Расійская кампанія набыла другі беларускі завод, пакінуты заходнімі інвестарамі
Вясной расійская кампанія «Тэхнаніколь» купіла завод у польскага інвестара ў Брэсце. Цяпер жа стала вядома пра пагадненне яшчэ і з літоўскай VMG Group аб набыцці прадпрыемства ў Барысаве, паведамляе Office Life на падставе інфармацыі з расійскіх медыя.
У сакавіку гэтага года «Тэхнаніколь» абвясціла аб набыцці вытворцы фасадаў і матэрыялаў для ўнутранага аздаблення «Профілі Вокс». У размешчаны ў СЭЗ «Брэст» завод раней інвеставала польская кампанія Vox.
У чэрвені ж расіяне набылі барысаўскую лесапільна-пелетную кампанію «СВУДС экспарт» у літоўскай VMG Group. Дагэтуль «СВУДС экспарт» заставаўся адзіным з яе беларускіх актываў, які не быў перайменаваны і не ўвайшоў у новую структуру Novus Group.
Паводле экспертных ацэнак, барысаўскі завод мог абысціся пакупніку ў 30 млн еўра пры рэальным кошце каля 50 млн. Дысконт да цаны ўжываўся ў сувязі з тым, што «СВУДС экспарт», як і VMG Group, пазбавіўся свайго ключавога кліента IKEA.
Новы ўладальнік, каментуючы здзелку, заявіў, што купіў актыў «па выгаднай цане», а таксама паабяцаў укласці ў мадэрнізацыю завода 20 млн еўра і пераарыентаваць прадпрыемства на рынак Паўднёва-Усходняй Азіі.
На беларускім рынку кампанія «Тэхнаніколь» працуе з канца 1990-х. У 2005 годзе яна выкупіла мясцовага вытворцу дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў «Дах» у Асіповічах і пазней пераназвала яго ў «Дахавы завод «Тэхнаніколь».
Каментары