«У дзень магу зарабіць 200 еўра». БЧБ-нявеста расказала, кім працуе ў Швейцарыі і як яе сына булілі ў школе
Іна Зайцава, вядомая як «БЧБ-нявеста», у новым выпуску на канале «Ток» расказала пра сваю працу і заробак у Швейцарыі, школьныя праблемы сына і прычыны разводу.
Уражанні ад Швейцарыі
Іна Зайцава цяпер жыве ў Люцэрне. Кажа, што яе пераезд у Швейцарыю — справа выпадку. Падчас аднаго з інтэрв'ю журналістка, якая з Кіева пераехала ў Швейцарыю, прапанавала Іне таксама пераехаць у гэтую краіну.
«На той момант мы якраз збіралі рэчы. Я ўжо два тыдні была нелегалам (Іне не працягнулі дазволу на жыхарства ва Украіне. — НН). І мне было вельмі складана ездзіць. Усюды былі блокпасты і неабходна паказваць дакументы».
Іна адзначае, што швейцарцы вельмі падобныя сваім менталітэтам да беларусаў. Але яны ў сілу іншых гістарычных абставін здолелі выбудаваць дэмакратыю.
«У іх ёсць кантоны, дзе жыхары збіраюцца проста на плошчы раз на год і галасуюць шляхам падняцця рук за тыя ці іншыя законы. Яны змаглі ўсё гэта выбудаваць, усіх прымірыць (а ў іх чатыры дзяржаўныя мовы). І ніхто не пытаецца: «Чаму вы па-італьянску размаўляеце?»
Гэта вельмі падобна да Беларусі. У нас жа няма таксама грызні, што ты беларускамоўны або рускамоўны беларус. Нехта спрабуе, набраўшыся дурнога, спытаць: «А чаго гэта ты па-беларуску размаўляеш?». Але гэтага вельмі мала», — выказвае свой пункт гледжання гераіня.
Гераіня спрабуе разбурыць стэрэатып пра тое, што Швейцарыя адная з самых дарагіх краін. У якасці прыкладу яна прыводзіць абед у «Макдоналдсе», які каштуе каля 20 еўра. Але швейцарцу, паводле слоў Іны, каб зарабіць такую суму, трэба працаваць адну гадзіну. І гэта мінімальны заробак.
«У выніку нізказабяспечаны швейцарац заробіць на ўсё — кватэру, добрай якасці ежу — і аплоціць усе свае выдаткі, працуючы прыбіральшчыкам або касірам у краме. А мы са сваімі нізкімі цэнамі, працуючы касірам у магазіне, заробім проста на халадзільнік».
«Я проста маршрутам Азаронка»
Іна іранізуе, што яна пайшла «маршрутам Азаронка», які палохаў мігрантаў мыццём унітазаў, — яна прафесійна займаецца прыбіраннем. Налета жанчына збіраецца паступаць у магістратуру на псіхолага. Яна спадзяецца, што да таго часу зможа дацягнуць сваю нямецкую мову да ўзроўню В2. Цяпер у яе В1, які гераіні дазваляе нармальна камунікаваць з людзьмі. Гэтага ўзроўню Іна дасягнула за год. Датуль жанчына не валодала ніводнай замежнай мовай.
Іна тлумачыць, што на прыбіранні спынілася ў выніку выбару з пераліку тых простых работ, якія ёй падабаюцца:
«Я хачу паступіць у магістратуру, мне патрэбны грошы. Я рабіла рамонты, рэчы з дрэва, я блогер. Але з простых прац мне больш за ўсё падабаецца прыбіраць. Гэта для мяне найбольш камфортна. Я магу і прадаўцом у краму пайсці, афіцыянтам таксама, але прыбіраць — мяне супакойвае. У мяне дома заўсёды чыста. Калі ты прыбіраеш, можаш уключыць навушнікі, слухаць аўдыякнігу, развівацца. То-бок гэта не проста работа, якая будзе цябе тармазіць».
Праз два месяцы пасля таго, як Іна пачала працаваць у Швейцарыі, яна стала індывідуальнай прадпрымальніцай. На дзень яна можа зарабіць 210 еўра пры працы 7 гадзін. Жанчына працуе тры дні на тыдзень, бо неабходны час на вучобу.
Сацыяльная палітыка Швейцарыі
Іна адзначае, што па швейцарскіх мерках сямʼя, у якой даход да 5 тысяч еўра, лічыцца малазабяспечанай і патрабуе дапамогі. Паводле яе слоў, на працягу года горад Люцэрн аплачваў наведванне яе дзіцем падрыхтоўчай (адаптацыйнай) групы ў школе. Праязны на дарогу да школы аплачвае школа.
«Калі ты ў Швейцарыі бедны, твае дзеці атрымаюць усё, што атрымаюць дзеці тых, хто добра зарабляе», — адзначае жанчына і кажа, што на кожнае дзіця ў кантоне Люцэрн да 18 гадоў штомесяц выплачваецца 270 еўра.
Іна распавядае, што мінімальная пенсія ў краіне складае 2400 еўра. «Калі ты са старту вучыўся і працаваў у Швейцарыі, ты робіш адлічэнні ў пенсійныя фонды і мусіш паклапаціцца пра тое, каб твая пенсія не была мінімальнай. І ў цябе ёсць для гэтага ўсе магчымасці», — адзначае гераіня.
Школьная адукацыя
Іна згадвае моцную ў кантэксце ўлады школьную сістэму. «У іх вялікі недахоп настаўнікаў. Дырэктар, які стварае свой калектыў, вельмі яго беражэ, каб яны не разбегліся. Настаўнікі зарабляюць 7 тысяч еўра. І праблема ў тым, калі ў гэтую сістэму пранікне няварты павагі настаўнік».
Гераіня распавядае пра свайго сына, які патрапіў у інтэграцыйны клас, дзе настаўніца ўкраінка, якая даўно выехала. Паводле слоў гераіні, гэтая жанчына не працавала да пераезду ў Швейцарыю настаўніцай і не мае неабходнай псіхалагічнай падрыхтоўкі.
«Але іх набралі на працу, бо шмат у сувязі з вайною прыехала дзяцей. У іх было адно патрабаванне — каб у чалавека была нямецкая і ўкраінская або руская мовы», — дзеліцца сваім бачаннем гераіня.
У выпадку Іны яе адносіны з настаўніцай выліліся ў істотны канфлікт, бо яе сын цярпеў ад булінгу з боку настаўніцы. «Яго заплечнік вытрасаўся на падлогу. У яго адрас дазваляліся словы «ты тут лішні, ты тут не павінен быць», — распавядае гераіня.
Жанчына адзначае таксама, што яе старэйшы сын мае складаны характар. Да таго ж ён адзіны беларус у класе. Усе астатнія — украінцы. Пры гэтым адносіны з дзецьмі ў сына добрыя. Сын вучыўся датуль ва Украіне. Там ён скончыў чацвёрты клас украінскай школы з добрымі адзнакамі. Пасля пераезду сын пайшоў у інтэграцыйны клас. І такім чынам згубіў адзін год. Цяпер ён пойдзе ў пяты клас швейцарскай школы.
Паводле слоў Іны, школьная сістэма аберагала настаўніцу да таго моманту, пакуль не ўмяшаліся сацыяльныя службы.
«У задачы сацыяльнага работніка ў Швейцарыі ўваходзіць зрабіць так, каб дзіцяці было добра. У крайнім выпадку ён можа яго забраць з сямʼі», — заўважае жанчына і адзначае, што ўмяшанне сацыяльных службаў дазволіла спыніць булінг яе 12-гадовага сына.
«Яны прааналізавалі праблему і ўбачылі, што ў майго дзіцяці складанасці з інтэграцыяй і яму трэба дапамагчы. Сацыяльны работнік мне сказаў: «Зразумела, ён не можа думаць ні пра якую вучобу і нямецкую мову. Яму ж так дрэнна. Неабходна яму паказаць, што Швейцарыя бывае такая цудоўная для дзяцей. Мы яму дапаможам». І вось дзіця паедзе на два тыдні ў швейцарскі лагер. З ім ходзяць сацыяльныя работнікі, паказваюць басейны, забаўляюць, дапамагаюць інтэгравацца», —
распавядае Іна.
Паводле слоў жанчыны, сацыяльная работніца ўзяла на сябе задачу пагаварыць з новымі настаўнікамі, калі хлопец пойдзе ў швейцарскі клас. Яны падрыхтуюць клас, каб на першых парах усе дапамаглі сыну ў адаптацыі.
«З дзецьмі сама складана беларускім мігрантам. Яны вымушаны не толькі самі адаптавацца, але і выцягваць неяк адаптацыю сваіх дзяцей. Мае дзеці пастаянна збіраюцца ў Беларусь», —
адзначае Іна.
Пра развод
Тлумачачы прычыны свайго разводу з другім мужам, Іна адзначыла: «Для таго, каб каханне не загасала, важна захаваць захапленне сваім партнёрам. Выгляд мае значэнне толькі ў першы вельмі кароткі рамантычны час, далей уключаецца захапленне нечым — асабістымі якасцямі, падтрымкай або клопатам, якім цябе ахінае твой партнёр. Ты зноў і зноў можаш закохвацца ў яго.
А ў нас быў вельмі складаны перыяд пасля пераезду. Я была ў дэпрэсіі. Андрэй быў у дэпрэсіі, а ў дадатак у яго была вялікая адказнасць за ўтрыманне сямʼі. І вось абое знаходзячыся ў такім разбуральным, абсалютна дэструктыўным стане мы не тое што не здолелі падтрымаць адно аднаго, а хутчэй тапілі адно аднаго. Мы спрабавалі дастаць з чалавека тое, чаго ў яго няма. Захапляцца не засталося чым. І калі мы ўжо знаходзіліся ў добрым стане, зразумелі, што ўжо не зможам вярнуцца ў момант кахання».
Жанчына не спісвае гэта на абставіны. «Я лічу за лепшае як раней даведацца, дзе дно ў маіх адносінах. Лепей раней, а не калі табе 50 або калі ў цябе анкалогія. Лепш даведацца пра гэта раней і зноў узяць за сябе адказнасць. Я схіляюся да таго, што сітуацыя выявіла ў нас нашую несумяшчальнасць. Мы пра яе даведаліся і нам неабходна далей пайсці паасобку».
Нягледзячы на развод, Іна са сваім былым мужам жыве ў адной кватэры. Яна адзначае, што гэта вельмі лёгка, калі на працягу ўсіх адносін партнёры імкнуліся быць максімальна шчырымі паміж сабою. Гэта дазваляе не накоплівацца канфліктам.
«Мы заўсёды шмат размаўлялі і пра расставанне, і пра згасанне пачуццяў. Не было нейкага падману, калі нехта гаворыць «кахаю», а потым «я з табою расстаюся». У нас не было такіх момантаў, пасля якіх ты не можаш застацца ў добрых адносінах. Мы былі шчырымі і прызнаваліся на кожным этапе, што адбываецца. І калі ўсё скончылася, гэта было таксама вельмі ўзаемна. Ніхто нікому не рабіў балюча. Гэта было памерлае каханне. І таму, калі ніхто нікога не кахае, вельмі лёгка застацца сябрамі», —
распавядае гераіня.
Былыя сужэнцы ўсё шчыра распавялі сваім дзецям. Іна заўважае, што больш тлумачыць давялося малодшаму сыну, аб якім пасля разводу яны сталі больш клапаціцца: «Мы падзялілі абавязкі пяцьдзясят на пяцьдзясят. Я стала не проста маці, якая выгарала, нервовая, а мама, у якой ужо зʼявіўся адзін выходны (плюс разводу для жанчыны)».
Бацькі гераіні таксама ў разводзе. «У іх былі вельмі траўмуючыя адносіны. Яны біліся, зневажалі адно аднаго. І я памятаю, што мне было вельмі дрэнна, калі мы былі яшчэ «адной сямʼёй». А потым быў самы брудны развод і шматгадовая нянавісць адно да аднаго. Гэта раздзірае дзіцячую душу, у якой ёсць частка бацькі і маці, якія для яго два важныя абʼекты», — згадвае Іна і падкрэслівае важнасць добра гаварыць пра партнёра пасля разводу і «выбраць чалавека, пасля разводу з якім ты будзеш пра яго добра гаварыць».
Гераіня адзначае, што пазнаёмілася са сваім мужам, калі ёй было 28, а яму 32 гады. «Мы былі дастаткова спелымі людзьмі, каб зрабіць адэкватны выбар».
Глядзіце цалкам:
Каментары