Казанцава атрымаў пішучую машынку, яна арганізавала перадачу медыкаментаў і бінтоў, у доме на Старой Мацвееўскай перахоўвалі лістоўкі і зброю — партрэт Лары на руках Кубэ ратаваў. Напрыканцы 1943-га праз Казанцава Ніне ўдалося перадаць ліст да Пятра — трымаючы яго ў руках, і жартаваў са збялелага Глебкі Панамарэнка.
З надзеяй і без
Вайна не адмяняе пачуццяў. Людзі і пад кулямі кахаюць, спадзяюцца, сыходзяць і вяртаюцца.
Ніна сама потым раскажа Пятру (а яшчэ раней за яе раскажуць добрыя людзі), як хадзіў да яе пад вокны прыгожы доктар Барыс Гузарэвіч. Бацькі гналі яго, каб не сароміў дачкі, але ён прыходзіў зноў. І Ніна… збягала на прагулкі з ім. У 1943 годзе СД арыштавала групу медработнікаў, праз якіх сыходзілі «ў лес» медыкаменты. Узялі і Гузарэвіча. У ноч пасля арышту, не чакаючы першых допытаў, доктар расціснуў зубамі ампулу з атрутай, якую трымаў за шчакой.
Раскажа і Пятро Ніне. У 1942 годзе да іх у рэдакцыю накіравалі дзвюх дзяўчат, Лену і Лілю. Рэдакцыя тады стаяла ў падмаскоўным Калбасіне, побач — вайна, баі, смерць і невядомасць, а ў Калбасіне — лета, цішыня, рака і сонца. Зразумела, што пад гэтым сонцам успыхнулі два раманы: Ліліна сэрца скарыў малады прыгажун Пімен Панчанка, Лена Межыгурская закахалася ў Пятра. Гэта было няпростае каханне: адчуўшы спагаду і разуменне неабыякавага чалавека, адказаўшы на шчырыя пачуцці, Пятро даў волю свайму сапраўднаму болю. Ён бясконца гаварыў з Ленай пра Ніну. Праз некалькі месяцаў, калі сярод супрацоўнікаў рэдакцый шукалі добраахвотнікаў пераправіць цераз лінію фронту паходную друкарню, Лена і Ліля прынялі рашэнне ісці ў акупаваны Мінск. Ліля — бо прыгожы каханак нічога ёй не абяцаў. Лена — бо каханы чалавек пакутаваў. Яна абяцала яму даведацца пра Ніну. Але абяцанне сваё Лена Межыгурская не выканала. Пры пераходзе лініі фронту абедзве дзяўчыны зніклі без вестак.
З Мінска ў Берлін, з Берліна ў Мінск
А цяпер проста паспрабуем уявіць сабе.
1944 год, ліпень. Мінск толькі-толькі вызвалены. Пятро Глебка імчыць у горад на папутцы.
«Сэрца аж не ўрымсціцца: а як жа дом, а як жа нашы, ці жывыя хаця? Дзесьці цепліцца харошая надзея. Гаспадары машыны, на якой мы прыехалі, возяць нас па горадзе, шукаючы сваіх прыстанкаў. Мы не можам ад іх адлучыцца, бо на машыне нашы досыць цяжкія чамаданы. Нарэшце мы з Броўкам не вытрымалі і, пакінуўшы рэчы на догляд Пестрака, рушылі на Розу Люксембург. Набліжаемся да пераезду, дом наш, відаць, стаіць цэлы. Зараз убачу яе, каторую не бачыў тры гады, але насіў заўсёды ў сэрцы. Памятаю, што мне тады прыйшла бязглуздая думка: пайсці з ёю зараз жа ў горад, па свежых слядах яго мук і барацьбы; яна мне пакажа, як мой горад пакутаваў і змагаўся, пакажа месцы, дзе паміралі і біліся насмерць за свой гонар, за свабоду, за наша шчасце. Адчыняю брамку. На двары — нікога. Уваходзім на веранду. З крыкам і плачам кідаецца маці. Я чакаю, што зараз выбежыць Ніна. Яе няма. Пэўна, ад усхваляванасці не можа і ступіць. Бедная! Кідаюся ў хату. Бацька. — А дзе ж Ніна? Следам з плачам уваходзіць маці: — Ніна выехала ў Германію. — Мяне як громам ударыла. Я, акамянелы, апусціўся на крэсла. Праз нейкі час я запытаўся: — Што яна мне пакінула — пісьмо, запіску, сказала што-небудзь перадаць? — Не. — Я адчуў, што здарылася нешта незразумелае і страшнае. Пайшлі дні».
Глебку не адразу паведамяць, што Ніна з’ехала па загадзе партызанскага штаба. Якія задачы перад ёй ставілі — пра гэта ў дзённіках нідзе ні слова.
А добрыя людзі — суседзі, знаёмыя — ад усяго сэрца дапамагалі. Расказалі, як з немцамі гуляла, і з Гузарэвічам, і цукеркі ела, і габрэйскую дзяўчынку адкрыта выхоўвала, і нічога ёй не было…
Але быў запас бязмежнага даверу, усёдаравальнага кахання.
Глебка адшуквае Ніну ў Берліне — дапамаглі знаёмыя франтавыя карэспандэнты. Ніна адразу ж адказвае. Панамарэнка абяцае выслаць у Берлін свой самалёт, каб забраць Ніну з Ларысай, і самалёт ляціць, але ж Ніна не вяртаецца. Глебка просіць: выбірайся сама. Яна адмаўляецца: то сама захварэла, то Лара. Мусіць, яна наўмысна цягнула час, бо не была ўпэўненая, што яе чакае. Ніякіх доказаў сваёй супрацы з партызанамі на руках не было. Таму яна, каб перастрахавацца, выключыць арышт, прасіла «Ноніка», каб ён асабіста прыехаў і забраў.
Нарэшце Ніну і Лару па тэлеграме («По распоряжению тов. Пономаренко отправьте в Минск жену писателя Глебко — Глебко Нину Илларионовну с дочерью, находящейся в Берлине по улице Грайфсвальдерштрассе, 33а») забірае чарговы вайсковы самалёт на Мінск.
«Я стала плакаць»
А ў 1947 годзе ў Мінск вяртаецца мастак Марк Жытніцкі — родны бацька Лары. Ён быў арыштаваны ў 1937-м і асуджаны да 10 год лагера за трацкізм (у студэнцтве трапіў на нейкі мітынг, дзе выступаў Троцкі). Акрамя Лары, роднай дачушкі, якую люляў ва ўспамінах усе дзесяць лагерных гадоў, нікога ў яго не было: Няхама, маці Лары, загінула ў гета.
Амаль адразу Жытніцкі прыйшоў да Глебкі: дзякуй за ўсё, я прыйшоў забраць дачку. А той не аддаў.
Паміж імі адбылася няпростая гутарка: маўляў, давай глядзець цвяроза. Дзе Лары будзе лепш? На табе лагернае надзета, ані дома, ані працы. А я вядомы паэт, ардэнаносец. Марк Жытніцкі не адступаўся. Ажаніўся з сястрою былой жонкі — каб была сям’я. Адбудаваў хату, каб быў у Лары дом. Хадзіў да дачкі — угаворваць. Тая не пагадзілася. Пазней успамінала: «Бацьку свайго роднага ў дзяцінстве я амаль не памятала. Бачыла яго ў свядомым узросце толькі аднойчы — мы з мамай ездзілі да яго, здаецца, маме ўдалося дабіцца спаткання. Я памятаю, як у 1945 годзе па мяне прыйшла мама маёй роднай мамы. Вайна скончылася. Я гуляла дома. У вароты пачалі так гучна стукаць. Я пабегла адчыняць. І вось адчыняю — а на мяне нешта такое вялізнае валіцца, я не пабачыла, ні хто, ні што, зверху навалілася, абдымае і шэпча: «Ты не беларуска, ты яўрэйка, зараз жа ідзём адсюль!» Як я спалохалася! Для мяне за вайну слова «яўрэйка» было такім страшным! Мяне ад гета ўратавалі, мама мая ў гестапа загінула… Я стала плакаць, вырывацца. Бо можна было неяк зрабіць гэта па-людску… Так, Глебкі мяне не аддалі. А як яны маглі гвалтам аддаць мяне? Я баялася».
Наша апошняя святыня
Далей было прасцейшае жыццё. Цяпер у лістах Ніна просіць Ноніка прывезці з замежных паездак для дачкі беленькія панчошкі ці сукенкі, потым — касцюмчыкі для ўнукаў. Улетку адпачываюць на дачы. Узімку — акадэмічныя абавязкі дырэктара Інстытута этнаграфіі і няспынны хатні клопат Ніны Іларыёнаўны.
Цяпер, нарэшце, яны могуць дазволіць сабе і звычайныя сямейныя непаразуменні. Як заўсёды, і ў гэтых выпадках яны пішуць адно аднаму сумныя, роспачныя альбо выбачальныя лісты.
«Ніка! Мы стаялі з табою сягоння над магілаю, куды мы ўсе памаленьку прыйдзем. І шлях туды застаўся ў нас не такі ўжо доўгі. Добрая палавіна пройдзена, ужо добра ці дрэнна, але пройдзена. З гэтай палавіны мы палавіну ішлі разам (хутка 20 год, як мы тупаем туды, і ўсё разам). Я не ведаю.
Магу толькі сказаць, што мне бывае душна… Не ад таго, што высока падымацца, а ад таго, што вялікі цяжар я нясу, і нясу яго адзін.
Мы ўжо ў такім веку, што ні ты, ні я не пераробім ні сваіх характараў, ні зменім сваіх прынцыпаў. Ты гаворыш, што нават Лару нельга пераламаць. А мяне, а цябе? Тым больш! Дык навошта ламаць? Ёсць сонца пад блакітным небам. Яно акрые нас усіх і сагрэе. Будзьце такімі шчаслівымі, як я вам таго жадаю. Помніце аба мне, але не таіце злосці і крыўды. Магчыма, што мы ўсе толькі ашчэпкі нашай неўраўнаважанай эпохі. Дык навошта ж крыўда і гнеў? Будзем сумленнымі і пастараемся зрабіць усё для шчасця другога. Усё, абы мне толькі не гаварылі, што ўтапталі ў гразь нашу апошнюю святыню — шчырае жаданне радасці другому. Мы не ведаем, дзе гэта радасць ляжыць, і шукаем яе на розных сцежках. Пойдзем жа кожны тою, якая яму здаецца найбольш прыдатнай. А ідучы, не забудземся безупынна жадаць адно аднаму шчасця. Нонік».
***
У дзённіку Ніны ёсць такі запіс: «Нашы дачыненні адзін да аднаго, якія на першы погляд здаюцца добрымі і шчаслівымі, — усё ж у сваёй аснове маюць надзвычай вялікую трагедыю. У нас няма дзяцей. Яго юнацтва было бурным, і чалавек не здолеў зберагчы сябе. Першыя гады нашага сумеснага жыцця праходзілі весела і радасна, але з кожным годам адчуванне незадаволенасці жыццём усё больш і больш узрастала. Прага мець дзіця, сваё ўласнае дзіця — маленькую бездапаможную істоту, якую потым выхаваць у вялікага і моцнага змагара, прывяла да таго, што я пачала жыць з чалавекам, які не выклікаў у мяне зусім ніякіх пачуццяў прыхільнасці».
Комментарии