Дабратвор перадумаў праводзіць у Варшаве пікет за Канапацкую. І вось чаму
Праводзіць пікет давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты збіралася на вакзале «Варшава-Заходня» разам з «нармальнымі» польскімі партыямі.

Да прэзідэнцкіх выбараў — 2025 засталося некалькі дзён, а Ілля Дабратвор, давераная асоба Ганны Канапацкай, так і не арганізаваў абяцаны пікет у яе падтрымку. Аказваецца, ён перадумаў. Пра прычыны свайго рашэння ён расказаў грамадзянцы Беларусі.
Перадусім гэта пытанне бяспекі. «Ганне Канапацкай паступалі пагрозы ад розных людзей, шмат было негатыўных каментароў — гэта і на маёй старонцы ў фэйсбуку можна заўважыць. Па нашай інфармацыі, на пікеце рыхтаваліся правакацыі ад розных структур. Я не ўпэўнены, што паліцыя зможа гарантаваць бяспеку», — прызнаецца Дабратвор.
Другая прычына, якую ён называе, тое, што на пікетах у Польшчы нібыта нельга распаўсюджваць прадукцыю на беларускай мове, можна, маўляў, толькі на польскай. Праўда, іншыя беларусы, апытаныя «Нашай Нівай», упершыню чуюць пра такую норму.
«Гэта забаронена польскім заканадаўствам, так юрыдычная служба Ганны паведаміла, — настойвае Дабратвор. — На польскай рабіць не будзем, бо Канапацкая кандыдат у прэзідэнты Беларусі. А пікет быў разлічаны на беларусаў, якія ездзяць у Беларусь. Мы хацелі зрабіць яго на вакзале «Варшава-Заходняя».
Дабратвор наракае, што атрымаў шквал негатыву.
«Я б зразумеў, калі б стаў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, але ж не, альтэрнатыўнага кандыдата. Хэйт звязаны з тым, што прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці адчулі канкурэнцыю», — перакананы ён.
Каментары