15 гадоў выбуху каля Стэлы. Як тады ўлады баяліся слова «тэрарызм» і як здарэнне ўспрымаецца цяпер?
У ноч з трэцяга на чацвёртае ліпеня 2008 года падчас святкавання Дня Незалежнасці каля стэлы «Мінск — горад-герой» прагрымеў выбух. Пацярпела больш за 50 чалавек, а здарэнне ў выніку стала падставай для таго, каб узяць адбіткі пальцаў у мільёна мужчын, а таксама ўвесці надгляды і абмежаванні на масавых мерапрыемствах.
Як развіваліся падзеі?
У 0:25 чацвёртага ліпеня недалёка ад стэлы «Мінск — горад-герой» узарвалася самаробная выбуховая прылада — начынены балтамі ды гайкамі пакет ад соку «Садочок». Ён знаходзіўся прыкладна за 200 метраў ад сцэны, дзе пасля салюту працягваўся канцэрт у гонар Дня Незалежнасці.
Міліцыя ачапіла месца выбуху, там жа амаль адразу з’явіўся Аляксандр Лукашэнка. Святкаванне тым часам працягнулася. Улады тлумачылі гэта тым, што яны не хацелі дапусціць паніку. Але такія дзеянні, хутчэй, гавораць пра тое, што сілавікі і кіраўніцтва краіны былі ўпэўненыя, што больш выбухаў не будзе.
Пазней акажацца, што за дзве гадзіны да здарэння быў знойдзены яшчэ адзін пакет з выбухоўкай.
Нягледзячы на 55 пацярпелых, Міністэрства ўнутраных спраў завяло крымінальную справу па артыкуле «Злоснае хуліганства». Магчыма, каб прадэманстраваць народу, што ніякага тэрарызму ў Беларусі быць не можа. Цяпер, праз 15 гадоў, тэрарыстычныя справы ў краіне заводзяцца направа і налева.
У выпусках навін тое, што адбылося, называлі інцыдэнтам і больш падкрэслівалі ролю Лукашэнкі, які сваімі паводзінамі паказваў, што ніякай панікі няма.
Ён, дарэчы, пазней раскрытыкаваў працу медыкаў і міліцыянераў.
Нарада пасля выбуху каштавала пасад сакратару Рады бяспекі Віктару Шэйману і кіраўніку Адміністрацыі Лукашэнкі Генадзю Нявыгласу. На іх месца прызначылі выхадцаў з КДБ Юрыя Жадобіна і Уладзіміра Макея. Тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў заяўляў, што не зможа спакойна легчы спаць і пайсці ў адпачынак, пакуль не раскрые абставін выбуху.
Але вясной 2009 года ён папрасіўся ў адстаўку па стане здароўя. Да раскрыцця крымінальнай справы было яшчэ далёка.
Як увогуле праходзіла следства?
У пошуках «злосных хуліганаў» задзейнічалі амаль увесь асабовы склад беларускай міліцыі. Менш чым праз тыдзень затрымалі трынаццаць прадстаўнікоў апазіцыі — пераважна актывістаў «Белага легіёна», а таксама Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускага народнага фронту, хаця Лукашэнка заяўляў, што ціску на палітычных праціўнікаў не будзе.
Але ўзровень палітычных рэпрэсій 15 гадоў таму быў куды ніжэйшы, чым цяпер, таму апазіцыянеры праз лічаныя дні выйшлі на волю, ніякіх абвінавачанняў ім выстаўлена не было.
Паралельна следства шукала, дзе быў набыты пакет соку, выбухоўка ў якім не ўзарвалася.
Па краіне расклейваліся аб’явы з незвычайнай «рэкламнай» акцыяй: за ўпакоўку з-пад апельсінавага нектару «Садочок» з датай разліву 9 лютага 2008 года абяцалі прэмію ў памеры два мільёны рублёў — гэта каля 940 даляраў. Таксама шукалі і прадаўца, які на пачку напісаў цану.
Расследавалі выбух, а высветлілася, што партыя таго самага соку была збытая па шэрых схемах. Кіраўніцтва кампаніі-імпарцёра абвінавацілі ў нясплаце падаткаў і затрымалі. За кратамі яны прабылі даўжэй за апазіцыянераў — да зімы 2008 года.
Ішоў час, па ўсёй Беларусі віселі фотаробаты падазраваных у выбуху, але следства так і не прасунулася. Толькі за першы год расследавання былі апытаны дзясяткі тысяч мінчукоў, а адбіткі пальцаў узялі ў больш за мільён беларусаў. Нікому абвінавачанне так і не было выстаўлена. Праз год Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю ганьбай.
Таксама ў Беларусі сталі больш строгімі меры бяспекі падчас масавых мерапрыемстваў. З’явіліся рамкі і металашукальнікі. Першым часам міліцэйскі надгляд быў даволі строгім, што паўплывала на размах розных святкаванняў і жаданне людзей у іх удзельнічаць.
Плюс людзі баяліся новых выбухаў.
11 красавіка 2011 года на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску ў гадзіну пік прагрымеў выбух. У выніку самага страшнага тэракта ў гісторыі краіны загінулі 15 чалавек і больш за 200 пацярпелі.
Аляксандр Лукашэнка з маленькім сынам Колем быў на месцы трагедыі ўжо праз лічаныя гадзіны.
А на наступны дзень яшчэ да затрымання падазраваных даручыў праверыць сувязь выбуху ў метро з выбухам каля стэлы ў 2008-м.
Менш чым праз два дні пасля тэракта ён жа заявіў, што выканаўцы затрыманыя. Імі аказаліся токар і электрык з Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, якія разам вучыліся ў школе, сябравалі і рабілі дробныя выбуховыя прылады.
Паводле афіцыйнай версіі, яны аказаліся таксама датычныя і да выбуху ля стэлы трохгадовай даўніны. Як і меркаваў Лукашэнка.
Лічыцца, што яго тады арганізаваў і здзейсніў адзін Канавалаў, які неаднаразова прыязджаў у Мінск і вывучаў тэрыторыю каля стэлы. Кавалёва абвінавацілі ў тым, што, ведаючы пра планы сябра, ён нічога не зрабіў, каб прадухіліць здарэнне.
30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прызнаў дваіх віцебчукоў вінаватымі і прысудзіў ім найвышэйшую меру пакарання — расстрэл.
Пасля 2011 года тэрактаў з чалавечымі ахвярамі ў Беларусі, на шчасце, не было. Скептыкі лічаць, што версія з электрыкам і токарам непераканаўчая, а тэракт арганізавалі спецслужбы, каб пераключыць увагу людзей з фінансавага крызісу і незадаволенасці ўладамі.
Калі ў нулявыя ў краіне ўсяляк імкнуліся прадэманстраваць, што Беларусь вельмі бяспечная, то пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года паняцце «тэрарыстычнага акта» стала вельмі адвольным. А ў тэрарыстычным спісе КДБ аказаліся сотні беларусаў, якія і блізка нічога падобнага не рабілі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары