Павел Буча — малады беларускі прадпрымальнік, які сумесна з партнёрамі мае прыбытковы бізнэс у сферы будаўнічых паслуг. Першы час яны ажыццяўлялі дзейнасць выключна на беларускім рынку, але потым вырашылі папрацаваць у ЕС.
«Мы вырашылі пашырыцца і паспрабаваць сябе на заходніх рынках. Першае, што прыйшло нам у галаву, — краіны Балтыі. Першапачаткова праз пасярэднікаў мы стварылі фірму ў Эстоніі. З-за пасярэднікаў гэта быў працяглы і дарагі працэс. Але потым мы даведаліся, што маглі ўсё зрабіць значна прасцей і хутчэй: пры дапамозе эстонскага электроннага рэзідэнцтва. Дастаткова толькі зрабіць эстонскую ID-картку, і любую фірму можна адкрыць за некалькі дзясяткаў хвілін, а падаткі аплачваць у некалькі клікаў. Таксама ўсе кантракты можна падпісваць у электронным выглядзе! Гэта рэальна эканоміць нервы, грошы і час», — распавядае Павел.
Пакуль Беларусь толькі збіраецца будаваць IT-краіну і робіць першыя кволыя крокі ў тым, каб перавесці адміністрацыйныя паслугі ў лічбавы фармат, Эстонія, адная з самых маленькіх былых савецкіх рэспублік, ужо стала сапраўднай лічбавай нацыяй і першай у свеце рэалізавала канцэпцыю «электроннага рэзідэнцтва».
Атрымаць даведку, заплаціць штрафы і падаткі, прагаласаваць на выбарах, мець імгненны доступ да медыцынскай выпіскі са станам здароўя — далёка не поўны пералік таго, што эстонцы могуць рабіць праз камп’ютар ці смартфон ужо цяпер. Больш за тое, некаторыя паслугі (адкрыццё эстонскай фірмы, падпісанне кантрактаў з эстонскімі фірмамі, аплата падаткаў у некалькі клікаў) даступныя нават для нерэзідэнтаў, у тым ліку беларусаў.
«Наша Ніва» на прыкладзе Эстоніі паказвае, як выглядае самая перадавая ў свеце дзяржаўная сістэма аказання адміністрацыйных паслуг і як працуе «электроннае рэзідэнцтва».
Самае складанае тут — атрымаць саму ID-картку. Пасля таго, як чыноўнікі ўхваляць вашу заяву, вы становіцеся «электронным рэзідэнтам» Эстоніі. Гэты статус не дае вам аўтаматычнае права жыць у Эстоніі, але «электронны рэзідэнт» можа спакойна весці гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі Эстоніі і нават карыстацца некаторымі сэрвісамі, даступнымі для грамадзян Эстоніі.
Дарэчы, 99% дзяржаўных паслуг даступныя праз электронны партал, таму эстонцы ўжо забыліся, як выглядаюць папяровыя бланкі.
Разам з ID-карткай карыстальнікі сістэмы атрымліваюць спецыяльны рыдар, які падключае картку да камп’ютара.
Грамадзяне Эстоніі і электронныя рэзідэнты ўсю сваю дзейнасць могуць ажыццяўляць праз два асноўныя парталы:
- www.rik.ee — партал для рэгістрацыі бізнэсу. Тут можна, напрыклад, адкрыць ці закрыць фірму, аформіць чалавека на працу і г.д.
- www.eesti.ee — адзіны партал для дзяржаўных паслуг. Пералічыць усё проста немагчыма — тут можна атрымаць абсалютна любую дзяржаўную паслугу. І ўсё ў некалькі клікаў. Поўны пералік можна пабачыць на старонцы https://www.eesti.ee/rus/uslugi/grazhdanin
Як Эстонія прыйшла да такога «лічбавага раю»?
Калі краіна ў 1990 годзе аднавіла незалежнасць, Эстонія паўстала перад дылемай: што рабіць далей? Маленькая краіна з насельніцтвам у 1,4 млн не мела фактычна нічога, акрамя выхаду ў мора і моцнай волі. Праз амаль поўную адсутнасць усялякіх рэсурсаў краіна вырашыла зрабіць стаўку на камп’ютарызацыю.
Гэта быў сур’ёзны і асэнсаваны стратэгічны выбар — і краіна не прагадала.
Ужо ў 1997 годзе кожная эстонская школа мела камп’ютары з доступам у інтэрнэт. У гэтым жа годзе грамадзяне атрымалі магчымасць атрымліваць некаторыя адміністрацыйныя паслугі праз інтэрнэт.
У 2000 годзе запрацавала сістэма электроннай аплаты падаткаў. Цяпер, каб заплаціць падаткі, эстонцу патрабуецца ў сярэднім 3—5 хвілін вольнага часу. Больш за 95% падатковых дэкларацый у Эстоніі запаўняюцца ў электронным выглядзе.
У 2001 годзе ў Эстоніі з’явілася адзіная дэцэнтралізаваная база даных X-Road.
Праз яе абсалютна любы грамадзянін можа атрымаць інфармацыю пра іншага грамадзяніна, але толькі пры адной умове: інтарэс павінен быць абгрунтаваны, а звесткі — не датычыць прыватнага жыцця і здароўя. Напрыклад, журналіст піша артыкул і хоча даведацца, якая машына ў мясцовага чыноўніка — калі ласка. Грамадская арганізацыя хоча паглядзець, адкуль у суддзі грошы на паездку на Мальдывы, — не праблема.
Праўда, чалавек, чые даныя вы адсочваеце, можа бачыць, хто, як і калі цікавіўся яго данымі.
Фактычна, Эстонія здолела пабудаваць канцэпцыю «празрыстага грамадства», дзе ўзаемная празрыстасць з’яўляецца не праблемай, а, наадварот, гарантыяй абароны грамадства.
У 2001 годзе ў Эстоніі таксама з’явіліся ID-карты, якія дазваляюць грамадзянам краіны атрымліваць усе дзяржаўныя паслугі, ажыццяўляць банкаўскія аперацыі, падпісваць дакументы і нават атрымліваць медыцынскі рэцэпт на лекі. Чакаецца, што ў Беларусі ID-карты з’явяцца толькі ў 2019 годзе, але далёка не факт, што ўладальнікі беларускіх ID-карт будуць мець такія ж магчымасці, як грамадзяне Эстоніі.
У 2005 годзе, калі беларуская ўлада пераймяноўвала праспекты сталіцы, Ксенія Сітнік выйграла дзіцячае «Еўрабачанне», а беларуская апазіцыя вырашала, хто будзе адзіным кандыдатам, Эстонія стала першай краінай у свеце, якая прапанавала сваім грамадзянам прагаласаваць на нацыянальных выбарах праз інтэрнэт. Эстонская сістэма электроннага галасавання дазваляе прагаласаваць усяго за 3 хвіліны і ў прынцыпе выключае любыя магчымыя фальсіфікацыі.
У 2007 годзе Эстонія пачала выкарыстоўваць IT для забеспячэння публічнай бяспекі. Службы бяспекі выйшлі на абсалютна новы ўзровень працы. Напрыклад, у 93% выпадкаў хуткая дапамога адказвае на тэлефанаванне не пазней за 10 секунд, а
дарожнай паліцыі забаронена спыняць аўтамабілістаў для тэхнічных праверак, паколькі ўся інфармацыя знаходзіцца на бартавых камп’ютарах.
Пакуль Нацбанк Беларусі толькі стварыў інфармацыйную сетку па тэхналогіі блокчэйн, Эстонія пачала эксперыменты з гэтай тэхналогіяй яшчэ ў 2008 годзе, калі яна толькі з’явілася. Цяпер балтыйская краіна з’яўляецца сусветным лідарам у тэхналогіі блокчэйн, а напрацоўкамі эстонскіх праграмістаў карыстаюцца ў NATO, інстытутах ЕС і нават у Міністэрстве абароны ЗША.
Таксама ў 2008 годзе эстонскія пацыенты атрымалі анлайн-доступ да ўсіх сваіх даных пра здароўе. Цяпер 95% даных, якія генеруюцца ў эстонскіх шпіталях і паліклініках, — у лічбавым фармаце. Кожны жыхар Эстоніі мае электронны запіс, які ўтрымлівае спіс усіх медычных паказанняў, аналізаў, рэцэптаў, флюараграфію і гэтак далей. Прасцей працуецца і лекарам — у любы момант яны могуць прагледзець электронны запіс стану здароўя пацыента.
Пісьменнікі-фантасты ў сваіх антыўтопіях палохалі нас тым, што калі дзяржава атрымае доступ да тэхналогій і зможа кантраляваць дзейнасць кожнага чалавека, грамадзяне стануць паднявольнымі, дзяржавы стануць цалкам таталітарнымі і дэмакратыя апынецца пад пагрозай знікнення. Але
прыклад Эстоніі сведчыць: у добрых руках тэхналогіі, наадварот, робяць грамадства ўзаемна празрыстым, бяспечным, а дэмакратыя ўзмацняецца, што робіць чалавека больш вольным, а дзяржаўны апарат —эфектыўным.
Справядліва заўважыла прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд у сваім артыкуле для выдання The Telegraph: «Нашы грамадзяне будуць жыць у глабальным і лічбавым свеце. Калі мы гэтага не зробім — дзяржава проста спарахнее».
Прыклад Эстоніі яскрава сведчыць нам пра тое, на што здольная нават невялікая краіна, але з вялікімі ідэямі і моцнай воляй.
І мы, беларусы, у сваю чаргу павінны пераасэнсаваць тое, што маем зараз, а таксама адказаць на два простыя пытанні: якой мы бачым нашу краіну ў будучыні і якое наша месца ў свеце?
Каментары