У 43-гадовага палітвязня Сцяпана Латыпава пачалася цынга, паведаміла «Позірку» крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Паводле яе слоў, палітвязень скардзіцца, што яму не аказваюць медыцынскую дапамогу, не перадаюць лекі.
Цынга — захворванне, звязанае з недахопам вітаміна С. Пры адсутнасці вітаміна можа развіцца за чатыры тыдні, пры недахопе — за чатыры месяцы. На фоне зніжэння імунітэту характарызуецца ломкасцю сасудаў, крывацечнасцю дзясен, выпадзеннем зубоў, болем у канечнасцях.
Суд Івацэвіцкага раёна (Брэсцкая вобласць) 15 верасня 2022 года перавёў Латыпава на турэмны рэжым адбыцця пакарання на 2 гады. Адміністрацыя івацэвіцкай калоніі патрабавала трохгадовага тэрміну. У канцы таго ж месяца палітвязня этапавалі ў магілёўскую турму №4.
16 жніўня 2021 года Латыпава прыгаварылі да 8,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічынь (8700 рублёў).
Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні дваровага тэлеграм-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня 2020 года. Акрамя таго, як дырэктара кампаніі «Беларба», яго прызналі вінаватым у тым, што ён уводзіў у зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін.
Яму інкрымінавалі ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак), ч. 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.
Палітвязень віну не прызнаў. Падчас аднаго з судовых пасяджэнняў ён на знак пратэсту ўваткнуў сабе ў горла шарыкавую ручку. Яму была зробленая аперацыя.
Каментары