Мінская фірма выпускае чахлы на тэлефоны з літарай Z. А ці можна замовіць з надпісам «Слава Украіне»?
Чытачы «Нашай Нівы» заўважылі, што адна з мінскіх кампаній вырабляе чахлы з літарай Z, якая стала сімвалам расійскай агрэсіі. Паспрабавалі замовіць у сэрвісе чахол з надпісам «Слава Украіне». І вось што атрымалі ў адказ.
Размова пра фірму Caseme.by. У іх у сацсетках можна знайсці прыклады прадукцыі — з георгіеўскай стужкай, літарай Z і надпісам «Мне не стыдно, я русский». Прытым што гэты ж сэрвіс робіць на замову чахлы з беларускамоўнымі надпісамі і арнаментам.
Ці могуць яны прыняць заяўку ад кліента на чахлы з украінскім сцягам і надпісам «Слава Украіне»?
«З украінскім сцягам зробім, а вось з фразай «Слава» — не. Гэтае выказванне мы не друкуем», — адмовілі ў фірме.
Але ж чаму расійскі Z можна, а гэта не?
«Не трэба сыходзіць у палітычныя размовы, што добра, а што дрэнна. Я вас не пераканаю, вы не пераканаеце мяне.
Мы падтрымліваем афіцыйную палітыку нашай дзяржавы, таму не друкуем у тым ліку БЧБ і іншую сімволіку. Украінскі сцяг — калі ласка, а вось фразы гэтыя — не», — патлумачыў менеджар.
Таксама сэрвіс вырабляе чахлы з эмблемамі МУС, спецназу, пагранвойскаў. Адзін такі каштуе 35 рублёў.
Каментары