Гігін выступіў за чыстку кнігарань — у дзяржаўных сетках пачалі прыбіраць цэлыя серыі кніг
Нядаўна на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы Вадзім Гігін, старшыня аб'яднання «Веды», выступіў з ідэяй правесці чыстку кнігарань, дзе прадаецца шмат «шкоднай» літаратуры. «Книги должны изыматься», — заявіў ёй. І з продажу сталі знікаць дзясяткі твораў і зборнікаў, піша «Народная воля».
Словы Гігіна на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы працытавала «СБ. Беларусь сегодня»: «Книги должны изыматься из сетки продаж. У нас есть механизмы, чтобы эту работу ускорить. Изменения, которые происходили в исторической политике после 2020 года, имеют системный и правильный характер. Но, конечно, хотелось бы, чтобы это еще быстрее происходило».
У дзяржаўнай сетцы «Белкніга» распачаліся чысткі.
Напрыклад, піша «Народная воля», у дзяржкнігарнях цяпер стала складана адшукаць кнігі серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» — а гэта дзясяткі выданняў на самыя розныя тэмы.
Гэта і фамільная сага акадэміка Радзіма Гарэцкага «Браты Гарэцкія», і фундаментальная праца даследчыка Сяргея Шапрана «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця», і ўкладзены доктарам гісторыі Юрыем Грыбоўскім дакументальны зборнік «Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна».
Больш за дзясятак кніг для «Бібліятэкі Бацькаўшчыны» напісаў літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч. Ён працуе ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, мае пад рукой недаступныя ў Беларусі кніжныя скарбы.
Выкідаюць з кнігарань і прадукцыю выдавецтваў «Лімарыус», «Кнігазбор» і «Янушкевіч».
У пераліку забароненых аўтараў аказаўся і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін — з кнігарань знікаюць яго «Дзённікі і запісы» ў 11 тамах (шматгадовая праца даследчыцы Наталлі Давыдзенка).
Каментары