«Хтосьці за ёй стаіць». Чаму чыноўнікі слухаюцца Бондараву

Заканадаўства абавязвае чыноўнікаў рэагаваць на ўсе звароты грамадзян. Але на «зважай» яны ўстаюць толькі ў выпадку з прарасійскай актывісткай Вольгай Бондаравай. Чаму?

23.10.2023 / 20:41

«Страшна не толькі простым людзям»

Пра актыўнасць Вольгі Бондаравай загаварылі ў 2020-м. Яна атакуе ўсё беларускае, а таксама тое, што сама вызначае «заходнім» і «дэструктыўным». Ёй ёсць справа да таго, як хтосьці стрыжэцца, адзяваецца, якую рэкламу здымае.

Былы супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама, а цяпер намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан лічыць, што чыноўнікам прасцей зрабіць так, як просіць Бондарава, бо яны разумеюць: калі яна піша, то ёй дазваляюць і хтосьці за ёй стаіць.

«Ніхто з чыноўнікаў не наважыцца адмахнуцца ад звароту «галоўнай даносчыцы Беларусі». Ёй дадзеная магчымасць уплываць на службоўцаў не топавага ўзроўню. Ёсць тыя, якіх яна можа атакаваць, а ёсць — каго пакуль асцерагаецца.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч перакананы, што за Бондаравай стаяць сілы, звязаныя з КДБ-ФСБ, і яна робіць тое, што ім хочацца.

«У грамадстве вялікі абгрунтаваны страх, які накручваецца рэпрэсіямі, дзяржаўным унутраным тэрорам. Страшна не толькі простым людзям, але і ўладзе. Калі Бондарава агучвае, што хоча зрабіць КДБ-ФСБ, якія з розных прычын не выступаюць публічна, то чыноўнікі разумеюць, хто гэта сказаў насамрэч, таму выконваюць адразу», — разважае палітык.

Арцём Брухан кажа, што ў службоўцаў ідэалагічнай вертыкалі ёсць рэкамендацыі, як абыходзіцца са скаргамі тыпу тых, што піша Бондарава. З імі працуюць ідэолагі ці намеснікі старшынь выканкамаў, якія курыруюць сацыяльную работу.

Вольга Бондарава (справа) на праўладным мітынгу. Фота: БелТА

Аляксандр Мілінкевіч звяртае ўвагу, што выконваюцца рашэнні па скаргах Бондаравай цішком. Так было з помнікам Ларысе Геніюш, які стаяў на царкоўным падворку ў Зэльве, ды з памятным знакам паўстанцам Каліноўскага на гродзенскім вакзале.

«Увечары дошка на вакзале вісела — прыгожая, з вялікага дубу, у народным стылі — а на раніцу яе няма. І ніхто ва ўладзе не ведае, куды ж яна падзелася», — адзначае пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай.

Хто плаціць заробак Бондаравай

Сумнеўна, каб кіпучую дзейнасць Бондаравай рухаў толькі альтруізм. Яна раз’язджае па краіне, вядзе тэлеграм-канал. На гэта патрабуюцца грошы.

Бондарава, наколькі вядома, беспрацоўная. Непрацяглы час яна рабіла ў прыватнай кампаніі «Чысты свет плюс». Займалася кантрабандай цыгарэт у Польшчу. Там пабывала пад крымінальным пераследам. Год таму Бондарава паступіла ў Педагагічны ўніверсітэт у Мінску.

Бондарава — сябра Камуністычнай партыі Беларусі.

Сёлета ў сакавіку яна выконвала абавязкі сакратара па агульных пытаннях Мінскага гаркама партыі. У адным з выступаў накінулася на Ларысу Геніюш. Неўзабаве помнік пісьменніцы ў Зэльве знік. У красавіку першакурсніцу Бондараву ўзнагародзілі медалём ЦК КПБ.

Арцём Брухан лічыць, што фінансаванне дзейнасці Бондаравай адбываецца праз Кампартыю.

Вользе Бондаравай уручаюць медаль Кампартыі. Фота: сацыяльныя сеткі

Яе допісы ў сетках — гэта справаздача аб выкананай працы. 

Актыўнасць Бондаравай не абмяжоўваецца Гроднам.

«Тое, што яна пачынае пашыраць сваю геаграфію, азначае, што ёю куратары задаволеныя», — дадае Аляксандр Мілінкевіч.

Сетка Бондаравай

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што Бондаравай адведзена роля «пільных грамадзян», якія ў Савецкім Саюзе патрабавалі расправіцца «з ворагамі народа». У беларускіх жа рэаліях масы змізарнелі да «галаска аднаго чалавека».

«Пры Сталіне цэлыя працоўныя калектывы патрабавалі смерці шпіёнам, імперыялістам, Акадэмія навук магла выступіць ці ўніверсітэт, а цяпер у іх слабая падтрымка», — заўважае палітык.

На яго погляд, калі б у Гродне працоўны калектыў змушалі патрабаваць таго, чаго хоча Бондарава (ці тыя, хто за ёй стаіць), то людзі хутчэй бы прамаўчалі, не супраціўляліся, але «ў іх дуду не сталі б дудзець».

Арцём Брухан адзначае, што Бондарава спачатку выступала толькі за Лукашэнку і сілавікоў, а затым яе дзеянні сталі ўсё больш прарасійскімі.

Такія, як Бондарава, сваю задачу бачаць у павелічэнні расійскага ўплыву дзе толькі магчыма і як толькі магчыма, а таксама ў максімальным знішчэнні грамадзянскай супольнасці, якая была свайго роду касцяком беларускай нацыі. 

«Калі прааналізаваць яе тэлеграм-канал, то там бачная сетка прарасійскіх актывістаў, якія заяўляюць, што Беларусь — частка Расіі», — даводзіць Арцём Брухан.

Бондарава шмат зваротаў адрасуе Міністэрству культуры і штораз спрабуе пашыраць свой уплыў на ведамства.

«Міністэрства культуры павінна перабудавацца на цалкам прарасійскі наратыў ды стаць апаратам знішчэння беларускай ідэнтычнасці», — прагназуе разлік прарасійскай актывісткі суразмоўца.

Вольга Бондарава ў гасцях у гродзенскага АМАПа, кастрычнік 2020 года. Фота: сацыяльныя сеткі

Брухан мяркуе, што ў выпадку з іншымі ведамствамі Бондарава скаргамі прамацвае, на каго можа нападаць.

«Вось калі напісала зварот на начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама, то ёй далі троху па руках. Але як далёка Бондаравай дазволяць зайсці, то цікава паназіраць», — заўважае Брухан.

На думку Мілінкевіча, выпадак з пакаяннем Бондаравай сведчыць, што для яе праведзена мяжа ўсёдазволенасці.

«Для яе таксама выстаўленыя чырвоныя сцяжкі», — падкрэслівае ён.

Вольга Бондарава. Фота: сацыяльныя сеткі

Дзейнасць Бондаравай не знайшла шырокай падтрымкі

Арцём Брухан лічыць, што ў Беларусі шырокай падтрымкі бондараўшчына не мае. Такія ініцыятывы падштурхоўваюцца знешнімі сіламі, і толькі шумныя прарасійскія актывісты спрабуюць прадаць беларускаму грамадству, сваім куратарам, што менавіта так і тут думаюць беларусы.

«Тое, з чым прарасійскія актывісты змагаюцца, для большасці беларусаў неактуальная праблема», — кажа Арцём Брухан.

Цікава, што ў супрацьвагу Бондаравай сталі выступаць некаторыя прыхільнікі Лукашэнкі, напрыклад, Святлана Вараніца, намесніца старшыні гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь». Калі Бондарава знайшла сабе новага ворага — кветку васілёк, які чамусьці палічыла «нацысцкім сімвалам», Вараніца патроліла актывістку. У тэлеграм-канале функцыянеркі «Белай Русі» з'явілася фота гродзенскай вулічнай шыльды з іменем паэта Міхася Васілька з лаканічным каментаром:

«Жылі-былі гродзенцы на вуліцы Васілька. І тут прыйшла восень…»

Абсурдныя даносы інфаказачкі яна таксама асуджала:

«І ўсё б добра, але там, дзе культура, стала зʼяўляцца і бескультурʼе. І тут што спам ЦВК і Генпракуратуры ў 2020-м, што заклікі да спаму ў 2023-м, на мой погляд, з таго сегмента, што мне бачны, — сутнасць адна: дробны шантаж і спроба ціску. Нібыта за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Няўжо?!»

Ці транслюе гэтым Вараніца пазіцыю вышэйшых чыноўнікаў, таго ж Караніка ці Караева? Тое пакуль не вядома.

«Свядомасць людзей вызначае не Бондарава, а інтэрнэт, адукацыя, сям’я. Таму мы не прайграем Беларусь», — упэўнены Аляксандр Мілінкевіч. 

 

Глядзіце таксама:

«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы

Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне

Бондарава пайшла ў атаку на міністра адукацыі

На гродзенскім аўтавакзале зніклі галасавыя абвесткі па-беларуску

«Можа, сістэма зламалася». У маладзечанскіх электрычках перасталі абвяшчаць прыпынкі па-беларуску

Бондарава прысвоіла сабе знішчэнне знака ў гонар паўстання 1863 года і хоча замяніць Касцюшку на Сталіна

Васіль Вашчыла