Меладрама «Шчасліўчык» — сталая альтэрнатыва саплівым «Прыцемкам».
ЗША, 2012, каляровы, 101 хв.
Рэжысёр: Скот Гікс
Ролі выконваюць: Зэк Эфран, Тэйлар Шылінг, Бліс Дэнэр, Райлі Томас Сцюарт, Джэй Р.Фергюсан
Жанр: Меладрама паводле раману Нікаласа Спаркса
Адзнака: 4,5 (з 10)
Марскі пехацінец Логан Цібо не падарваўся на міне таму, што падабраў з пылу жаночую фатаграфію. Вярнуўшыся ў Паўночную Караліну Логан вырашае знайсці незнаёмую. Але дзяўчына-выратавальніца яшчэ не здагадваецца пра сваё шчасце.
Фільм Скота Гікса — ветлая барацьба цукру з мёдам. Меладрама, пастаўленая па далёка не геніяльнай кнізе Нікаласа Спарка, згубіла нават намёкі на канфлікты —
і ўяўляе сабой адзін вялізны «посцік пра коцікаў».У якасці «коціка» выступае Зэк Эфран — чуллівы, сумны і закаханы — які й сабачку палашчыць, і дзіця прыгалубіць.
Жаночай удачы Тэйлар Шылінг падыгрывае прырода: чырвонае золата лісцяў, сонца на небасхіле, светлыя промні. А калі гераіне блажыць — прырода лютуе навальніцай і штормам. Пачуцці ўзмацняе шчодрая музыка, якую стваральнікі не зажміндзілі: фільм — меладрама.
Карціна — сталая альтэрнатыва саплівым «Прыцемкам».Гледачам — нішто не замінае выспацца, глядачкам — абрыдацца ад замілавання. Падрыхтуйце насовачкі!
Каментары