Меркаванні4545

Ці могуць дэмакратычныя сілы вызваліць палітвязняў праз сваю дыскрэдытацыю? Гэта ілюзія

Сітуацыя, у якой знаходзяцца беларускія палітвязні, найбольш блізкая альбо да становішча ваеннапалонных у краінах, якія не выконваюць ваенных і гуманітарных канвенцый (Расія), альбо да становішча закладнікаў тэрарыстычнай арганізацыі (ХАМАС). Што выкарыстоўваюць для вызвалення сваіх грамадзян у такіх сітуацыях краіны, па якіх вядомыя паспяховыя кейсы, і што трэба рабіць у беларускай сітуацыі, разважае ў фэйсбуку юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Фота ілюстрацыйнае

Краіны, па якіх вядомыя паспяховыя кейсы — гэта ЗША, Украіна, Ізраіль.

ЗША ў поўнай меры выкарыстоўваюць дыпламатычны ціск. Уводзяць санкцыі і прымяняюць адказнасць за іх парушэнне.

Для таго, каб мець магчымасць прымяняць падобны інструмент, ЗША валодае адным з найбуйнейшых у свеце рынкаў. Адзінае, што з'яўляецца тым рычагом, які робіць санкцыі дзейснымі — гэта каласальныя страты ад немагчымасці доступу на гэты рынак.

Супастаўнай значнасцю валодае рынак ЕС. І толькі таму санкцыі ЗША і ЕС дзейсныя, у адрозненне ад санкцый РФ і адміністрацыі Лукашэнкі. Санкцыі краін з непрывабнымі рынкамі могуць уплываць толькі на грамадзян гэтых краін, і так уразлівых эканамічна.

Яшчэ ЗША лідзіруюць у наймагутнейшым на сёння вайсковым саюзе. І валодаюць міжнародным уплывам, дастатковым для таго, каб не толькі яны, але і іх саюзнікі ўносілі свой уклад у абмен грамадзян ЗША.

Ізраіль не валодае эканомікай і дыпламатыяй, супастаўнай з ЗША, відавочна з прычыны маштабу. Яны ўжываюць менш вытанчаныя санкцыі — у выглядзе ракетных удараў па лідарах ХАМАС і «Хезбалы», якія арганізавалі масавыя забойствы ізраільцян.

Ізраіль эскалюе ваенныя дзеянні. Ізраіль валодае абменным фондам у выглядзе ваеннапалонных з варожага боку і не баіцца атакаваць, калі праціўнік зацягвае з вызваленнем закладнікаў. Ізраіль валодае міжнароднай падтрымкай, дастатковай для ажыццяўлення падобных рашучых дзеянняў.

Украіна не валодае магчымасцю наносіць ракетныя ўдары ўзроўню Ізраіля, якія знішчаюць лідараў тэрарыстычных груповак.

Аднак Украіна не баіцца наносіць удары па вайсковых аб'ектах і НПЗ на тэрыторыі праціўніка, за кожны з якіх ёй пагражалі ядзернай зброяй. На сёння пагрозы гэтыя выявіліся блефам. А шкода для аэрадромаў і НПЗ праціўніка — рэальная. Да таго ж Украіна валодае абменным фондам ваеннапалонных і выкарыстоўвае яго.

Як бачым, існуе разнастайны арсенал захадаў, якія гістарычна наглядна праявілі сябе дзейснымі для вызвалення закладнікаў і ваеннапалонных.

Але не менш важна разумець пералік захадаў, якія ніколі не прыводзілі да вызвалення закладнікаў.

Мы не бачым гістарычных прыкладаў, калі адмова ад санкцый прыводзіла да вызвалення закладнікаў і ваеннапалонных. Дзярждэп ЗША чамусьці не верыць у гэтую стратэгію. Мы не бачым гістарычных паспяховых кейсаў, калі дыпламатычнае прызнанне вызваляла закладнікаў. Ізраіль гэтага пункту гледжання не прытрымліваецца. Не спяшаецца прызнаваць ХАМАС і «Хезбалу» і ўсталёўваць з імі адносіны. УСУ не спыняюць ваенныя ўдары па тэрыторыі праціўніка, нягледзячы на колькасць ваеннапалонных.

Важнае пытанне: дзеля чаго Лукашэнку наогул трэба выпускаць палітвязняў? Якія ў нас ёсць падставы меркаваць што ён захоча іх выпусціць, калі атрымае жаданае?

Наадварот, існуе нашмат больш падстаў выказаць здагадку, што атрымаўшы ўсё жаданае, сваю частку ён не выканае.

Якая прычына ў яго павінна быць для выканання абяцання? Этыка? Яе там няма. Калі выгада, то якая? Пуціну гэта было трэба для вяртання сваіх шпіёнаў і наёмных забойцаў. Расія выдавала вайскоўцаў УСУ ў абмен на расійскіх жаўнераў. ХАМАС выдаваў закладнікаў дзеля некалькіх дзён перадышкі ад ізраільскіх нападаў.

У Лукашэнкі для выдачы закладнікаў няма рэальных прычын. Няма ні жыццёва важных патрэбаў, ні пагроз, ад якіх выдача закладнікаў можа выратаваць.

Нападаў на яго вайсковыя базы і рэзідэнцыі не ідзе. З важных для яго людзей ніхто не арыштаваны (пакуль). На сёння ў вышуку каля 10 службовых асоб (4 з боку ЗША па справе «Раянэйр» і 6 з боку Польшчы за катаванні ў беларускіх турмах).

Калі паглядзець на баланс рызыкі і выгоды для Лукашэнкі: хіба выгода ад прызнання яго ўлады некалькімі палітыкамі ў выгнанні пераважвае рызыку ад вызвалення тысяч закладнікаў, многія з якіх валодаюць палітычным уплывам?

Масавае вызваленне беларускіх палітыкаў і актывістаў — гэта ўжо экзістэнцыйная пагроза для ўстойлівасці ўлады Лукашэнкі. У параўнанні з такой пагрозай адсутнасць прызнання з боку дэмакратычных сіл наўрад ці можа ствараць цяжкасці таго ж узроўню.

Пры гэтым у адміністрацыі Лукашэнкі безумоўна разумеюць, што наяўнасць у іх закладнікаў — адзін з галоўных рычагоў іх уплыву. Гэтак жа сама ў адміністрацыі Лукашэнкі разумеюць, што для палітычнага знішчэння іх праціўнікаў патрэбная іх максімальная дыскрэдытацыя.

Дыскрэдытаваць тых, хто сядзіць у турме, як бачым, нават для Лукашэнкі вельмі складана — з некалькіх тысяч палітвязняў толькі адзінкі пайшлі на супрацоўніцтва з ім. Але як можа адміністрацыя Лукашэнкі дыскрэдытаваць палітычных апанентаў на волі?

Для гэтага яна праз зручныя каналы прасоўвае канспіралагічны наратыў. Як быццам адзінае, што перашкаджае выхаду на волю закладнікаў — гэта не жорсткае асабістае рашэнне Лукашэнкі, а ўсяго толькі «нязгодлівасць дэмакратычных палітыкаў».

У якасці падобных каналаў могуць выступаць сваякі палітвязняў, якія будуць выкарыстаныя без ведання пра рэальныя матывы «знаёмых ліберальных добразычліўцаў са спецслужбаў», і таму максімальна шчырыя ў імкненні паўплываць на сітуацыю. Акрамя таго, гэта могуць быць людзі, якія добрасумленна памыляюцца адносна матываў і наступстваў прасоўвання такой канспіралогіі. Сярод каналаў, зразумела, таксама будуць агенты ўплыву, папулісты, сітуацыйныя саюзнікі.

Праз гэтыя каналы ў публічную прастору і па асабістых кантактах укідваецца ідэя, што для вызвалення палітвязняў неабходна ўсяго толькі прызнаць уладу Лукашэнкі і папрасіць аб памілаванні.

Далейшыя дзеянні могуць ісці па двух трэках. Калі дэмакратычныя палітыкі пагодзяцца публічна прызнаваць уладу Лукашэнкі і прасіць аб памілаванні зняволеных — гэта адразу дае магчымасці:

  • выстаўляць дадатковыя невыканальныя патрабаванні. Напрыклад — вярнуцца ў Беларусь і сесці ў турму замест палітвязняў (як ужо прапаноўвалі Польшчы выдаць Латушку ў абмен на Пачобута);

  • выкарыстоўваць гэтыя заявы ў перамовах з ЕС і ЗША, апелюючы да таго, што «паколькі палітыкі, якіх вы падтрымлівалі 4 гады, ужо прызналі нашу ўладу — няма ніякіх перашкод для аднаўлення дыпламатычных адносін»;

  • не выпускаць палітвязняў (паколькі навошта рызыкаваць актывам для гандлю) або, выпускаючы 20 чалавек, арыштоўваць 80, як адбывалася нядаўна, каб, з аднаго боку, прадэманстраваць бачнасць добрай волі, але з другога — адначасова ўзмацняць свае перамоўныя пазіцыі праз павелічэнне колькасці закладнікаў.

Калі палітыкі адмовяцца публічна дыскрэдытаваць сябе, прызнаючы ўладу і просячы аб памілаванні — прасоўваць праз агентаў уплыву або грамадзян, якія добрасумленна памыляюцца, канспіралагічны наратыў. Як быццам віна за тое, што Лукашэнка трымае тысячы невінаватых людзей у турмах, ляжыць на дэмакратычных палітыках.

Рэжым тут паказваецца гатовым да вызвалення палітвязняў і адкрытым для перамоў, якія зрываюцца нібыта толькі праз упартасць дэмакратычных сіл. І такім чынам дэмакратычныя палітыкі будуць дыскрэдытаваныя як амаральныя людзі, для якіх асабістыя амбіцыі важнейшыя, чым жыцці палітвязняў.

Найбольш верагодным вынікам любога ўцягвання ў тэорыю змовы, якая навязваецца адміністрацыяй Лукашэнкі, будзе не выхад палітвязняў — а наадварот, паніжэнне шанцаў на іх выхад, аж да поўнай страты. Паколькі пасля паспяховай дыскрэдытацыі палітыкаў, якія дзейнічаюць супраць Лукашэнкі, у яго не застанецца ніякіх прычын для таго, каб выпускаць палітвязняў.

Выпускаць для чаго? Санкцыі і так не здымуць з прычыны падтрымкі ваеннай агрэсіі Расіі. Адсутнасць дыпламатычнага прызнання рэжым, мяркуючы па яго дзеяннях, не лічыць настолькі для сябе небяспечным, як выхад тысяч закладнікаў на волю. Без дыпламатычнага прызнання рэжым 4 гады працягнуў, а без закладнікаў пасля 2020 года Лукашэнка нават дзень пражыць асцерагаецца.

Ці трэба пры гэтым рабіць намаганні для арганізацыі выдачы адзінкавых палітвязняў у рамках не публічнага і не палітычнага гуманітарнага трэку? Калі ў нейкіх суб'ектаў ёсць такія магчымасці і ўплыў, то выкарыстоўваць іх, зразумела, трэба.

Пры гэтым трэба ўсведамляць, што рэжым будзе выкарыстоўваць гэты трэк для апраўдання ўтрымання астатніх тысяч палітвязняў, і не дапамагаць яму ў распаўсюдзе гэтага фальшывага наратыву.

Сцвярджэнне, што для выдачы большай колькасці палітвязняў не хапае якіх-небудзь прызнанняў або заяў — не трэба падтрымліваць. Не трэба падтрымліваць не таму, што яно карыснае або шкоднае, а таму, што па ўсіх прыкметах гэтае сцвярджэнне хлуслівае. Фальсіфікацыі ж не трэба ні апраўдваць, ні распаўсюджваць, без залежнасці ад таго, калі нават прычына іх распаўсюджвання здаецца ў моманце высакароднай.

Дык што ж усё ж такі можна зрабіць для выхаду палітвязняў? Неабходна працягваць ствараць рэальныя прычыны для іх выдачы. Для падобнага рэжыму гэта можа быць толькі нарошчванне негатыўных наступстваў ад далейшага ўтрымання закладнікаў.

Каментары45

  • Старшынька
    06.08.2024
    Кірылюк, табе грошы плацяць, каб ты працаваў над прыцягненнем катаў да адказнасці, а не за часанне языком у фэйсбуку. Займіся справай нарэшце!
  • Крыжык -нулік
    06.08.2024
    Згодзен цалкам.
  • Цётка
    06.08.2024
    Ну хоць пачалі па гэтай тэме публікаваць нешта асэнсаванае, а не розных шалёных
    Спадзяюся яны там, у гэтых вашых дэмакратычных рухах, хто пра легітымізацыі нелігітымнага вапіць, не рукапацісканыя

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак15

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Усе навіны →
Усе навіны

Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?7

Вядомы IT-інвестар патлумачыў, чаму ў Польшчы няма свайго EPAM і чым крутыя Мікада і Мельнічак5

«Толькі бізнэс, нічога палітычнага». Еўрапейскія бізнэсмены прыглядаюцца да падсанкцыйнай Беларусі7

Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля4

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска13

Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»9

Новы кіраўнік МУС Літвы расказаў, ці трэба закрываць рэшту пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю8

Імя Мухамед стала самым папулярным у Вялікабрытаніі? Так, але вы робіце з гэтага памылковыя высновы18

Нямецкі інжынер ужо два месяцы жыве пад вадой4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак15

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Галоўнае
Усе навіны →