Павел Дураў просіць не называць яго «расійскім бізнэсменам». І ён такі не адзін
Шэраг прадпрымальнікаў, звязаных паходжаннем з Расіяй, звярнуліся да выдаўцоў часопіса Forbes з просьбай не называць іх «расейскімі бізнэсоўцамі». У прыватнасці, піша выданне, пра гэта папрасілі прадстаўнікі заснавальніка «ВКонтакте» і Telegram Паўла Дурава.
«Павел з'ехаў з Расіі шмат гадоў таму і не збіраецца вяртацца», — заявіў прадстаўнік бізнэсмэна. Дураў некалькі гадоў фігураваў у спісах Forbes як прадстаўнік Расіі, аднак цяпер просіць паказваць, што з мінулага года ён з'яўляецца грамадзянінам Францыі (таксама ў заснавальніка Telegram, па наяўных дадзеных, ёсць грамадзянства астраўной дзяржавы ў Карыбскім моры Сэнт-Кітс і Нэвіс).
Таксама просяць не называць іх расійскімі бізнесменамі Ігар і Дзмітрый Бухманы — заснавальнікі кампаніі Playrix, якая займаецца распрацоўкай мабільных гульняў, Мікалай Старонскі — сузаснавальнік Revolut і інвестар Юрый Мільнер.
Бухманы засведчваюць, што яны некалькі гадоў таму пераехалі ў Ізраіль, а прадстаўнікі Старонскага нагадваюць, што ён з'яўляецца грамадзянінам Вялікабрытаніі.
Юрый Мільнер настойвае на тым, што з 2014 года не быў у Расіі і не мае актываў на яе тэрыторыі, а яшчэ ў 1999 годзе атрымаў грамадзянства Ізраіля.
Forbes адзначае, што просьбы ад прадпрымальнікаў, якія маюць сувязі з Расіяй, не паказваць іх у спісах як «расійскіх бізнэсменаў» паступалі і раней, аднак апошнія некалькі месяцаў колькасць такіх зваротаў павялічылася, у тым ліку на фоне санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі праз уварванне ва Украіну.
Каментары