Спявак быў адным з тых, хто выступаў учора на Кастрычніцкай плошчы. Кажа, што навіны не чытае, а затрыманняў не бачыў.
Праект «БелаРуСь Молодая» па загадзе ўладаў рыхтавала Міністэрства культуры, Тэатар эстрады і БРСМ. Правядзенне акцыі прызначылі на сераду, 29 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы. Якраз на той час, калі там мусілі сабрацца ўдзельнікі маўклівай акцыі пратэсту.Плошчу мусова напоўнілі студэнтамі і распачалі канцэрт. У ім узялі ўдзел Пятро Ялфімаў, Саша Нема, Аляксей Хлястоў, Вольга Плотнікава, Ганна Шаркунова, Герман, Вікторыя Алешка, Анастасія Ціхановіч, гурты «Чук и Гек», «Бай Сити», а таксама «ўдзельнік
Паралельна з сьвяточным канцэртам у цэнтры Мінска адбываўся хапун. Удзельнікаў маўклівай акцыі, якія ўсяго толькі пляскалі ў ладкі, жорстка затрымлівалі супрацоўнікі спецслужбаў, некаторых збівалі, жанчын у тым ліку. Моцна пацярпела з дзясятак журналістаў.
Аляксей Хлястоў у гэты час прадстаўляў прысутным на Кастрычніцкай свае новыя хіты — «Я и ты» і «Незабудка». Спявак кажа, што пагадзіўся на выступ не раздумваючы. Бо заўжды карыстаецца магчымасьцю выйсці на сцэну. Пра тое, што адбывалася наўкол ён не ведаў. «Я артыст і ўсе гэтыя палітычныя моманты не адсочваю. Мая задача, як артыста, як мага максімальна данесці сваю творчасць да людзей», — зазначыў Аляксей у інтэрв’ю «Тузіну Гітоў».
ТГ: А як вы паставіліся да таго, што людзей у гэты час затрымлівалі і збівалі?
— А я не бачыў. Я асабіста, без аховы, ішоў па Плошчы да Палаца рэспублікі з касцюмам. Мяне ніхто не затрымліваў, у міліцэйскую машыну не саджаў. Зайшоў у Палац, перапрануўся, спеў і паехаў на рэпетыцыю. А навінаў я не чытаў. Апошнія паўтары тыдні я ўвесь у рэпетыцыях.
ТГ: Якая вашая рэакцыя на тое, што ў гэты вечар у Мінску затрымалі ля 150 чалавек толькі за тое, што яны апладзіравалі?
— Варта разважаць з гледзішча закону. Калі адвакаты затрыманых змогуць сказаць, што былі парушаныя правы чалавека, значыць наперад. На мой погляд трэба рабіць усё арганізавана і па законе.
ТГ: У вас няма адчування, што вас выкарыстоўваюць?
— Я за творчасць. Вы мусіце мяне зразумець. Мая задача як мага шырэй прадставіць сваю творчасць масам.
Сярод удзельнікаў канцэрту «БелаРуСь Молодая» былі і папулярныя эстрадныя выканаўцы Ганна Шаркунова і Герман (Дзьмітры Карпінчык). Прадусар выканаўцаў Уладзімер Кубышкін кажа, што разумеў тое, што ў гэты ж час будзе маўклівая акцыя. І канцэрт зусім невыпадкова супаў з акцыяй. Але парабіць нічога не мог і выпусціў сваіх падначаленых на сцэну. «Мы артысты. Мы не хацелі і не не хацелі там выступаць. Нам патэлефанавалі і сказалі там быць, і мы там былі. Зрабілі бы інакш — выпалі бы з соцыуму і сышлі бы ў андэграўнд. А дазволіць такога сабе мы не можам». Прадусар упэўнены, што асабістая пазыцыя яго і артыстаў у дадзеным выпадку нічога не вырашае.
«Артыст мусіць спяваць і вінаваціць яго ў нечым нельга. З такім жа поспехам можна вінаваціць кухара, які працуе ў сталоўцы МУС».
Пра тое, што адбывалася паралельна з выступам Шаркуновай і Германа Уладзімер ведае. «Гэта вельмі кепска. Я нармальны чалавек і ведаю, што такое добра і што такое кепска».
Каментары