Грамадства66

«Мікалай Лукашэнка браў удзел у конкурсе, але ніколі не вучыўся». Вялікая гутарка з былым дырэктарам Ліцэя БДУ Ігарам Вараксам 

Кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Варакса працаваў у Ліцэі БДУ 20 гадоў. З 2019-га па 2021-ы ён быў там дырэктарам — заспеў паступленне Колі Лукашэнкі і вір падзей падчас слаўнага 2020-га. У вялікім інтэрв’ю Ігар Варакса расказаў, чаму ён сышоў, як жыве з сям’ёй у эміграцыі і што цяпер адбываецца ў Ліцэі. Пасля ад'езду яго дзеці вучыліся ва ўкраінскіх і літоўскіх школах. «Яны лепшыя за беларускія, лепш развіваюць дзяцей», — прыйшоў да высновы Варакса.

«Не нішчыць тое, што ствараў сваімі ж рукамі»

«Наша Ніва»: У ліпені 2021-га вы падпісалі заяву на звальненне па згодзе бакоў. Чаму сышлі?

Ігар Варакса: Не мог працаваць далей. З самага пачатку я не планаваў быць дырэктарам Ліцэя, бо мяне цалкам задавальняла мая праца намесніка, на якой я адпрацаваў пятнаццаць папярэдніх гадоў. У 2019-м пасаду дырэктара я быў вымушаны заняць праз раптоўны сыход папярэдняга дырэктара Ліцэя БДУ Макара Шніпа. Я працаваў дырэктарам на працягу двух гадоў, але разумеў, што сітуацыя ў Беларусі ўвогуле, і ў сістэме адукацыі ў прыватнасці, разгортваецца не ў тым кірунку, у якім бы мне хацелася бачыць.

Перспектыў захаваць лад жыцця, да якога многія прызвычаіліся за гады «беларускай адлігі» — 2015—2019, — не было ніякіх.

Ліцэй не змог бы надалей існаваць на выспе, адрэзаны ад усёй астатняй сістэмы адукацыі. У сваю чаргу мне не хацелася б бачыць на ўласныя вочы заняпад той справы, у якую ўкладаў душу. А яшчэ не хацелася нішчыць сваімі ж рукамі тое, што ствараў падчас папярэдняй працы ў Ліцэі. Таму трэба было сыходзіць.

Спачатку сышоў у адпачынак: паляцелі на мора, пасля ва Украіну. Там спадабалася, вырашылі з сям’ёй заставацца. 11 сакавіка, пасля пачатку вайны, пераехалі ў Літву. 

Усё, што ў Беларусі адбывалася раней, Ліцэя асабліва не тычылася. Ён далёка не ўсім падабаўся, але Ліцэй даваў краіне шмат розных плюсоў. Калі паглядзець на пераможцаў міжнародных алімпіяд, то 40—45 працэнтаў былі ліцэістамі.

Зразумела, што лепш не чапаць тое, што і так добра працуе. Былі пэўныя вынікі, і праз гэта моцна ніхто з уладаў на нас не звяртаў увагі. 

Другое, што паўплывала на адносна аўтаномнае існаванне Ліцэя ў сістэме адукацыі, — тое, што ён падпарадкоўваецца непасрэдна Міністэрству адукацыі, а таксама ўваходзіць у склад комплексу БДУ. Таму большасць праблемаў, напрыклад,

бюракратыя, якая характэрная для іншых беларускіх устаноў, у Ліцэі не адчувалася. Настаўнікі займаліся толькі тым, што яны павінны рабіць, — вучыць.

«НН»: Ці ставіліся пасля 2020-га нейкія ўмовы, якім Ліцэй мусіць быць, чаго ў ім быць не павінна?

ІВ: Не было такога. У 2020-м і 2021-м ніякіх істотных зменаў не адбывалася. Напэўна, уладам было не да нас, бо праблемы ў іх тады былі іншыя. Пазней яны вырашыліся, і рукі сталі даходзіць да ўстаноў адукацыі.

«НН»: Вы казалі, што там склалася файная каманда намеснікаў, вы адчувалі, што яны будуць развіваць Ліцэй і далей. Але, мяркуючы па навінах, там усё складваецца даволі сумна. Напрыклад, нядаўна многіх абурыў палітызаваны конкурс, які праводзіў Ліцэй сумесна з КДБ. Як гэта стала магчымым?

ІВ: Я не магу казаць за іх асабіста.

Мы не знаходзімся ў Беларусі, і хто ведае, як бы мы паводзілі сябе ў тых умовах.

Вяртаючыся да вашага першага пытання, я прадчуваў, што ўсё ідзе ў гэтым кірунку, і думаў, што лепш будзе сысці тады, бо ўсё адно калі-небудзь прыйшлося б праз тое, што некаторыя сучасныя новаўвядзенні ў выхаваўчай працы ва ўстановах адукацыі я не падтрымліваю.

«НН»: Вы былі дырэктарам Ліцэя, калі туды паступіў Мікалай Лукашэнка. Ці ён туды паступіў на роўных з іншымі? 

ІВ: Я не магу агалошваць асабістыя даныя абітурыентаў. Але магу сказаць адно: Мікалай Лукашэнка браў удзел у конкурсным адборы ў 2020 годзе, але ніколі ў Ліцэі не вучыўся.

«Да апошняга не верылі ў рэальнасць такога»

«НН»: Чым вы цяпер займаецеся? 

ІВ: Раблю тое, што лепш за ўсё ўмею, — выкладаю.

«НН»: Не шкадуеце пра ад’езд?

ІВ: Зусім не. З другога боку,

мы да апошняга моманту не верылі ў рэальнасць такога. З гэтага стану нас вывела затрыманне ў 2021-м выпускніцы Ліцэя і юрфака БДУ пасля прамовы са сцэны, у якой яна згадала Максіма Знака.

Вось тады, ужо знаходзячыся ў Львове, я зразумеў, што вяртацца ў Беларусь не хачу. Прычым не столькі дзеля сябе, а дзеля сям’і. Я не хачу, каб мае дзеці раслі ў лайтовым варыянце Паўночнай Карэі.

Акрамя спакою, які мы здабылі за мяжой, мяне перапаўняе радасць за дзяцей. Калі кажуць, што ў Беларусі лепшая адукацыя, я катэгарычна не згодны. Гэта міф, а таксама прадукт адсутнасці аб’ектыўнага знешняга ацэньвання і сістэмнай дэзынфармацыі на ўсіх узроўнях. 

Мая старэйшая дачка змяніла ў Беларусі тры школы, і нідзе ёй так не падабалася вучыцца, як ва ўкраінскай. Тут вялікі дзякуй Настассі Шпакоўскай за яе высілкі па арганізацыі школы для беларускіх дзяцей ва Украіне на базе кіеўскай установы адукацыі. У нашых дзяцей быў як украінскі, так і беларускі кампанент і найвыдатнейшыя настаўнікі. 

Сярэдняя дачка пайшла ў школу ўжо ва Украіне, самым вялікім ударам для яе пасля ад’езду стала страта магчымасці вучыцца ў сваёй любімай школе ў Львове. Яна нават перастала ўвогуле ўжываць рускую мову ў побыце, а цалкам перайшла на ўкраінскую. Гэта быў такі дзіцячы пратэст супраць вайны і краіны, якая гэту вайну распачала. 

«Па маіх падліках, Ліцэй з моманту майго сыходу згубіў 12 супрацоўнікаў»

«НН»: Якія ёсць адрозненні паміж беларускай і ўкраінскай сярэдняй адукацыяй?

ІВ: Ва ўкраінскай адукацыі настаўнікі бачаць дзяцей, вучаць іх думаць, прымаць рашэнні і адстойваць іх.

Нездарма па выніках PISA2018 па параметры крытычнае мысленне ўкраінскія дзеці абышлі нават сярэдні паказчык па краінах OECD

Калі размаўляў з украінскімі выкладчыкамі па гуманітарных прадметах, то яны казалі, што ў дзяцей-беларусаў падчас навучання яны заўважаюць такую асаблівасць: школьнікі прымаюць на веру тое, што сказаў настаўнік, а спрачацца, дыскутаваць не збіраюцца, нават калі настаўнік мяняе сваю пазіцыю на супрацьлеглую. 

У Літве ёсць розныя ўстановы адукацыі. Можна вучыцца ў рускіх школах, але яны [ў выніку наплыву бежанцаў у 2021—2022 гадах] перапоўненыя. Можна ўладкавацца ў літоўскія школы, але літоўскую мову цяжка засвоіць хутка, таму мы абралі для сябе польскія, цалкам задаволены адукацыйным працэсам. 

Тут таксама ёсць праблемы, назіраецца недахоп настаўнікаў. Але пра гэта кажуць адкрыта і ёсць разуменне, што праблему трэба вырашаць. І ў гэтым адрозненне ад Беларусі, дзе што б ні здарылася, заўсёды будуць казаць, што ўсё пад кантролем і працуе ў штатным рэжыме. Так што я бачу больш перспектыў у літоўскай сістэме адукацыі, чым у беларускай.

«НН»: Ці шмат настаўнікаў звольнілі з Ліцэя? Які там цяпер склад?

ІВ: Пра гэта насамрэч вельмі цяжка даведацца. Сайт ужо даўно не адлюстроўвае рэчаіснасці. Толькі пасля сыходу Марыны Казлоўскай там аднавілі склад настаўнікаў па кафедрах. Але абнавілі напалову. Прыбралі тых, хто сышоў. Новых настаўнікаў так і не дадалі. Таму цяжка казаць аб’ектыўна. 

Там яшчэ працуе шмат таленавітых выкладчыкаў: тых, якія зрабілі Ліцэй феноменам у беларускай сістэме адукацыі. Але з таго моманту, як я звольніўся, ужо сышлі самастойна ці былі звольненыя, па маіх падліках, 12 супрацоўнікаў.

Уніфікацыя школьных экзаменаў з ЦТ — правільная

«НН»: Што думаеце наконт апошніх новаўвядзенняў з ЦТ і школьнымі іспытамі?

ІВ: Даўно трэба было зрабіць нешта падобнае. Раней мы мелі зусім розныя па сутнасці выпускныя іспыты са школы і ўступныя ў ВНУ: па мовах пераказ, а на ЦТ — тэст; па матэматыцы кантрольная — на ЦТ тэст; гісторыю Беларусі і замежныя мовы здаюць вусна — на ЦТ ізноў-такі тэст.

Атрымлівалася, што адначасова трэба было рыхтавацца да двух розных відаў кантролю ведаў, якія цяжка спалучыць. Зараз будзе прасцей. 

«НН»: Якія экзамены для паступлення ў ВНУ прапанавалі б вы?

ІВ: Профільныя прадметы і беларуская мова. Форма — цэнтралізаванае тэставанне з пашыранай часткай В. Адзінае, што я зрабіў бы, складаў бы менш фармалізаваныя заданні. 

Калі я яшчэ працаваў і выкладаў фізіку ў выпускных класах, даваў вучням розныя заданні, якія браў з ЦТ, ОГЭ (тэставы іспыт для паступлення ў ВНУ ў Расіі. — НН), SAT (стандартызаваны тэст для прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў ЗША. — НН) і AP (іспыты ў ЗША, маюць раздзел з некалькімі варыянтамі адказаў і са свабодным адказам. — НН). Заданні, якія складае РІКВ, вельмі лёгка прыводзяцца да шаблону. Па кожнай тэме, якія ёсць на ЦТ, можна лёгка падрыхтаваць абітурыента.

Я, вядома, працаваў з ліцэістамі, таму не магу казаць за ўвесь кантынгент выпускнікоў, але, калі даваў тэматычныя работы ў сваіх профільных класах, складзеныя з заданняў ЦТ і РТ, вынікі былі выключна 9—10. А калі тую самую работу складаў па тэставых заданнях ОГЭ — нават у ліцэістаў было размеркаванне балаў ад 6 да 10.

Па маіх назіраннях, ОГЭ больш выразна дыферэнцыраваў выдатнікаў, якія маюць веды вышэй за сярэднія. Тое самае магу сказаць і пра SAT, AP.

«Творчасць і вольнасць»

«НН»: Якія рэформы патрэбныя беларускай адукацыі? Што б вы зрабілі?

ІВ: Я вельмі доўга працаваў у Ліцэі БДУ, таму ў мяне прафесійная дэфармацыя адбылася за доўгі перыяд працы. Я б пераробліваў усё па прыкладзе Ліцэя — творчасць і вольнасць.

Гэта ў заканадаўства аформіць немагчыма.

Ліцэй такім унікальным атрымаўся дзякуючы таму, што там была атмасфера супрацы: да вучняў ставіліся як да калег, а не зверху ўніз.

Гэта што тычыцца маіх асабістых уражанняў і пажаданняў, але таксама я маю і пэўныя пажаданні, заснаваныя на аб’ектыўных даных. Асноўнай крыніцай іх з’яўляецца даследаванне PISA2018 (міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў. — НН) — гэта і ёсць той самы знешні аўдыт, якога не хапала беларускай сістэме адукацыі, каб вызначыць сваё месца сярод іншых краін.

Даследаванне дае магчымасць не толькі ацаніць узровень ведаў вучняў, але і тое, якім чынам гэты ўзровень ведаў быў дасягнуты. Якую ролю пры гэтым адыграла непасрэдна сістэма адукацыі, а якую ўмовы, якія былі створаны ў сям’і. Мы маем люстэрка, у якое не заўсёды прыемна глядзець.

«Адрозніваюцца самым нізкім энтузіязмам»

Напрыклад, цікавае назіранне:

сярод усіх краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі беларускія настаўнікі адрозніваюцца самым нізкім энтузіязмам пры правядзенні заняткаў, пры гэтым асноўны спосаб выкладання — гэта камунікацыя і перадача ведаў у кірунку ад настаўніка да вучня і адсутнасць зваротнай сувязі.

Якія высновы ёсць з гэтага даследавання? 

Напрыклад, настаўнікі ў Беларусі слаба задзейнічаныя ў прафесійным навучанні.

Доля настаўнікаў, якія прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі за трохмесячны перыяд напярэдадні правядзення тэсціравання PISA, самы нізкі нават у рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Таксама ў Беларусі доля настаўнікаў у школах, якія маюць ступень магістра, самая нізкая ў свеце. Калі быць дакладным, то другая з канца. Адпаведна, гэту сітуацыю трэба мяняць. 

Яшчэ адно назіранне — сацыяльна-эканамічныя праблемы і тое, як яны ўплываюць на адукацыю. На дзяржаўным узроўні ставіцца мэта даць роўныя магчымасці ў атрыманні адукацыі кожнаму. З гэтай тэзай цяжка спрачацца. У рэчаіснасці гэта зводзіцца да таго, што сістэма адукацыі да ўсіх вучняў мае аднолькавы падыход. 

Але калі паглядзець на даследаванне PISA і Беларусь у кантэксце іншых краін, то ў нас такі падыход стварае перадумовы для з’яўлення сацыяльнай няроўнасці, бо вучні з сем'яў з высокім сацыяльна-эканамічным статусам маюць больш магчымасцяў атрымаць грунтоўную адукацыю ў беларускай сістэме. 

Вучні з сем'яў, дзе ёсць рэсурсы на гурткі ранняга развіцця, на дадатковую адукацыю, на рэпетытараў, атрымліваюць лепшую адукацыю па заканчэнні школы. І з гэтым можна было б пагадзіцца, маўляў, а што ж вы хацелі, відавочна, што сацыяльна-эканамічны і культурны статус сям’і будзе ўплываць на вынікі адукацыі. Я і сам так лічыў. Аднак з гэтым можна пагаджацца роўна да таго моманту, пакуль мы не пабачым вынікі Беларусі ў кантэксце сусветных. 

У Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў роўнасці доступу да адукацыі ў свеце. Ніжэй за нас толькі Перу.

Сацыяльна-эканамічныя праблемы ёсць і ў іншых краін, але некаторыя з іх дасягнулі ўзорнай роўнасці, калі кожны вучань незалежна ад свайго паходжання можа дасягнуць на PISA найвышэйшых вынікаў пятага і шостага ўзроўняў як па чытацкіх навыках, так і ў галіне матэматыкі і навукі.

У Беларусі роўнасць доступу да адукацыі адпавядае савецкаму паняццю «ўраўнілаўка», калі сістэма адукацыі не бачыць у вучнях асоб, а ў свеце ідэалам роўнасці з’яўляецца тое, калі сістэма адукацыі мусіць прыстасавацца да індывідуальных патрабаванняў кожнага вучня і навучыць яго незалежна ад сацыяльна-культурна-эканамічнага бэкграўнду, задаволіць усе яго індывідуальныя патрэбы.

У гэтым жа даследаванні аналізаваўся паказчык «ацэнка праўдзівасці інфармацыі» вучнямі. Цікава, што краінай з такім высокім паказчыкам стала Украіна, там дзеці адрозніваюць праўду ад падману. І гэты вынік цалкам супадае з маімі ўласнымі назіраннямі. 

Таксама важны кірунак зменаў — гэта стан беларускай мовы. Даследаванне PISA паказала, як беларускія дзеці выконваюць заданні, якія напісаны на беларускай мове і на рускай. На беларускай выконвалі значна горш.

Магчыма, дзеці, калі б выконвалі заданні па-руску, напісалі б адказы на пытанні, але ў выпадку беларускай мовы проста не разумеюць, пра што ідзе гаворка ў заданнях. Гэта праблема, якую трэба вырашаць.

Дарэчы, нягледзячы на наяўнасць беларускіх школ, беларуская мова амаль што выкраслена як з адукацыйнага працэсу, так і з паўсядзённага жыцця.

Напрыклад, у 2018 годзе ўдзельнікам даследавання PISA дазвалялася выбіраць мову тэста. З больш як 6 000 школьнікаў беларускую мову ў тэстах выбрала каля 40 чалавек.

Другі ўскосны прыклад вынікаў мэтанакіраванага знішчэння беларускай мовы на працягу апошніх 30 гадоў — гэта колькасць замоўленых тэстаў РТ на беларускай мове.

Я не магу казаць за ўсю Беларусь, але ў Ліцэі БДУ цяпер выконваюць заданні РТ па-руску.

Адукацыя — гэта інертная сістэма. Доўгія часы мы выязджалі на рэштках савецкай. Тыя змены, якія адбываюцца ў грамадстве, зараз будуць уплываць на сістэму праз гады і нават дзесяцігоддзі. 

Я цікаўлюся тым, як працуюць сістэмы адукацыі ў розных краінах, таму праглядаю і праслухоўваю шмат матэрыялаў, напрыклад, падкаст OECD аб праблемах адукацыі, і вось у адным з выпускаў закраналіся поспехі Эстоніі ў PISA. У адказ на пытанне карэспандэнта, як так сталася, прагучала цудоўная фраза: «20 гадоў таму мы зрабілі рэформы, і вось цяпер яны далі свой плён». 

«Я не ведаю, чым усё ўрэшце скончыцца»

«НН»: Цяпер дзяцей у беларускіх школах прымушаюць «любіць Радзіму», арганізуюць «патрыятычнае выхаванне». На вашу думку, ці трэба вучыць, як любіць Радзіму? Калі так, то як? 

ІВ: Мне спадабаўся досвед украінскай сістэмы адукацыі ў гэтым. Тыя ж святы там рабіліся не штучна, а натуральна. Варта рабіць свята без аўтамата. Школа, асабліва пачатковая, моцна ўплывае на вучняў. 

Так атрымалася, што мае дзеці за апошнія гады вучыліся ў розных сістэмах адукацыі, і я бачу, які магутны ўплыў на дзіцячую свядомасць робіць школа.

Калі мы пераехалі ва Украіну, ніхто з нас не размаўляў па-ўкраінску. Але ўжо праз два месяцы ў першым класе дачка перайшла на ўкраінскую мову. Я быў уражаны, бо сам дома размаўляю па-беларуску, дзеці з дзяцінства слухаюць і разумеюць беларускую мову, але паколькі садок і школа стваралі рускамоўнае асяроддзе, то нават дома яны размаўлялі выключна па-руску. А тут за два месяцы такі вынік. 

Таму не трэба недаацэньваць тое, як сістэма адукацыі можа ўплываць на дзяцей. Калі культ сілы ці асобы будзе насаджвацца з дзіцячага садка бацькамі, вельмі цяжка будзе гэтаму супрацьстаяць.

Я не ведаю, чым усё ўрэшце скончыцца. Любы чалавек хацеў бы жыць у краіне, дзе сацыяльныя інстытуты не разбураныя.

На адбудову сістэмы адукацыі ў Беларусі нават пры добрым менеджменце спатрэбіцца не адзін год, а можа і дзесяцігоддзе. 

Чытайце таксама: 

Цэнтралізаваны экзамен: ад «а» да «я»… Канчаткова вызначыцца з прадметамі выпускнікам трэба будзе да 1 сакавіка

«Буду ставіць адзнакі толькі за рускія адказы». Беларускамоўныя школьнікі дзеляцца ў тыктоку выпадкамі дыскрымінацыі на ўроках

Каментары6

  • Беня
    18.12.2022
    Царевичи обязаны иметь чистый ум, свободный от науки.
  • Алек. Ру
    18.12.2022
    Уразіла, што школьнікі не разумеюць беларускай мовы. Моўная палітыка Лукашэнкі дала свае атручаныя плады.
  • Бывш. Лиц.
    19.12.2022
    Пустазелле , да, к олимпиадникам преподаватели относились заметно теплее, чем к остальным...

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку12

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Казачны парк або турыстычная вёска. Куды паехаць на выхадныя гэтай восенню?2

Як бюджэтна адпачыць на востраве вечнай вясны ў Атлантычным акіяне? Беларусы падзяліліся досведам4

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ2

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку12

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →