Беспілотнікі атакавалі Рэдкінскі хімічны завод у Цвярской вобласці Расіі
Там вырабляюць паліва для самалётаў.
Беспілотнікі атакавалі «Рэдкінскі вопытны завод» у Цвярской вобласці. Па даных «Базы», першы раз завод быў атакаваны каля двух гадзін ночы. Па тэрыторыі прадпрыемства быў нанесены ўдар трыма беспілотнікамі.
Са слоў крыніцы выдання, адзін з дронаў упаў на дах цэха №4, пасля чаго выбухнуў. Другі беспілотнік быў збіты сіламі СПА, пасля чаго таксама ўпаў недалёка ад цэха. Праз некалькі хвілін ён выбухнуў.
Трэці ж дрон паспрабаваў атакаваць тэрыторыю прадпрыемства лёгкаўзгаральных вадкасцяў. У выніку атакі быў пашкоджаны трубаправод і пачаўся пажар.
Праз дзве гадзіны тэрыторыю завода атакаваў яшчэ адзін беспілотнік. Ён таксама ўпаў у раёне цэха №4.
Расійскае Мінабароны заявіла аб збіцці БПЛА.
На заводзе вырабляюць паліва для самалётаў. Гэта адно з найбуйнейшых хімічных вытворчасцяў Цвярской вобласці, выпускае больш за 40 найменняў прадукцыі рознага прызначэння.
Каментары