Грамадства11

«Зладзіў чэлендж — штодзень прыдумляць па жарце». Кім быў беларускі комік, які памёр у 28, і што з ім здарылася

2 снежня пайшоў з жыцця беларускі стэндап-комік Дзмітрый Зубовіч, хлопцу было ўсяго 28 гадоў. «Наша Ніва» расказвае, што вядома пра беларуса.

Фота: Zubovich Dmitry / Facebook

Зубовіч нарадзіўся 25 красавіка 1995 года ў Асіповічах. Навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, а таксама, як расказвае яго сябар Павел Радзевіч, прабавіў курс ці два ў марской установе. 

На пачатку сваёй кар’еры Дзмітрый выступаў з гомельскімі стэндаперамі — тады гаворка ішла толькі пра асобныя імпрэзы ў Мінску, збольшага хлопца можна было пачуць у Гомелі. Пазней Зубовіч стаў адным з заснавальнікаў стэндаперскага праекта Comedy Dogs, а таксама рэзідэнтам StandUp Comedy Hall — першага стэндап-клуба ў Беларусі.

Павел мае вельмі цёплыя ўспаміны пра сябра: «Гэта быў неверагодна шчыры і адкрыты чалавек.

Ён быў тым самым сябрам, у якога самыя неверагодныя гісторыі. То ён аўтастопам вандруе на некалькі тысяч кіламетраў, то сыходзіць у намётавы паход на некалькі тыдняў з хіпі і бярэ там абяцанне маўчання на ўвесь гэты час. 

Ён зусім па-іншаму адчуваў гэты свет, нават у ягоным інстаграме можаце гэта ўбачыць. Сёлета ён ехаў з Нідэрландаў у Польшчу праз Італію з нейкім незнаёмым дальнабойшчыкам. Тады ён яшчэ трансляваў гэта ў сторыс і за гэтым сачыць было цікавей, чым за якім-небудзь серыялам».

За межамі стэндапу Дзмітрый пераспрабаваў шмат падпрацовак, у тым ліку быў барыстам і адчыняў свой пункт з кавай у мінскім гандлёвым цэнтры, а таксама прадаваў элітны алкаголь.

Радзевіч згадвае, што сябар дапамог яму добра разбірацца ў такіх напоях: «Ён навучыў мяне піць менавіта смачна! Памятаю, як мы з ім пайшлі ў бар і ён мне паказваў напоі, на якія я раней нават не звяртаў увагі. Тлумачыў, як правільна піць і да якіх адценняў смаку прыслухоўвацца. Распавядаў, з якіх спіртоў напой робіцца і ў якіх бочках вытрымліваецца. Праз яго мне і самому стала гэта цікава».

«Гэта быў адзін з найлепшых беларускіх комікаў. Кажу гэта не таму, што ён — мой сябар, сярод комікаў гэта прызнаны факт. Як і многія беларускія комікі, Дзіма быў максімальна недаацэнены», — так пра Зубовіча расказвае яго іншы сябар, комік і журналіст Міхась Ільін.

Міхась тлумачыць, што Дзмітрый працаваў у вельмі спецыфічным жанры ванлайнаў — гэта кароткія жарты памерам у адзін радок, і заўважных беларускіх комікаў у гэтым жанры не было. Гэта складаны жанр, бо калі жарт настолькі кароткі, ён займае мала часу і трэба рыхтаваць шмат такіх жартаў на адзін выступ. Але, адзначае Міхась, Дзмітрый даваў рады вайнлайнам.

Неяк Зубовіч зладзіў для сябе чэлендж — цягам года штодзень прыдумляць па жарце, вытрымаў яго і ў выніку меў запас памерам у 365 жартаў.

Дзмітрый прызнаваўся сябру, што такі жанр працы — выклік для яго, які ён абраў свядома.

«У яго быў свой стыль, ён палягаў у тым, што Дзіма пісаў кароценькія і вельмі чорныя жарты. Настолькі чорныя, што людзям было нават няёмка з таго, што яны з гэтага смяюцца.

А смяяліся амаль заўсёды, Дзіма быў агеньчыкам у любым зборным канцэрце», — дзеліцца Радзевіч.

Ільін адзначае, што нягледзячы на супярэчлівы стыль Зубовіча, ён пакінуў пра сябе добрыя ўспаміны: «Ён увайшоў у гісторыю беларускага стэндапу як самы чорны беларускі комік, бо яго жарты заўсёды былі на мяжы, часам з пахабнасцямі. Пры гэтым большасць людзей, якія былі на яго выступах, прымала гэтыя жарты, але некаторыя былі ад пачутага ў шоку. Але пасля яго выступаў ні адзін глядач не заставаўся абыякавым, ён заўсёды выступаў вельмі запамінальна.

Нягледзячы на сцэнічны вобраз чалавека, які жартуе брыдотна ці чорна, у жыцці гэта быў максімальна добры і шчыры чалавек, добры сябар і знаёмы. Ён заўсёды прыходзіў на дапамогу. Гэта не той выпадак, калі пра нябожчыка ці добра, ці ніяк. Не думаю, што ёсць нехта сярод комікаў ці гледачоў, хто мог бы штосьці дрэннае згадаць пра Дзіму, ён сапраўды быў вельмі добрым чалавекам».

Міхась параўноўвае сябра з брытанцам Джымі Карам — стэндаперам, вядомым сваімі супярэчлівымі і чорнымі ванлайнамі, нават адно з відэа з выступам Зубовіча мела назву «Джымі Кар з Асіповічаў». Але, упэўнены Міхась, Зубовіч быў значна лепшым за Джымі Кара, бо меў больш шчырыя і цікавыя жарты.

Дзмітрый з’ехаў з Беларусі ў пачатку 2023-га па лепшае жыццё, працаваў на польскую будаўнічую фірму. Выязджаў у Нідэрланды, працаваў там у ландшафтным дызайне і выступаў у стэндапе. 

Перадапошні пост Зубовіча ў сацсетках датаваны 7 мая. У ім хлопец распавядаў, што знаходзіцца ў Варшаве і мае новую працу, а ў яго жыцці з’явілася некаторая пэўнасць. Пазней ён жыве без працы на назапашаныя сродкі і чакае адкрыцця ўстановы ад знаёмага беларуса, дзе планаваў працаваць. Таксама Зубовіч шукаў працу барменам або барыстам.

Дзмітрый не публікуе ў сацсетках нічога да 4 снежня, калі там з’яўляецца апошні пост хлопца, напісаны яго сястрой пад дыктоўку. Вось некалькі радкоў адтуль:

«Не будзем доўга развітвацца, скажу толькі, што я сышоў у любімым мной горадзе, я паспеў пападарожнічаць, займець вялікае кола сяброў і знаёмых, і запомніцца ўсім па-рознаму. Маму я назваў маменька і гэта прыжылося ў нашай сям’і, а мяне дома называюць Міця.

Нехта запомніў мяне па фразе «Мой дом там, дзе мой заплечнічак». Я пакінуў вам свае жарты, у тыктоку і ютубе, астатнія мае фразы застануцца ў вашай памяці. Усіх абняў, прыўзняў, а пакрыўджаных папрашу больш не крыўдзіцца».

Паводле звестак «Еўрарадыё», прычынай смерці хлопца стала саркома — злаякасная пухліна, якая развіваецца ў злучальных тканках пэўнага тыпу (касцявой, храстковай, мускульнай, тлушчавай, а таксама сценках крывяносных і лімфатычных сасудаў). Дзмітрыя пахаваюць у Беларусі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Стэндапер Мірзалізадэ: Гэта дзіўны рух — пошук суперажывання да расіянаў

Мікіта Найдзёнаў выехаў з Беларусі. І поўны ранейшага агнявога гумару

Ільін — пра Камісаранку, Усовіча, Пратасевіча, размову з КДБ і чаму не любіць Каца

Каментары1

  • mikola
    06.12.2023
    Spaczuvaiu....*Perazartavau* da i z galavoi u jago byla ni usio dobra.......Zyccio geta - Ni ZART !

Як здароўе ў Рыгора Кастусёва?

Як здароўе ў Рыгора Кастусёва?

Усе навіны →
Усе навіны

Belpol атрымаў спісы членаў выбарчых камісій

Пасля няшчаснага здарэння беларус памёр у палітычнай эміграцыі ў Польшчы2

Трамп абвясціў пра стварэнне мегапраекта па развіцці штучнага інтэлекту. У кампанію ўкладуць паўтрыльёна долараў4

Літоўскі дэпутат: Пашпарт Новай Беларусі не будзе прызнаны сапраўдным на тэрыторыі Літвы20

«Пачаліся фразы, чаму я не на вайне». У Варшаве збілі беларускага таксіста — яго прынялі за ўкраінца15

«А я буду галасаваць за Хіжняка…»1

Зяленскі заклікаў ЕС накіраваць ва Украіну 200 тысяч вайскоўцаў для гарантый бяспекі

Даляр даганяе еўра. Чаго чакаць беларусам?2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў снежні прадалі за 450 тысяч даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як здароўе ў Рыгора Кастусёва?

Як здароўе ў Рыгора Кастусёва?

Галоўнае
Усе навіны →