Міністр унутраных спраў: У згвалтаванні ў Магілёве ўдзельнічалі «былыя супрацоўнікі міліцыі»
Такі факт, як групавое згвалтаванне дзяўчыны ў Магілёве, «меў месца», паведаміў, адказваючы на пытанні журналістаў 21 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Паводле яго слоў, цяпер расследуецца справа ў дачыненні да «былых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
— На момант злачынства гэтыя людзі былі супрацоўнікамі міліцыі? — удакладнілі мы.
Пасля непрацяглай паўзы міністр паўтарыў:
— Былыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў.
Па словах Шуневіча, яны «затрыманыя, арыштаваныя, іх дзеянням будзе дадзена ацэнка».
Як раней паведамілі некалькі крыніц у праваахоўных органах, абвінавачаныя ў згвалтаванні былі звольненыя з міліцыі ў перыяд паміж учыненнем злачынства і завядзеннем у дачыненні да іх крымінальнай справы. Па некаторых звестках,
іх звольнілі ў дзень затрымання — 29 лютага, і справа, як паведамляў СК, сапраўды распачыналася ўжо ў дачыненні да «беспрацоўных грамадзян».
Як паведамлялі мясцовыя СМІ, трое ўчастковых інспектараў, «якія былі на службе ў Ленінскім РАУС» і адзін былы супрацоўнік дэпартамента выканання пакаранняў, згвалтавалі дзяўчыну. Па словах карэспандэнта, адзін з іх у цывільным адзенні ў начным клубе пазнаёміўся з дзяўчынай і запрасіў яе ў кватэру, дзе чакалі сябры. Дзяўчыну яшчэ падпаілі, і, як пісала газета «Вечерний Могилев», «скарысталіся яе безабаронным станам». Адзін з удзельнікаў нібыта нават яе біў.
Інцыдэнт адбыўся ў ноч з пятніцы на суботу 26—27 лютага. Затрыманыя зламыснікі былі 29 лютага.
У Следчым камітэце заявілі, што крымінальных спраў аб згвалтаванні ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў у вытворчасці Галоўнага следчага ўпраўлення няма.
Справа ж аб групавым згвалтаванні ў Магілёве — ёсць, праўда, гаворка ідзе пра трох, а не чацвярых падследных. Выпадкі, калі следства па адносна шараговых справах, не выклікаюць шырокага грамадскага рэзанансу — па так званай «п'янай бытавусе» - прымаюць да вытворчасці следчыя не рэгіянальнага, а Галоўнага следчага ўпраўлення, досыць рэдкія.
Каментары