У Мінску адкрылася першая крама, якая прыходзіць на змену «Бусліку»
У Мінску адкрылася першая крама з задуманай сеткі «Світанак Непаседа». Аператар крамы — фабрыка «Світанак», і гэта адлюстравана ў яе назве.
Крама падзеленая на дзве імправізаваныя зоны: тавары для дзяцей ды немаўлят і будучых мам. Частка крамы адведзеная пад гульнявую зону для дзяцей.
Амаль усё ў асартыменце крамы — беларускай вытворчасці. Ёсць, аднак, і кітайскія тавары. Напрыклад, сіліконавыя паільнікі, нагруднік, наборы посуду, школьныя пеналы і фламастары.
У краме прадстаўленая прадукцыя 40 беларускіх прадпрыемстваў. Асартыментная матрыца ўключае ў сябе больш за 1,8 тыс. найменняў. Сярод вытворцаў: «Світанак», «Калінка», «Палессе», «Юнона», «Рэчыцкі тэкстыль» і г. д.
Цяпер акцэнт у асартыменце зроблены на летні адпачынак і школьную пару.
Крамы пад брэндам «Світанак Непаседа» адкрыюцца ў абласных цэнтрах і гарадах з насельніцтвам ад 100 тыс. чалавек. З'явяцца яшчэ некалькі крам і ў Мінску.
Гэтая сетка задуманая як замена сеткі крамаў «Буслік», якая нядаўна спыніла сваю працу і распачала працэдуру банкруцтва. Месяц таму кіраўніца канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна анансавала з'яўленне новай сеткі наступнымі словамі:
«Гандлёвая сетка «Буслік» вызваліла сваю нішу, актыўна яе пачалі займаць кітайскія тавары. Таму мы вырашылі адкрыць свой гандлёвы аб'ект. Я думаю, што гэты праект будзе дастаткова паспяховым і запатрабаваным сярод нашых дзяцей і бацькоў».
Каментары