Жанчына выехала з кватэры, разлічылася, скасавала дамову, але праз дзесяць гадоў з яе спагналі 4700 рублёў за «камуналку»
Дзіўныя рэчы часам адбываюцца побач з намі. Пра вялізарную і незразумелую запазычанасць раптам даведалася нашая суайчынніца С. Патрабаванне заплаціць 4700 рублёў прыляцела ёй ад камунальнікаў пасля 10 гадоў, як яна па тым адрасе не жыла, піша Onliner.
Справа была такая. С. разам з сямʼёй жыла ў кватэры ў аграгарадку Стралічава Хойніцкага раёна. У 2013-м жанчына вырашыла змяніць свой лёс: вярнула ключы ад жылля, зверыла з ЖКГ лічыльнікі і аплату за камуналку і пераехала ў Мінскую вобласць. Жыла сабе і працавала. Як раптам у дзверы пастукалі.
Аказалася, што стралічаўскія камунальнікі вырашылі выставіць жанчыне рахункі за 2018—2022 гады. «Камуналку» выставілі ў памеры 2261 рублі, пеня — яшчэ 2424 рублі. Усяго — 4685 рублёў. Больш за тое, гэтыя грошы з ашаломленай жанчыны нават змаглі ўтрымаць.
Аднак сёлета гэты загадкавы выпадак трапіў на разгляд пракуратуры Хойніцкага раёна. Высветлілася, што ў перыяд, за які з С. спагналі запазычанасць, жанчына ў кватэры сапраўды не жыла. Зʼехаўшы ў Мінскую вобласць, яна ўжо там складала дамовы найму жылых памяшканняў і рэгістравалася ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Акрамя гэтага, высветлілі, што пасля адʼезду С. з кватэры жыллё прадастаўлялася для пражывання іншым грамадзянам.
— З выездам С. з сямейнікамі з кватэры ў аг. Стралічава дамова найму была скасавана, падстаў для налічэння платы за паслугі ЖКГ і іншых плат не было», — тлумачаць у пракуратуры. — Таму пракурор Хойніцкага раёна звярнуўся ў раённы суд з іскам у інтарэсах С. аб спагнанні на карысць С. неабгрунтаваных налічэнняў з прадпрыемства.
Прадпрыемства з такім паваротам не пагадзілася. Там сцвярджаюць, што пры выездзе з кватэры С. не перадала наймадаўцу жыллё па акце прыёму-перадачы. Менавіта гэта і паслужыла падставай для налічэння платы.
Аднак рашэннем суда Хойніцкага раёна пазоў пракурора раёна ў інтарэсах жанчыны быў задаволены ў поўным абʼёме. Судовая пастанова набыла законную моц.
Каментары