Грамадства

«Я проста быў чарговы прадпрымальнік, якога вырашылі патрэсці». Аляксандр Кныровіч пра калонію, страту ўсяго і сапраўдных сяброў

У 2016 годзе Аляксандр Кныровіч быў паспяховым бізнэсменам і вядомым публіцыстам, у 2017 — стаў вязнем СІЗА, у 2018 атрымаў 6 гадоў калоніі. У жніўні 2021 ён выйшаў на волю і менш чым праз месяц прыняў рашэнне з’ехаць з Беларусі. Як так адбылося, што адчувае Кныровіч сёння і як прайшлі гады ў зняволенні, ён расказаў «Нашай Ніве».

Аляксандр Кныровіч пасля вызвалення

«Наша Ніва»: Вашыя першыя ўражанні на волі?

Аляксандр Кныровіч: Самыя пазітыўныя ўражанні звязаныя з маімі роднымі і блізкімі, бо ўсё ж чатыры гады і сем месяцаў без іх было цяжка. А ім прыйшлося цяжэй, чым мне. Бо я ўсяго толькі сядзеў у турме, а яны ўсё гэта пражывалі тут. І акрамя таго былі вымушаныя клапаціцца яшчэ і пра мяне. Вядома, калі я вярнуўся, самае пазітыўнае — сустрэчы, размовы, слёзы разам з блізкімі.

Негатыўныя моманты: цяжка разумець, што некалькі добрых людзей за гэты час памерлі, частка маіх знаёмых сядзіць у калоніях. Дастаткова шмат з’ехала. І гэта агаломшвае, хоць розумам і разумееш, што адбываецца ў краіне.

«НН»: Штосьці змянілася ў грамадстве па вашых адчуваннях?

АК: Канечне, 2020 год прынёс натхненне, людзі адчулі сябе народам, разам, з'яднанымі нарэшце. Але ёсць вялікае адчуванне расчаравання, паразы. Ад гэтага ў грамадстве сапраўды вялікая дэпрэсія.

«НН»: За час зняволення пачалі на штосьці ці на кагосьці глядзець інакш?

АК: Калі чалавек трапляе ў калонію, гэтым адразу правяраюцца яго сацыяльныя сувязі. Хтосьці сыходзіць з вашага жыцця назаўжды — і дзякуй богу, што сыходзіць. Але нечакана людзі, якія не былі вельмі блізкімі, раптам пачынаюць дапамагаць, і дапамагаюць увесь гэты працяглы тэрмін.

Гэта такія пачуцці, нібыта ты памёр і бачыш, што адбываецца пасля тваёй смерці. Добрая нагода зразумець, хто твой сапраўдны сябар, а хто так, «пагуляць выйшаў».

У такім сэнсе турма гэта правільны і неабходны вопыт, за які можна быць удзячным. Таму так, на некаторых людзей я пачаў глядзець інакш, некаторых увогуле выкрасліў са свайго жыцця. А перад некаторымі адчуваю цяпер абавязацельствы і ўдзячны ім. 

Турма дае магчымасць адсартаваць людзей вакол цябе на сапраўды блізкіх, і тых, хто насамрэч табе не патрэбны. Першых аказваецца нашмат менш — затое яны сапраўдныя.

«Не магу падтрымаць стаўленне да работнікаў міліцэйскай сістэмы, якое зараз склалася ў грамадстве»

«НН»: З нейкімі праблемамі ці ціскам вы сутыкаліся ў калоніі?

АК: Я не магу падтрымаць стаўленне да работнікаў міліцэйскай сістэмы, якое зараз склалася ў грамадстве, што «там», маўляў, працуюць абсалютныя звяры. Бо на сваім вопыце я не сутыкаўся з гвалтам у дачыненні да сябе ці дачыненні да людзей вакол мяне. 

Ёсць такі тэрмін «стакгольмскі сіндром». Адпаведна, там, у калоніі адбываецца не наўпрост гэта, але нешта падобнае. Бо там усе, і зняволеныя, і міліцыянты, знаходзяцца побач штодня.

Усе яны простыя людзі і хочаш ці не хочаш, але фарміруецца спакойнае чалавечае стаўленне адно да аднаго. Нават калі людзям з таго боку даводзілася рабіць некаторыя непрыемныя рэчы, яны рабілі гэта абсалютна без аганька. Без нейкага запалу, і гэта ратаванне нашае. Бо ўся ж гэтая сістэма зверху — такі вялікі маналітны грозны шар. А ўнізе яна ператвараецца ўжо ў мяккі і пухнаты мячык.

Былі некалькі чалавек, якія праз нейкія асабістыя якасці ці прычыны, паводзілі сябе як садысты. Але эмацыйныя садысты — з фізічнымі здзекамі я не сутыкаўся ніколі. Але і тое не выходзіла за нейкія межы, таму я не магу казаць пра катаванні ці нешта такое.

«НН»: У калоніі вы займаліся тэатрам і чыталі лекцыі па эканоміцы?

АК: У калоніі прадугледжваецца правядзенне розных лекцый як частка папраўчага працэсу. Таму лекцыі спачатку знайшлі падтрымку.

Яны былі пра тое, што людзі могуць рэалізоўвацца ў тым ліку і праз бізнэс. У такім вось фармаце мы правялі 16 лекцый. Для мяне гэта быў пазітыўны вопыт, бо сфарміравалася група, якая прыходзіла з задавальненнем паслухаць, пасля абмеркаваць, падыскутаваць. Але пасля публікацыі пра гэта паступіў сігнал зверху і мне — без агрэсіі — сказалі: не трэба, вы малайчына, але больш не трэба.

А тэатр у калоніі гэта абсалютна адкрытая магчымасць для ўсіх, хто зацікаўлены ў гэтым. Я разумею, што больш ніколі ў жыцці не буду выходзіць на сцэну, не буду рэжысёрам, але там мне гэта было вельмі цікава і вельмі падабалася. 

«НН»: Якія ролі выконвалі?

АК: Усё пачалося з таго, што чалавек, які на той момант быў рэжысёрам, сказаў мне: ёсць для вас выдатная роля! Прама падыходзіць вам!

Думаю, хм, цікава, што ж там такое? Аказваецца, гэта роля хабарніка!

Такім чынам пачалася мая кар’ера з ролі хабарніка, працягнулася ролю майстра змены ў спектаклі пра жыццё ў калоніі. Мы ставілі трагіфарс на гэтую тэму, я быў сурэжысёрам, але прыйшлося і выйсці на сцэну, бо адзін з акцёраў рэзка не змог гэтага зрабіць.

Трэцяя мая роля была ў абавязковым спектаклі, які планава трэба было ставіць на 9 мая. Там я быў камандзірам партызанскага атраду. Спектакль быў шмат у чым фармальны, але мы пастараліся дадаць туды рэальнага жыцця, чагосьці накшталт Быкава і яго «Сотнікава». 

А пасля быў спектакль па фільму «Нябесны суд»: памірае чалавек, трапляе на суд, дзе адвакат і пракурор разбіраюць яго апошнія дзеянні. У нашым выпадку чалавек апошняе, што зрабіў — схлусіў.

І мы шмат гаварылі на сцэне пра тое, што такое хлусня. Я граў ролю адваката. Вось такая кар’ера: карупцыянер, начальнік змены, камандзір партызанскага атраду і адвакат на нябесным судзе.

«Адчуваеш, што можаш згубіць тое, што маеш, і ад таго цэніш гэта больш»

«НН»: Вашая выснова — калонія перавыхоўвае людзей?

АК: Не. У большасці выпадкаў калонія ніяк не мяняе чалавека. Бывалі выпадкі, калі чалавек быў не гатовы да жыцця зусім і калонія давала яму магчымасці.

Была ўнікальная гісторыя: прыехаў мужчына ўвесь проста сіні, абсалютна апухлы, бачна, што піў шмат і піў даўно. А праз год я бачу яго: падцягнуты, гуляе ў футбол. І калонія яго выратавала.

Але гэта адзінкавы выпадак. У цэлым, калонія не мяняе. Галоўнае правіла мужчынскае там: жыві як жыў.

Калі ты быў будаўніком на волі — то і паводзь сябе так, не трэба рабіць выгляд, што ты нехта іншы. І тады ўсё будзе добра. Гэта галоўнае правіла.

«НН»: А вы адчуваеце, што не змяніліся ўнутрана за гэтыя гады?

АК: Гэта трэба пытацца ў блізкіх, збоку лепш бачна. Але так, па адчуваннях асабліва не змяніўся. Адзінае, што можа стаў больш спакойны і менш хочацца разменьвацца на дробязі.

Бо няма адчування бясконцасці жыцця, наадварот — з’явілася адчуванне канечнасці яго. Ты адчуваеш, што можаш згубіць тое, што маеш, і ад таго цэніш гэта больш, чым раней.

«У Беларусі ёсць небяспека для кожнага, тут бізнэс — язда без правілаў»

«НН»: Як вы самі ўспрымаеце сваю пасадку: гэта была помста за штосьці? Падстава? Справядлівае пакаранне за нейкія сапраўдныя злачынствы?

АК: Я лічу, што гэта быў натуральны працэс, у тым плане, наколькі натуральным з’яўляецца падыход да беларускага прадпрымальніка з боку сілавікоў.

Беларускі прадпрымальнік — вельмі зручная цэль. І я проста быў чарговы прадпрымальнік, якога вырашылі патрэсці. Проста прыйшла мая чарга.

А тое, што гэта выклікала такі рэзананс, гэта выпадковы эфект, якога КДБ не чакала, бо яны недаацэньвалі моц інтэрнэту ў цэлым і асобных сайтаў у прыватнасці. Думаю, для іх стала сюрпрызам, што ў дзень майго арышту такая колькасць людзей загаварыла пра мяне. 

«НН»: Першыя часы пасля вашага затрымання вельмі папулярнай была думка, што Кныровіча ўзялі за яго публіцыстыку.

АК: Гэта фантазіі. Я не выключаю, што сапраўды была нейкая сабраная тэчка на мяне, але доказаў гэтаму ніякіх няма. Хутчэй за ўсё проста прыйшла мая чарга, як прадпрымальніка.

«НН»: У Беларусі ўвогуле можна займацца бізнэсам і не сесці? Бо садзяцца ўсе, нават такія блізкія да цела людзі як Чыж.

АК: Гісторыя Чыжа — яна выдатная сваёй чысцінёй. Гэта і ёсць адказ — сесці рызыкуюць абсалютна ўсе. Імунітэту няма. 

Сябар Пуціна сесці не рызыкуе. Мы ніколі не пачуем пра пасадкі Ротэнберга ці Сечына. Бо ў Пуціна ёсць паняцці, ёсць берагі. 

А ў Беларусі ёсць небяспека для кожнага, тут бізнэс — язда без правілаў. Небяспека большая, чым у любой іншай краіне.

«НН»: У вас засталося што-небудзь сёння? Бізнэс? Маёмасць?

АК: Нічога няма. Нуль. Так атрымалася яшчэ, што абсалютна выпадкова нейкую маёмасць я прадаў, а новую яшчэ не купіў. І якраз у гэты момант па мяне прыйшлі.

Таму сёння я проста цалкам на нулях. Але дзякуй маім сябрам, якія здзівілі мяне тым, што сабралі нейкую суму для мяне на мой выхад з калоніі, каб я мог нейкі час спакойна жыць.

Я вельмі ім удзячны за гэта. І спадзяюся, што праз нейкі час змагу гэтыя грошы ім вярнуць.

«Паціху, па кроку, я знайшоў сэнс у жыцці ў калоніі»

«НН»: Недзе вы казалі, што мужчына мусіць мець дзяцей, жанчыну, сваю справу… Як не з’ехаць з глузду, калі гэта забіраюць і разумееш, што ў бліжэйшы час нічога не змяніць?

АК: Я на дзіва справіўся з гэтым даволі лёгка. Хоць былі і вельмі цяжкія моманты, нават унутраных істэрык. Але яны былі кароткачасовымі. Не ведаю, адкуль у мяне знайшліся сілы, але паціху, па кроку, я знайшоў сэнс у жыціі ў калоніі, убачыў падтрымку блізкіх.

Я не ведаю, што было б, каб далі 10 гадоў, бо на пяты год я пачаў вельмі стамляцца. Але першыя чатыры гады я цалкам нармальна сябе адчуваў. Нават паправіў здароўе, яно стала лепш, чым было. 

«НН»: У 2020 годзе даходзілі навіны ў калонію? Чаго чакалі?

АК: Тое, што адбывалася, было для мяне абсалютнай фантастыкай. Але інфармацыі было мала, я мог толькі прыслухоўвацца да меркавання тых, хто трапіў у калонію і расказваў, што на гэтых выбарах улада зменіцца. Сам я не мог рабіць высновы, інфармацыйны паток быў вельмі бедным. 

«НН»: СТБ глядзелі ў калоніі? Азаронка? Як рэагавалі на яго самыя звычайныя мужыкі?

АК: Азаронак выдатны. Бо звычайныя людзі проста заплёўвалі тэлевізар. У прамым сэнсе.

Людзі ж нармальныя, усё разумеюць. Ніхто ні на секунду сур’ёзна яго не ўспрымаў.

«НН»: Вы самі жадаеце прайсці праз калонію тым, хто пасадзіў вас? Ці тым, хто цяпер парушае закон?

АК: Ні ў якім разе. Не жадаю, нікому не жадаю такога вопыту.

Увогуле, я лічу, што карма прыйдзе да кожнага. Паглядзіце на Ярмошыну — у чалавека загінуў адзіны сын. 

«У Беларусі знішчылі галоўнае — прэзумпцыю невінаватасці»

«НН»: Зараз вас паклікалі ў «Імагуру». (Кныровіч заняў пасаду дырэктара па міжнародным развіцці — НН). Не страшна пасля такой паўзы? 

АК: Сіл у мяне накапілася шмат. Страшна так, і вялікі дзякуй Таццяне Марыніч і ўсёй камандзе, што яны паверылі ў мяне.

У мяне былі тэарэтычныя варыянты, чым бы я займаўся, але практычных не было. Планаваў спачатку пераезд, а далей бы глядзеў.

Цяпер я ў Варшаве, куды і хацеў трапіць, але ж вось так атрымалася, што на пошук заняткаў я патраціў не месяцы, як магло быць, літаральна дні. Мы сустрэліся з Таццянай і хутка зразумелі, што ў нас агульныя мэты, агульнае бачанне будучыні.

І мая мэта зараз — развіццё «Імагуру». Я б хацеў вярнуцца да публіцыстыкі, але буду надзяляць гэтаму ўвагу толькі тады, калі буду ведаць, што мая асноўная праца дастаткова сур’ёзна і ўпэўнена сябе адчувае. 

«НН»: Вы выязджалі з Беларусі легальна?

АК: Абсалютна. Пасля выхаду з калоніі я адзначыўся ў міліцыі. Пасля афіцыйна зрабіў візу, афіцыйна выехаў і нават праінфармаваў свайго інспектара, што выехаў з Беларусі і не планую вяртацца.

Не ведаю, як у Беларусі будуць інтэрпрэтавацца мае інтэрв’ю, але пакуль ніякіх законаў я не парушаў. 

«НН»: У вас засталася ўвогуле хоць нейкая кропля веры ў беларускае правасуддзе?

АК: Якая вера, вы што, у Беларусі знішчылі галоўнае — прэзумпцыю невінаватасці. Без гэтага не можа быць правасуддзя. І трэба ведаць і разумець, што гэта адбылося.

«НН»: Вы казалі, што гатовыя да таго, што ніколі не вернецеся ў Беларусь. І рыхтуецеся да таго, што блізкіх, якія засталіся там таксама ніколі больш не ўбачыце?

АК: Я дапускаю такую думку. Але лепш я буду пакутаваць па іх у нейкай краіне, пры гэтым актыўна працаваць, ствараць штосьці каштоўнае і карыснае, чым я буду пакутаваць па іх у калоніі.

«НН»: Маеце на ўвазе, што калі б засталіся, то селі б зноў?

АК: Так, вельмі верагодна, што так бы было. Недзе б не прамаўчаў, штосьці сказаў бы — і сеў бы зноў.

«Веру, што расплата прыходзіць заўсёды, проста часам у той форме, якую мы часам не чакаем»

«НН»: Вы рэлігійны чалавек?

АК: Не. Больш за тое, перыяд у калоніі зрабіў мяне максімальна не рэлігійным. Бо быў там таварыш, праваслаўны вернік. Ён прынёс з царквы мне штук пяць кніг, хацеў каб я таксама стаў хрысціянінам.

Я прачытаў іх вельмі ўважліва — і зразумеў, што неабходнай умовай веры з’яўляецца вера ў міфалогію царквы. А я ніяк не магу прыняць і паверыць, што планеце 5 тысяч гадоў, што быў Ноеў каўчэг і гэтак далей.

З пункту гледжання маралі, асновы рэлігіі рэч карысная, але гэта выдатна можа існаваць і без міфалогіі. Тым больш без залатых крыжоў патрыярха Кірыла.

Я сімпатызую будызму, але як філасофіі, не лічу сябе будыстам ці прыхільнікам любой іншай рэлігіі. Але веру, што жыццё справядлівае. Што ніхто не атрымлівае выпрабаванняў больш, чым ён можа вынесці. І веру, што расплата прыходзіць заўсёды і ў гэтым жыцці, проста часам у той форме, якую мы часам не чакаем ці не разумеем. Гэта не рацыянальныя рэчы, але я ў іх веру.

«НН»: Калі не вышэйшыя сілы, хто ж тады пакарае тых, хто пакуль застаецца беспакараным?

АК: Многія з іх жывуць настолькі цяжка, ва ўнутранай сваёй турме, што пакіньце іх там. Пакіньце іх самім сабе.

Каментары

З'явілася відэа з момантам удару расійскай ракеты Х-101 па дзіцячай бальніцы «Ахматдзіт»7

З'явілася відэа з момантам удару расійскай ракеты Х-101 па дзіцячай бальніцы «Ахматдзіт»

Усе навіны →
Усе навіны

Орбан прыляцеў у Пекін і сустрэўся з Сі Цзіньпінам1

Левая кааліцыя атрымала перамогу на выбарах у Францыі. Ультраправыя — на трэцім месцы

Мілінкевіч пра свае дыялогі з Макеем: Ён адназначна быў за незалежнасць і беларускасць17

Як чыноўнікі закуплялі рэчы для шпіца Умкі12

Ультраправыя прыхільнікі Трампа актыўна ствараюць міліцыю па ўсіх штатах. Наколькі гэта сур'ёзна?4

Мілінкевіч згадаў, як кіраўнікі партый прапанавалі яму па чарзе ўзначальваць апазіцыю. І з беларусамі перасталі сустракацца ў Еўропе7

У другім туры парламенцкіх выбараў у Францыі ў лідары нечакана выбіліся левыя19

Сілавік, які здзекаваўся з затрыманых у Мінску пасля выбараў: Ну, б***ь, мала даваў20

Агурковае марозіва — рэцэпт3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася відэа з момантам удару расійскай ракеты Х-101 па дзіцячай бальніцы «Ахматдзіт»7

З'явілася відэа з момантам удару расійскай ракеты Х-101 па дзіцячай бальніцы «Ахматдзіт»

Галоўнае
Усе навіны →