«У новай Беларусі чорных спісаў не будзе: хочаш збіраць Мінск-Арэну — калі ласка». Вялікая гутарка з Маргарытай Ляўчук
Гарэзлівая оперная зорка Маргарыта Ляўчук нарабіла шуму ў беларускай «класічнай» прасторы: сышла з Вялікага тэатра, стала выступаць у падтрымку пратэсту, з’ехала спяваць у літоўскай оперы, раскрыла «ўнутрачок» пра Вялікі і праўладныя канцэрты, нарэшце, па запрашэнні Паўла Латушкі ўвайшла ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Цяпер яна са сваёй камандай працуе над выглядам сферы культуры ў новай Беларусі, а пакуль Беларусь яшчэ старая, жыве ў Вільні. Мы пагаварылі з Маргарытай пра рэакцыю суседзяў на хатнія рэпетыцыі, узровень беларускай оперы, сорам за калег, працу ў НАУ і ў які калядны цуд яна верыць.
Фота Алега Цімахаўца з архіва гераіні
— Нядаўна выйшаў кліп на песню «LITO» з вашым удзелам, паводле якога, можна меркаваць, родная зямля дае сілу. Ці не згубілі вы сваю сілу па-за межамі радзімы?
— Не, канечне, тым больш тут пахаваны Каліноўскі, але мы толькі і думаем, што пра радзіму і каб туды вярнуцца. Я ўжо нешта сумую. У мяне цесная сувязь з продкамі, я хаджу да іх на могілкі — калі з’язджала ў Вільню, якраз схадзіла, паразмаўляла і папрасіла даць нам моцы. Зараз у мяне адчуванне, што трэба вяртацца, таму мы робім усё магчымае, каб перамагчы.
— Што зараз — у час пандэміі, лакдаўнаў і абмежаванняў — адбываецца ў оперы? Ці ідзе праца над новымі праектамі?
— Што тычыцца оперы ў Вільні, тут усё зачынена, і пагаворваюць, будзе зачынена да сакавіка. Усе сядзяць дома, у каго ёсць фартэпіяна, займаюцца — у мяне ёсць піянінка на айпадзе. 27 снежня блізу Варшавы ў нас плануецца канцэрт. Выступіць мяне запрасіў сам князь Мацей Радзівіл, яны вельмі з намі салідарныя. Гэта будзе канцэрт, падобны да #ЖывеБеларусь, які мы рабілі ў Вільні, толькі з крыху змененай праграмай. Думаем цяпер, як прыехаць у Польшчу і вярнуцца назад, бо ў Літве цяпер нават у госці нельга хадзіць.
— Дома, пакуль няма рэпетыцый у тэатры, вы займаецеся кожны дзень?
— Не, я такая лянівая! Зараз буду займацца кожны дзень, бо маю канцэрт і трэба быць у форме, а калі выступаў няма, увогуле магу не спяваць.
— Калі спяваеце, суседзі не стукаюць вам па трубах?
— Такое было ў Мінску, сапраўды стукалі, а потым я пераехала, пачала займацца і сяджу чакаю: «Так, ну давайце», — і хтосьці пачаў пляскаць у далоні. А ў Вільні — ніхто нічога. Я запыталася ў гаспадара кватэры, ці можна тут займацца, і ён сказаў: «Суседзі будуць толькі радыя, што ў іх доме жыве такая зорка».
— Пісалі, што пяць хвілін вашага спявання каштуюць тысячу еўра. Ці змяніліся кошты ў оперных спевакоў праз пандэмічны крызіс?
— Гэта сума была названая ў дачыненні да карпаратываў, а ў тэатрах ці на канцэртах па-рознаму, я магу і бясплатна выступаць. Апошнім часам, калі яшчэ былі карпаратывы, некаторыя казалі: «Давайце трошачкі ніжэй, вы ж разумееце, у нас тут…» — і мы, канешне, разумелі, адэкватныя ж людзі. Я не буду казаць: «Усё, дзесяць тысяч даляраў, ні больш ні менш». А зараз ведаеце, якая мода пайшла ў беларусаў, — на віншаванні. Нядаўна мяне папрасілі запісаць відэа са словамі падтрымкі і гонару для сябра, які хутка павінен выйсці з сутак, — я, канешне, згадзілася і не буду браць за гэта грошы. У тэатры ганарары не змяніліся, умовы таксама. Я чакала, што на рэпетыцыях у Вільні мы будзем трымацца дыстанцыі — ніякай дыстанцыі не было, і я думала: «Можа, у цябе каранавірус, а ты мне проста ў твар спяваеш, божачкі, каб толькі не захварэць». На шчасце, тады я не захварэла, а захварэла пазней.
— Вы некалькі гадоў працавалі ў нашым Вялікім тэатры і адначасова выступалі ў іншых краінах. Які, на ваш погляд, узровень беларускай оперы?
— Па праўдзе, так? Што тут сказаць, у нас савецкая сістэма: тут усё вырашаюць зам-замы-замаў, якіх я нават не ведала, а спявак ні на што не ўплывае — ён раб, падпісаў кантракт — і ўсё, павінен усіх слухацца. За дзень да прэм’еры ты не ведаеш, у якія дні спявае твой склад, а ў іншых краінах падпісваеш кантракт і адразу разумееш графік. Таму, калі я працавала ў Вялікім, было складана нешта планаваць, бо мне маглі сказаць: «Заўтра рэпетыцыя, а паслязаўтра ты выступаеш». Я кажу: «Я не магу выступаць у гэты дзень». — «Як ты не можаш, мы цябе звольнім». — «Ну звальняйце». Пра такія рэчы можна за месяц паведаміць ці за паўгода — з замежнымі пляцоўкамі ў мяне было ўсё дзень у дзень распісана да лютага. Оперныя спевакі падпісваюць кантракты, разлічаныя на пяць гадоў. Аднойчы праз гэта ў нас быў велічэзны скандал: Жагарс тады ставіў у Вялікім «Травіяту», а мне трэба было ехаць на кастынг праекта «Вялікая опера» ў Маскву. Мне паставілі рэпетыцыі два дні запар, а калі перад самым кастынгам у мяне ўжо не было голасу, сказалі яшчэ і пець на здачы. Але мой голас — гэта мой голас, і я павінна яго берагчы. Мне шкада ўсіх нашых салістаў, яны рэальна рабы, асабліва цяпер. Я ўсё чакаю, калі яны стануць такімі ж, як купалаўцы.
— Напэўна, ужо не стануць.
— Зразумела, чаму не. У нас адзін оперны тэатр на ўсю Беларусь — куды б яны ўсе пайшлі, тым больш палова з іх жыве ў арэндных кватэрах. Але мы ведаем, што выйсце ёсць заўсёды, асабліва цяпер, калі ў нас пануе салідарнасць, — думаю, усім бы кватэры знайшліся. Калі б усе — і балетныя, і оперныя — забаставалі, каго б набралі ў Вялікі? Ён бы пуставаў, і так кожны тэатр станавіўся б пустым, і мы б перамаглі хутчэй. У Вялікім выказваліся, але гэта мізер, а цяпер там нават забаронена выносіць на сцэну бела-чырвоныя букеты.
— Мы казалі пра арганізацыю працэсу, а як беларуская опера паводле якасці?
— Аркестр вельмі круты, а добрых салістаў я магу пералічыць на пальцах і аднаго з іх ужо звольнілі. Усе малайцы, працуюць, як могуць, я ўсіх люблю, але з якасцю ў нас дрэнна, бо трэба не сядзець у адным тэатры і раз на год хадзіць на майстар-класы, а ўвесь час развівацца і прыслухоўвацца да крытыкі. Калі сказаць ім пра дрэнную італьянскую, яны нічога з гэтым не будуць рабіць, а так і працягнуць спяваць. Французы прыходзяць у нашу оперу і кажуць: «Гэта жах, гэта смех, што вы спяваеце». Так ніколі не выйсці ні на які ўзровень, мне сорамна за нашых салістаў. Аднойчы нават было няёмка выходзіць на паклон, бо я тады зрабіла вялікую працу — гэта было норм, я магла б на ўзроўні спець у Італіі, а за калег было сорамна. А я хачу працаваць так, каб усімі ганарыцца.
— Якія былі тыя ўмовы, што вы прыйшлі абмеркаваць з Елізар’евым перад сваім звальненнем?
— Я паўгода хадзіла да дырэктара і замаў. Яны ўсе казалі: «Мы ўсё разумеем, давайце тры месяца пачакаем», — як яны ўмеюць, ім абы ты маўчаў і з усім згаджаўся. Я казала, што мне не падабаюцца ўмовы. Аднойчы мне на картку прыйшло 9,99 рубля, гэта быў аванс. Я падумала, што ў нас за зніжкі на заробкі, маглі б ужо проста нуль даслаць. Таксама хацела дамовіцца ставіць спектаклі ў мае вольныя даты. Ім, канешне, такое не спадабалася, маўляў, «у сэнсе, ты будзеш ставіць сабе даты — будзеш спяваць, калі мы скажам». З Пятровічам (дырэктар Вялікага — НН.) мы нармальна пагаварылі, ён тады толькі прыйшоў у тэатр і такі: «Я нават не разумею, што адбываецца, нейкая сістэма балаў, не магу дапамагчы, бо зашываюся». У выніку я пайшла да Елізар’ева і думала, будзе адэкватны дыялог, але як можна салістцы сказаць «ты ніхто»? Як ты можаш такое сказаць, калі ты мяне нават не пазнаў? Ну адкрый Вікіпедыю і пачытай, калі не ведаеш, хто перад табой. Ён у мяне запытаўся: «Чаму за паўтара года, што я з’яўляюся мастацкім кіраўніком тэатра, вы ні разу да мяне не прыйшлі?» Я сказала, што не было на каго даносіць. Ведаю, што дзве салісткі даносілі на мяне, ім не падабалася, што я спяваю з такім і такім тэнарам, а яны з ім не спяваюць, і што я выбіраю сабе тэнара. Калі я зайшла да Елізар’ева, сказала, што не хачу сыходзіць, хачу працаваць і несці оперу ў масы, у мяне гэта атрымліваецца, і прапанавала шмат варыянтаў супрацы. А ён сказаў: «Вы ніхто».
— Пры якіх умовах вы б вярнуліся ў Вялікі?
— Калі б адтуль звольніліся ўсе зам-замы і вярнуліся тыя, каго звольнілі за іх пазіцыю.
— Вы цяпер у НАУ адказваеце за культуру. Хто тыя эксперты, якія працуюць з вамі?
— Гэта трынаццаць чалавек, якія адказваюць за розныя сферы, — мы іх не публічым, бо некаторыя знаходзяцца ў Беларусі, але як толькі можна будзе, мы іх назавём. Штаб НАУ знаходзіцца ў Варшаве, яны там працуюць з раніцы да ночы, а я тут, у Вільні, таму камунікую з усімі праз зум і ў чатах — мы заўсёды на сувязі. Не магу сказаць, што ў нас шасцігадзінны працоўны дзень — такога няма, мы можам і ў тры ночы нешта рабіць.
— Што ў вас цяпер на парадку дня?
— Мы запісалі першы відэазварот і працуем над разгорнутым дакументам, дзе па пунктах распісана, што трэба зрабіць зараз і што мы будзем рабіць, калі адляціць самалёт, — гэта будзе апублікавана ў найбліжэйшыя дні. Вялікі дзякуй Паўлу Паўлавічу за тое, што ён таксама працуе з намі і вельмі нам дапамагае. Увогуле, ён малайчына.
— Ну напрыклад, якія будучыя рэформы сферы культуры вы прапануеце?
— Асабіста я б вельмі хацела, каб змяніліся кадры. Нам патрэбны крэатыўныя менеджары, піяршчыкі, маладыя кіраўнікі — не з Акадэміі пры прэзідэнце, хаця там таксама могуць быць крэатыўныя «рабяткі». Мы адменім чорныя спісы, створым умовы для фондаў і спонсарскіх праграм. Карацей, бабкі — у культуру, а не на АМАП і ваенных, гэтыя артыкулы выдаткаў можна проста памяняць месцамі. Адзін чалавек у нас ніколі не хадзіў ні ў якія тэатры, таму «што там, культура? Пачакае, мне трэба карміць сваіх сабак».
— А «Славянскі базар» жа такое ўлюбёнае мерапрыемства.
— Дарэчы, вельмі цікава, што будзе са «Славянскім базарам», калі мы пераможам. Можа, варта зрабіць з яго пару дзён канцэртаў былых праўладных спевакоў.
— У нашых сённяшніх варунках для якіх артыстаў створаны найлепшыя ўмовы?
— Заўсёды так было: найлепшыя ўмовы для тых, хто благаслаўлёны зверху званнямі, узнагародамі, прыбаўкамі да заробку. «Ябацькавы» артысты, канешне, у шакаладзе. Але так ці інакш кожны з іх ужо думае: «Ой, мамачкі, калі рэжым Лукашэнкі абрынецца, што мы будзем рабіць?» — і ім вельмі-вельмі страшна. Пакуль не позна, яны яшчэ могуць нешта змяніць, хаця я думаю, ужо позна, і яны самі разумеюць, што Тытанік тоне, яны ж не дурныя. Не ведаю, як яны з гэтым жывуць.
— Я думала, вы адразу назавяце эстраду.
— Якая ў нас эстрада — ніякая, бо няма належнай інфраструктуры. Тое, што паказваюць па тэлебачанні, — гэта жах. Усе класныя музыкі альбо забаронены, альбо з’ехалі, у нашай краіне нічога немагчыма зрабіць, бо душаць і ціснуць.
— Як думаеце, ці будзе на кар’еру артыста ў новай Беларусі ўплываць іміджавы складнік, маўляў, як чалавек павёў сябе ў гэтыя месяцы?
— Беларусы ўжо вырашылі, што будуць толькі з годнымі артыстамі. У нас новыя героі, новыя класныя імёны, а што мы будзем рабіць з «ябацькамі», не ведаю. Я не пайду на іх канцэрты. Я ўжо адмовілася ад супрацы з адным гуртом, які выступаў на Бангалоры, калі там не далі правесці мітынг Святланы Ціханоўскай. Яны добрыя людзі, але падтрымліваюць рэжым, таму я не хачу з імі працаваць. Так ці інакш у новай Беларусі чорных спісаў не будзе, усё будзе «па-чэснаму»: хочаш збіраць Мінск-Арэну — калі ласка. І паглядзім, колькі людзей прыйдуць без загонаў прафсаюзаў.
— Да вас у НАУ звяртаюцца тыя, хто цяпер хоча перабегчы?
— У іншых галінах такое ёсць, а ў культуры няма. Мне хіба пісалі некаторыя музыкі, што працуюць у дзяржаўных установах, маўляў, больш не магу тут быць — з’язджаю, што ты можаш параіць. Я скідваю кантакты, да каго можна звярнуцца, і кажу, малайчына, дзякуй, што не працуеш на дзяржаву. Але каб сёння мы даведаліся, што Вікторыя Алешка, Уладзімір Громаў ці Настасся Масквіна паказалі знак вікторыі пасля выступу, такога няма.
— А вам не прылятала прэтэнзія, што вы, маўляў, працавалі ў дзяржаўным тэатры, а пайшлі супраць дзяржавы?
— Такога не было. Толькі адзін са сваякоў мне сказаў: «Ён жа табе прэмію даў, а ты з бчб ходзіш». Ён мне прэмію даў.
— Па вашых інтэрв’ю бачна, што вы трымаецеся пазітыву. Ці захоўваецца ён у вас у апошнія месяцы і па-за камерай?
— Больш-менш, я такі чалавек, што толькі праз пазітыў і жыву. Інакш пасля такіх падзей можна было ўпасці ў каласальную дэпрэсію, нічога не рабіць і толькі чакаць, калі прыйдзе перамога. Я думаю, што з пазітывам, усмешкай і высока паднятай галавой мы пераможам.
— Мы размаўляем напярэдадні Калядаў. Ці верыце вы ў калядны цуд?
— Я кожны дзень у яго веру і думаю: можа, ужо заўтра гэты цуд? Вядома, веру: усе дарослыя як дзеці. Праўда, зараз верыш толькі ў адзін цуд. Мне падабаецца таксама, што цяпер, калі годны беларус святкуе дзень народзінаў, усе ведаюць, што ён загадвае, калі задзімае свечкі.
— Ці будзеце вы глядзець навагодняе віншаванне Лукашэнкі?
— Спадзяюся, ён да Новага года ўжо зляціць, але так ці інакш я буду глядзець Святлану Ціханоўскую, а ўжо потым па прыколе пагляджу, што сказаў ён. «НАТА, Амерыка, польскія, літоўскія, чэшскія лялькаводы хочуць, а мы не аддамо», потым гімн і песня «Любимую не отдают».
— Якія ў вас планы на святы?
— Тут лакдаўн, таму мы не ведаем, дзе хто з кім будзе. Але магчыма, мы крыху парушым парадкі: у нас жа рэвалюцыя — нам можна.
Каментары