Беларуская анлайн-школа ва Украіне напярэдадні навучальнага года распавяла, што ў іх адбываецца
У школу, дзе выкладае Маляваныч, яшчэ можна запісацца.
«Настаўнікі ведаюць мінусы беларускай сістэмы адукацыі і ўлічваюць іх»
Навучальны год у Першай беларускай анлайн-школе ва Украіне пачнецца 11 верасня. У ёй чакаюць вучняў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. Гэта школьнікі 4-10 класаў. Падрабязнасці прыёму тут.
«Мы працуем для беларускіх дзяцей з усяго свету», — падкрэслівае Настасся Шпакоўская, арганізатарка школы, акторка і лідарка гурта «Naka».
Беларуская анлайн-школа — поўнафарматная навучальная ўстанова, праграма якой складзеная з прадметаў беларускай школьнай адукацыі. У ёй беларускія настаўнікі вучаць дзяцей беларускай мове, літаратуры, гісторыі, а таксама англійскай мове і асновам ІТ. Акрамя таго, у школе выкладаецца гісторыя мастацтва, а акцёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) праводзіць заняткі дабрыні. Рускай мове і літаратуры вучаць па жаданні.
Анлайн-школа працуе з кіеўскай прыватнай школай «Мідгард». Яе настаўнікі даюць дзецям увесь вектар украінскіх прадметаў, па якіх вучні атрымліваюць атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны, які прызнаецца ў свеце.
«У школе нашы дзеці вывучаюць беларускую, украінскую, англійскую і, на жаданне, рускую мовы», — заўважае Настасся Шпакоўская.
Гісторыя беларускай анлайн-школы сягае ў 2020 год. Тады Настасся Шпакоўская з дзецьмі вымушана была эміграваць у Кіеў, дзе беларускіх навучальных устаноў не было. Артыстка вырашыла сама стварыць яе, выкарыстоўваючы магчымасці ўкраінскай сістэмы адукацыі. У кастрычніку 2020-га навучальны год у беларускай школе пачаўся, але з-за кавідных абмежаванняў — у анлайн-фармаце. Анлайн-фармат застаецца актуальным дагэтуль. Першыя два месяцы пасля поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў навучанні быў перапынак, а пасля заняткі аднавіліся.
Урокі праводзяцца з панядзелка да пятніцы ў першай палове дня. Класы да 12 чалавек. Такая форма навучання дазваляе настаўніку ахапіць увагай усіх вучняў і тым самым павялічыць якасць атрыманых імі ведаў.
«Ведаючы настаўнікаў і як цікава яны даносяць веды дзецям, не захацець вучыць беларускай мовы не магчыма. У нас добрыя настаўнікі. Сваё навучанне яны базава засноўваюць на дзяржаўнай школьнай праграме, але пры гэтым разумеючы ўсе яе мінусы, распрацоўваюць больш разнастайныя і цікавейшыя свае курсы. Анлайн-фармат дазваляе выкарыстоўваць шмат дадатковых матэрыялаў, таму вучні атрымліваюць сучасную адукацыю», — даводзіць Настасся Шпакоўская.
«У школе працуе 11 настаўнікаў, якія зазналі пераслед уладаў»
Сёлета выпускнікамі школы сталі блізу двух дзясяткаў вучняў. Працягваюць навучанне больш чым 50 вучняў з 15 краінаў.
Настасся Шпакоўская перакананая, што вучнёўскі калектыў сёлета папоўніцца яшчэ 20 новымі вучнямі.
Па яе словах, летась, у сярэдзіне навучальнага года, пасля таго, як у Беларусі адбылася зачыстка прыватных школ, быў вялікі наплыў вучняў. Бацькі не хацелі вучыць сваіх дзяцей у дзяржаўных установах Беларусі.
«Цяпер шмат беларускіх сем'яў аказалася ў такіх умовах, што наша школа ці не адзіная, дзе можна працягваць навучанне і атрымліваць веды па беларускай мове, гісторыі і наагул захоўваць беларускасць», — кажа яна.
Настаўнікі школы праводзяць дадатковыя суботнія заняткі, дзе беларускія дзеці вывучаюць толькі прадметы з беларускай праграмы навучання.
У школе працуе 11 настаўнікаў, якія зазналі пераслед уладаў. Для большасці праца ў ёй адзіная крыніца даходаў.
«Бясплатная школа — мара»
Настасся кажа, што да вайны ўкраінскія настаўнікі, якія жывуць у Кіеве, прызвычаіліся. Раней, калі пачыналіся бамбёжкі, заняткі пераносілі, а цяпер навучыліся весці іх з бамбасховішчаў.
«Наогул такі стрэс стаў звыклым у нашым жыцці і школа працуе. Летась, калі ішла вайна, мы скончылі год паспяхова, дзеці атрымалі атэстацыю і сёлета без праблемаў скончылі вучобу, нягледзячы на беды ваеннага часу», — адзначае суразмоўніца.
Шпакоўская хоча, каб анлайн-школа была бясплатнай. Пакуль жа гэта яе мара.
Паводле Настассі, звароты ў фонды і арганізацыі, якія заяўляюць аб дапамозе асяродкам беларускай адукацыі за мяжою, не даюць плёну.
«Мы вымушаны браць невялікія грошы з бацькоў, каб аплачваць паслугі ўкраінскай школы «Мідгард», якая выдае нам атэстацыю па асноўным вектары ўкраінскіх прадметаў, і, зразумела, аплачваць паслугі нашых настаўнікаў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Актрыса і спявачка Настасся Шпакоўская: У свой час я не стала лізаць нікому дупу
Мінчанка аплаціла адны заняткі ў IT-школе. А праз год у шоку: яна вінаватая цану цэлага курса
Каментары