Байдэн назваў контрпрадуктыўнымі санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2»
Будаўніцтва трубаправода «Паўночны паток — 2» практычна завершана, і ўвядзенне санкцый супраць праекта было б контрпрадуктыўным для стасункаў ЗША з Еўропай. Пра гэта заявіў у аўторак амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, адказваючы на пытанні журналістаў, піша ТАСС.
Кіраўнік ЗША адзначыў, што трубаправод «амаль цалкам дабудаваны», калі яго спыталі аб адмове вашынгтонскай адміністрацыі ўводзіць санкцыі супраць аператара праекта — кампаніі Nord Stream 2 AG. «Ён быў амаль дабудаваны да таго часу, калі я ўступіў на пасаду. Я думаю, што ўвядзенне санкцый цяпер было б контрпрадуктыўным з пункту гледжання нашых стасункаў з Еўропай», — падкрэсліў прэзідэнт, дадаўшы, што «з самага пачатку выступаў супраць будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2».
Праект «Паўночны паток — 2» прадугледжвае будаўніцтва дзвюх нітак газаправода агульнай магутнасцю 55 млрд куб. м у год ад узбярэжжа Расіі праз Балтыйскае мора да Нямеччыны. Работы былі прыпыненыя ў снежні 2019 года пасля таго, як швейцарская Allseas адмовілася ад кладкі труб з-за магчымых санкцый з боку ЗША. Са снежня 2020 года будаўніцтва газаправода было адноўлена пасля гадавой паўзы. Гатоўнасць «Паўночнага патоку — 2» складае 95%.
ЗША 21 мая ўнеслі ў свае санкцыйныя спісы 13 судоў і тры расійскія арганізацыі, якія бяруць удзел у будаўніцтве «Паўночнага патоку — 2». Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 19 мая пацвердзіў, што Вашынгтон адмовіўся ад увядзення санкцый у дачыненні да кампаніі Nord Stream AG 2 — аператара «Паўночнага патоку — 2» — і яе выканаўчага дырэктара Маціяса Варніга. Па словах кіраўніка амерыканскай дыпламатыі, гэта рашэнне адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША.
Каментары