Лукашэнка знайшоў прычыну, чаму заходнія палітыкі апалчыліся на Беларусь. Яна настолькі ж нечаканая, як і абсурдная
Аказваецца, віной усяму іх «бяздзетнасць».
Як перадаюць дзяржаўныя СМІ, Лукашэнка «назваў Вялікую Айчынную вайну апафеозам тысячагадовай гісторыі войнаў і бітваў заходняй і ўсходняй цывілізацый».
«Мы ў гэтай гісторыі ўжо паставілі кропку адзін раз. Трэба будзе — паставім і другі. Хоць яны і без нас справяцца.
Адмова ад традыцыйных каштоўнасцяў, мода на чайлдфры зрабілі сваю справу. Паглядзіце, хто стаіць у авангардзе антыбеларускай, антырускай кампаній. Бяздзетныя палітыкі. Іх род заканчваецца. Ім нават ген нянавісці няма каму перадаць. Заслона», — заявіў Лукашэнка.
Па сваёй звычцы, ён супрацьпаставіў заходнім палітыкам іх народы, лічачы, што «з тымі, хто жыве дзеля будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў, мы заўсёды знойдзем агульную мову і дамовімся». Хоць, у адрозненне ад Лукашэнкі, раскрытыкаваныя ім палітыкі не ўзурпавалі ўладу, а абраныя тымі самымі народамі на свабодных выбарах.
Увогуле ж лукашэнкаўскай Беларусі няма чым хваліцца ў сферы нараджальнасці, яна цяпер ніжэйшая, чым у ваенныя часы.
Зусім нядаўна кіраўніца Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАНБ Настасся Баброва адзначала ў інтэрв'ю дзяржаўнаму агенцтву «Мінск-Навіны»:
«Так, у нас вялікая падтрымка шматдзетных. Аднак да з'яўлення трэцяга дзіцяці трэба нарадзіць першае і другое. А менавіта першыя з'яўляюцца з цяжкасцю. Пасля іх з-за праблем са здароўем бацькоў далёка не заўсёды нараджаюцца другія».
Што да заходніх палітыкаў, то сярод іх трапляюцца розныя. Калі, напрыклад, у прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ці федэральнага канцлера Германіі Олафа Шольца сапраўды няма дзяцей (але ў жонкі Макрона ёсць дзеці ад папярэдняга шлюба), то, напрыклад, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен — маці сямі дзяцей (двух сыноў і пяці дачок).
Каментары