Мікалая Аўтуховіча будуць судзіць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса
Учора стала вядома, што суд на Мікалаем Аўтуховічам прызначаны на 16 мая. Працэс пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Максім Філатаў, паведамляе «Вясна».
Усяго па «Справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх — Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць, 20 мая 2021 года асуджаны па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі,) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Пакуль не вядома дакладна, у якім фармаце пройдзе судовы працэс — адкрытым ці закрытым. Таксама пакуль незразумела, ці будуць судзіць «групу Аўтуховіча» разам.
Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль Audi 80 і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вул. Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль Skoda Octavia, які належаў супрацоўніку міліцыі. Крымінальная справа ў дачыненні да іншых членаў «злачыннай суполкі» выдзеленая ў асобную вытворчасць.
Якія артыкулы следства інкрымінуе Мікалаю Аўтуховічу:
ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй;
ч. 2 арт. 357 — замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;
ч. 3 арт.130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
ч. 1 арт. 290-2 — замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць;
ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго;
ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў;
ч. 3 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад;
ч. 1 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў.
У розных фігурантаў «справы Аўтуховіча» маюцца таксама і іншыя абвінавачванні: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) і ўкрывальніцтва цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 Крымінальнага кодэкса).
У суд перададзеныя справы іншых «удзельнікаў тэрарыстычнай групіроўкі»: Вольгі Маёравай, Галіны Дзербыш, Віктара Снегура, Паўла Савы і сям'і Разановічаў (Дзмітрыя, Сяргея, Паўла і Любові).
Каментары