Новы прэм’ер Малі год жыў у Мінску і дзесяць — у Маскве. Як былая французская калонія ператвараецца ў фарпост Расіі ў Афрыцы
Калі да гадавіны расійскага поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая заклікае РФ спыніць баявыя дзеянні і вывесці свае войскі, а таксама замацоўвае асноўныя палажэнні ўкраінскай «формулы міру», супраць яе прагаласавалі, акрамя самой Расіі, усяго 6 краін. І калі большасць з іх — Беларусь, Сірыя, Паўночная Карэя, Эрытрэя, Нікарагуа, даўно вядомыя як пастаянныя расійскія кліенты, то прарасійскае Малі — з'ява даволі новая. Але так яно цяпер і ёсць: раней у Малі стаялі французскія войскі, а цяпер — байцы ПВК «Вагнер».
У верасні 2021 года з трыбуны Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый часовы прэм'ер-міністр Малі Шогель Кокала Маіга (Choguel Kokalla Maïga) абрынуўся на Францыю. А днямі ў інтэрв'ю РІА Новості Шогель Маіга на вельмі добрай рускай мове расказаў, як год жыў у Мінску, а потым дзесяць гадоў навучаўся ў Маскве. Ён назваў сябе «малійскім масквічом».
Інжынер па тэлекамунікацыях Маіга быў блізкім прыхільнікам Мусы Траарэ, які быў дыктатарам Малі ў 1968—1991 гадах, членам Нацыянальнага саюза моладзі Малі.
У тыя часы краіна ішла шляхам хоць і сацыялістычнага развіцця, але ўмеранага. Яна не была настолькі марксісцкай, як Ангола, Мазамбік ці Эфіопія. Рэжым у краіне, аднак, быў аўтарытарны, а ідэалогія — «стабільнасці рэжыму».
У 1961 годзе Малі і СССР падпісалі пагадненні аб гандлёвым і культурным супрацоўніцтве. Паралельна развіваліся адносіны з Францыяй і іншымі заходнімі краінамі. Але Малі была залежнай ад Савецкага Саюза ў плане ўзбраення і навучання сваёй арміі. Прыкладна 50 савецкіх вайсковых дарадцаў займаліся падрыхтоўкай бранятэхнікі, артылерыі і парашутнага абсталявання для вайскоўцаў Малі, а таксама навучалі малійскіх пілотаў. Саветы таксама выкарыстоўвалі малійскія аэрадромы для правядзення рэйсаў забеспячэння груп, якія яны падтрымлівалі ў Анголе. Студэнты з Малі навучаліся ў СССР.
З ростам эканамічных праблем у Савецкім Саюзе фінансавая падтрымка краіны спынілася. Пасля таго яна была вымушаная шукаць іншыя крыніцы. Пасля перавароту 1991 года ў Малі склалася шматпартыйная сістэма. За трыццаць гадоў (з 1992-га па 2020-ты) змяніліся чатыры прэзідэнты.
У 1995-м Шогель Маіга заснаваў Патрыятычны рух за аднаўленне, у які ўвайшлі прыхільнікі былога прэзідэнта Траорэ. Доўгі час партыя знаходзілася ў апазіцыі. Сам Шогель Маіга ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах ў 2002, 2013 і 2018 гадах, але ён ніколі не набіраў больш за некалькі працэнтаў галасоў. Не нашмат больш паспяховымі былі выступленні Патрыятычнага руху і на парламенцкіх выбарах: у 2007 годзе ён атрымаў 8 месцаў, а ў 2013 ўсяго тры.
У такой маргінальнай партыі наступіў «зорны час», калі ў 2020 годзе ў выніку пратэстаў, якія пачаліся 5 чэрвеня і працягваліся некалькі месяцаў, мяцежныя салдаты арыштавалі прэзідэнта Ібрагіма Бубакара Кейта і прэм’ер-міністра Бубу Сісе. 19 жніўня прэзідэнт аб’явіў аб сваёй адстаўцы і распусціў парламент.
Эксперты выказвалі здагадкі аб датычнасці да гэтага дзяржаўнага перавароту Расіі. Так, амерыканскае інтэрнэт-выданне The Daily Beast 21 жніўня 2021 года пісала аб тым, што двое баевікоў, якія кіравалі пераваротам у Малі, большую частку года правялі на навучанні ў Расіі (пагадненне аб вайсковым супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі было заключана 25 чэрвеня 2019 года). А вярнуліся яны ў Заходнюю Афрыку за некалькі дзён да зрынання прэзідэнта.
У якасці часовага ўрада быў створаны Нацыянальны камітэт выратавання народа. 18 студзеня 2021 года камітэт абвясціў аб сваім самароспуску, перадаўшы ўладу грамадзянскім сілам на чале з Ба Ндаў. Гэта кіраўніцтва краіны з’яўлялася часовым, якое павінна было падрыхтаваць новыя прэзідэнцкія выбары.
24 мая 2021 года пераходны прэзідэнт Ба Ндаў і пераходны прэм'ер-міністр Моктар Уан былі арыштаваны. Новым часовым прэзідэнтам быў абвешчаны палкоўнік Асім Гоіта.
У яго падтрымку на вуліцы выйшлі дэманстранты.
Дэманстрацыя відавочна была накіраваная на тое, каб прыцягнуць увагу Расіі. Сотні людзей маршыравалі пад вялізным партрэтам новага часовага прэзідэнта, размахваючы расійскімі сцягамі і цягаючы плакаты з нападкамі на Францыю,
якая мела на той час больш за 5 тысяч вайскоўцаў, разгорнутых у засушлівым рэгіёне Сахеля ў Афрыцы ў рамках аперацыі «Бархан» па барацьбе з сепаратыстамі.
Пасля гэтага перавароту Францыя вырашыла спыніць аперацыю. У жніўні 2022 года апошнія французскія вайскоўцы пакінулі Малі. На месца французаў прыходзяць расійскія вайсковыя інструктары і найміты з «Групы Вагнера».
4 чэрвеня 2021 года часовым прэм'ер-міністрам краіны быў прызначаны «малійскі масквіч» Шогель Кокала Маіга.
Пачынаючы з 2020-га Расія аказвае дапамогу Малі вайсковай тэхнікай. Так, у жніўні 2022 года краіна атрымала пяць самалётаў Л-39 і Су-25 і верталёт Мі-24П.
У лістападзе 2022 года падчас візіту міністра бяспекі Малі Дауда Алі Махамедзіна ў Маскву абедзве краіны падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, разведкі, кіравання рызыкамі і стыхійнымі бедствамі, барацьбы з наркотыкамі і падрыхтоўкі персаналу.
У пачатку лютага 2023 года краіну наведаў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Напярэдадні ягонага візіту малійскае міністэрства замежных спраў заяўляла:
«Гэты візіт высокага ўзроўню адпавядае палітычнаму выбару, зробленаму пераходным урадам, каб пашырыць і дыверсіфікаваць стратэгічнае партнёрства».
Выпадак з Малі яшчэ раз пацвярджае вядомую рэпутацыю Крамля, які спадзяецца змяніць палітыку афрыканскіх краін дзеля сваёй выгады. Таму пачакаем, можа, неўзабаве яшчэ ў якой краіне з'явіцца кіраўнік, які вучыўся ў Мінску. Але ганарыцца гэтым ніяк не будзе выпадаць.
Каментары