Як чытачы «НН» разам з Ігарам Варашкевічам сустрэліся ў музеі «Аліварыі» ФОТЫ
Разам з салістам «самага піўнога гурту» пераможцы змаглі зазірнуць у гісторыю першай піваварні Беларусі, якая захавалася да нашых дзён.
Пару дзён таму Наша Ніва разам з кампаніяй «Аліварыя» запусцілі конкрус на розыгрыш сертыфікатаў на vip-экскурсію разам з гуртом «Крама» у музей Аліварыі. Агулам больш за 150 чалавек прынялі ўдзел у розыгрышы.
Як і было абяцана, шэсць чалавек на чале з Ігарам Варашкевічам адправіліся на экскурсію па гістарычнай і вытворчай частцы прадпрыемства, дзе змаглі ўбачыць, як выглядаў і працаваў завод ад самага свайго заснавання і як варыцца піва цяпер.
А пачалося ўсё з Рохлі Фрумкінавай, якая ў 1864 годзе пабудавала ў Мінску драўляны будынак для ўладкавання піваварнага завода. Менавіта гэтая бізнэсвумэн і з’яўляецца заснавальніцай «Аліварыі». Пад яе кіраўніцтвам бровар меў вытворчасць у 80 тысяч вёдраў піва на год, пры тым што на самім заводзе працавала каля 30 работнікаў. У 1889 годзе прадукцыя завода атрымала ганаровую ўзнагароду — залаты медаль Віленскага скакавога аб’яднання.
Тады працэс прыгатавання піва праводзіўся з дапамогай каменных жорнаў. У іх здроблены солад змешвалі з вадой і даводзілі тэмпературу вадкасці да 70 градусаў. Па выніку атрымлівалася піўное сусла, а на дне чана заставалася макуха ад соладу. Піўное сусла пералівалі ў іншы чан для кіпячэння, а макуху адпраўлялі на корм жывёлам.
Рохля кіравала заводам каля 20 гадоў, а ў 1893 годзе піваварня перайшла ва ўладанне гарадскому галаве Мінска Каралю Яну Чапскаму. Ён прывёў прадпрыемства ў еўрапейскі выгляд. Менавіта пры ім у 1894 годзе ствараецца каменны будынак завода, які захаваўся да нашых дзён. Пры ім драўляныя чаны замяняюцца на металічныя, устанаўліваецца паравы кацёл, паравая машына, электрычнае асвятленне, а сам завод атрымлівае гучную назву — Паравы піваварны завод «Багемія» графа Караля Эмерыкавіча Чапскага.
Гэта самыя яскравыя часы ў гісторыі завода. У 1918 годзе завод быў нацыяналізаваны і атрымаў назву «Беларусь». Дакладна вядома, што на ім працавалі 91 рабочы і 8 кіраўнікоў. У 1925-26 гадах у год завод вырабляў 340 тысяч вёдраў піва, пры фактычнай патрэбе насельніцтва ў 250 тысяч вёдраў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны прадпрыемства, як і Мінск, знаходзіцца пад нямецкай акупацыяй, а піва вырабляецца для Вермахта. У 1941 годзе на заводзе дзейнічала таемная падпольная група, якая дапамагала партызанам, але ў выніку была рассакрэчаная і ліквідаваная. У ваенны час будынак завода ацалеў, таму піўзавод працягваў вырабляць прадукцыю.
Піваварня з часам мела патрэбу ў мадэрнізацыі, але савецкія ўлады палічылі гэта немэтазгодным. І ў 1949 годзе завод арыентуецца толькі на выраб безалкагольных напояў. Такім чынам, да 90-х гадоў завод працаваў на старым абсталяванні, і толькі ў 1994 годзе быў акцыянаваны дзякуючы Тамары Дудко, якая становіцца дырэктарам завода. Пры ёй быў вернуты гандлёвы знак — арол, які трымае бочку, лагатып дапоўніла дата заснавання завода — 1864 год, а назва стала беларускамоўнай. З гэтага часу ніводная акцыя «Аліварыі» не належыць дзяржаве.
Пасля экскурсіі кожны змог прайсці курс навучання па тым, як правільна абраць і піць піва. Ацаніць якасць піва можна нават па бурбалках — чым яны драбнейшыя, а пена больш шчыльная, тым лепш зваранае піва. Таксама перад першым глытком трэба ўдыхнуць водар піва, зрабіць першы глыток і глытаць 20-25 секунд, каб адчуць смакавыя якасці. Смак і водар піва псуюць чыпсы і моцна салёныя прадукты, а вось марскія прадукты і нават шакалад могуць выдатна спалучацца з асобнымі гатункамі піва.
Экскурсіі па піўзаводзе праходзяць з 12:00 да 17:30 з серады па нядзелю па папярэднім запісе. Цана — ад 14 рублёў.
Франтмэн «Крамы» Ігар Варашкевіч застаўся задаволены сустрэчай і экскурсіяй, а таксама знаходзіцца ў прадчуванні заўтрашняга канцэрта, які прысвечаны 25-годдзю гурту:
«Vip-квіткі ўжо раскупленыя, я нават чуў жарт, што ў нас віп-публіка. У 90-х гадах мы былі сапраўды «піўным» гуртом, але цяпер я ўжо не такі малады (смяецца). Цяпер ужо піва п’ю летам, калі хачу. А для наведвальнікаў канцэрта мы рыхтуем шмат сюрпрызаў: перарабілі некалькі песняў, якія цяпер выконваем, напрыклад, «Хавайся ў бульбу» і «Падае дождж», таксама будзе шмат песень з 90-х, з другога альбома. Спадзяюся, усе будуць танчыць!»
Канцэрт гурту адбудзецца 12 лістапада ў мінскай пляцоўцы «Prime Hall».
Каментары