Сяргей Башлыкевіч выехаў паўтара года таму. «30 студзеня 2022 года», — з дакладнасцю называе ён дату. «Восенню 2021-га я ўжо шмат часу правёў не ў Беларусі, але потым вярнуўся, каб закрыць справы», — расказвае ён.
«Пупавіна не адрэзаная»
— Яшчэ да 2020-га меў жаданне пажыць нейкі час у іншай краіне, — кажа інжынер і спявак. — Кожны год наведваў новыя краіны, збольшага Азію, і было даволі цікава паспрабаваць кудысьці пераехаць, а ўсё астатняе да гэтага натуральна падштурхнула. У эканамічным плане станавілася цяжэй, хацелася кар’ерных крокаў, значная частка сяброў з’ехала. Ды і агулам у краіне становілася, мякка кажучы, нявесела — не мне на старонках «Нашай Нівы» распавядаць людзям пра кантэкст.
«НН»: Бяспека не была сярод прычын пераезду?
СБ: Перажываў і праз гэта, бо бачыў, што навокал адбываецца, колькі знаёмых і сяброў не паспелі з’ехаць. Але сам я прэсінгу не адчуваў. Выязджаў з краіны акурат перад вайной, у студзені 2022-га мы адыгралі з «Лейбонікам» канцэрт у TNT Rock Club. Разумеў, што пераязджаю на доўгі час, буду ў замежжы працаваць і жыць, але меркаваў, што для мяне будзе магчыма прыязджаць назад раз на паўгода, у Беларусі будзе рабіцца больш бяспечна для мяне і маіх сяброў.
Праз усё тое, што адбылося далей і адбываецца цяпер у краіне, выглядае, што зараз, можа, і не самы спрыяльны час, каб адведаць радзіму. Гэта праз шмат якія інстаграмныя пасты, праз інтэрв’ю, якія я яшчэ раней надаваў розным сёння «экстрэмісцкім фармаванням», праз «Артыстаў Перамогі», «Годна» і іншыя культурніцкія праекты, якія таксама сталі экстрэмісцкімі. Усё гэта падштурхоўвае да думкі, што можа лепш не спрабаваць [ехаць у Беларусь].
«НН»: Эміграцыя — што гэта за шлях для вас?
СБ: Для мяне гэта арганічная рэч,
не адчуваю сябе эмігрантам, чалавекам асобнай катэгорыі. Так, я з’ехаў з Беларусі, змяніў месца, дзе жыву, і, што больш важна, культурны і эстэтычны кантэкст. Хаця інфармацыйная прастора вакол мяне ўсё роўна застаецца беларускай — чытаю беларускія навіны і кнігі, сустракаюся з беларускімі сябрамі.
У мяне няма адчування, што я з’ехаў некуды ў іншы свет. Хутчэй у мяне шмат змянілася ў працоўным плане, багата новага, але не ўспрымаю сябе як адарванага ад Беларусі.
Раней, калі разглядаў пытанне пераезду, меркаваў, што, можа, было б і цікава з’ехаць у Канаду або ЗША, але гэта быў бы сапраўды адарваны і максімальна мігранцкі досвед: вельмі далёка, іншая часавая зона, шмат зменаў.
Тут я не адчуваю сябе ў эмігранцкім гета, рэгулярна сустракаюся з сябрамі ў Варшаве ці Вільні. Пра дыяспару Польшчы ўвогуле нельга казаць, што гэта дыяспара як нейкая абмежаваная колькасць адных і тых жа людзей, насамрэч гэта шмат у чым Беларусь на выездзе.
З тымі людзьмі, з якімі я сутыкаўся ў Мінску на нейкіх тусічах і канцэртах, я сустракаюся ў Варшаве, ды яшчэ і з новымі. Фармальна я эмігрант, але той, хто прытуляецца да Беларусі, пупавіна не адрэзаная.
«Не хацеў бы растварыцца і стаць проста яшчэ адным чалавекам, які прыехаў аднекуль»
«НН»: Касмапалітызм вам уласцівы? Маю на ўвазе здольнасць быць чалавекам свету, у кожнай краіне адчуваць сябе як на радзіме.
СБ: У нейкай ступені — так. Можа, гэта датычыць не кожнай краіны, розныя культурныя асаблівасці мяне па-рознаму вабяць. Пры гэтым я не хацеў бы растварыцца і стаць проста яшчэ адным чалавекам, які прыехаў аднекуль.
Пасля пераезду яшчэ больш зразумеў: тое, што робіць мяне мной — гэта шмат у чым беларускасць, беларуская культура. Музыка выйшла для мяне на новую ступень важнасці, бо гэта сапраўды тая рэч, праз якую я магу сябе данесці свету. Амстэрдам — вельмі інтэрнацыяльны асяродак, дзе ўсім амаль што па барабане, хто ты і адкуль, і ў такім асяродку музыка робіць мяне мной, дапамагае ўсведамляць самакаштоўнасць.
Я шмат дзе буду адчуваць сябе камфортна, і мне было б цікава паспрабаваць пажыць у розных краінах, каб атрымаць больш рознага досведу. Але мне не хацелася б рабіцца праз гэта менш беларусам і губляць сувязь з Беларуссю.
«НН»: Шмат хто з эмігрантаў кажа, што за мяжой толькі пачаў адкрываць сваю беларускасць. Гэта вам зразумела?
СБ: Думаю, я не адкрыў у сабе больш за тое, чым было раней, хутчэй задумваюся пра тое, каб нічога не згубіць. Але маю багата сяброў і знаёмых, якія на фоне пераезду і падзей 2020 года пачалі шукаць у сабе і навокал нейкую сувязь з Радзімай. Для 2020-га было характэрнае гэтае нацыянальнае абуджэнне ўнутры Беларусі, людзі сталі хадзіць на дваравыя канцэрты і заўважаць: аказваецца, ёсць у нас музыканты, пра якіх мы не ведалі, і яны яшчэ і па-беларуску спяваюць! То-бок па-беларуску — гэта не толькі махровая эстрада і тэлебарометр, на гэтай мове можна і нейкія жывыя песні спяваць. У людзей абудзілася патрэба ў беларускасці.
Пасля [масавай] эміграцыі і пачатку вайны з’явілася яшчэ большая хваля росту беларускай ідэнтычнасці. Бачу, што шмат для каго, і для мяне таксама, істотна: калі ты ўжо пераехаў, трэба, каб цябе не лічылі па змоўчанні рускім, таму што ты размаўляеш па-руску ці твая мова з той жа ўсходнеславянскай падгрупы. Людзі спрабуюць у публічнай прасторы размаўляць па-беларуску, каб было відно, што яны — беларусы. Як наступства гэтага жадання з’яўляецца і цяга да культуры. Калі хочаш гутарыць па-беларуску, мусіш спажываць беларускі кантэнт, бо як ты без гэтага пракачаеш мову?
«НН»: Як вас змяніла эміграцыя?
СБ: Напэўна, яна змяніла мяне ў плане працоўных звычак і стаўлення да працы (Сяргей працуе інжынерам. — «НН»). Нідэрландскі асяродак — гэта вельмі пра work-life balance, для іх гэта частка працоўнай культуры. У маім жыцці такі баланс раней менш прысутнічаў, і ён мне дазваляе зараз лепш зразумець каштоўнасць пэўных пазапрацоўных рэчаў.
Я ні па чым беларускім не сумую, не адчуваю, што прайшло дастаткова часу для гэтага. Безумоўна, апошнія паўтара года для мяне шмат у чым сталі выпрабаваннем, усведамляю, што добра вырас у розных кірунках. Кажучы пра музыку, адчуваю, што навучыўся троху лепш рабіць пэўныя музычныя штукі, нават магу сам цалкам сабраць песню, запісаўшы ўсе інструменты сам як мінімум для дэма-версіі.
«Дом там, дзе школьны дзённік з налепкай «Лінкін Парку»
«НН»: Чаму пераехалі менавіта ў Амстэрдам?
СБ: Праз некалькі асабістых момантаў, але ў першую чаргу праз працу. У Амстэрдаме ёсць некалькі буйных еўрапейскіх кампаній, дзе цікава папрацаваць, ды яшчэ гэта інтэрнацыянальны горад, дзе складана адчуць сябе чужынцам. Шмат у чым гэта горад экспатаў, тут даволі зручна і лёгка жыць.
«НН»: Ён мае свой вайб?
СБ: Безумоўна — ён эстэтычны, жвавы, вельмі яго люблю. Да пераезду быў тут 12 год таму ў нейкім тэрмаядзерным аўтобусным туры: начным пераездам прыехалі ў Амстэрдам з Берліна, тры гадзіны там пахадзілі, з’елі бульбу фры і зайшлі ў раён чырвоных ліхтароў, а пасля абеда ўжо паехалі ў Брусэль.
Пасля таго часу не быў у Амстэрдаме, таму пераязджаў сюды з пэўнай засцярогай. Але мне падабаецца мясцовая эстэтыка. У першыя дні хадзіў па вуліцах і разглядаў дамы, зазіраў у вокны. І да гэтай пары так раблю.
«НН»: Калі вы пераязджалі, гэта было як па адчуваннях — на год, два, назаўсёды?
СБ: Адчуваў, што пераязджаю як мінімум на некалькі год — і з працоўных перспектываў, і з пункту гледжання вяртання ў Беларусь. Але калі пачалася вайна, я ўсвядоміў, што з’ехаў сапраўды на доўгі перыяд, аднак дакладна не назаўжды.
Мне хацелася б у сталасці вяртацца ў Беларусь, проста каб пабыць там, каб гэтая сувязь заставалася. У маім альбоме ёсць песня пра слімака, за якім застаецца след. Такі ж след застаецца і за мной, і я па гэтым следзе яшчэ назад прыпаўзу.
«НН»: Што для вас стварае адчуванне дома?
СБ: Кот — дзе кот, там і дом. З аднаго боку, дом там, дзе мне камфортна і бяспечна, і ў гэтым плане можна казаць пра Амстэрдам. Але ў маім альбоме ёсць іншае вызначэнне: «Дом — не пра сцягі, не пра тую чарку-скварку. Дом там, дзе школьны дзённік з налепкай «Лінкін Парку». І мой дзённік з налепкай Лінкін Парку ляжыць у Ашмянах.
«НН»: Як завуць вашага ката?
СБ: Імбрык, а нядаўна з’явілася яшчэ і котачка Рэха. Жадаў знайсці другую котку, бо некалі ў мяне была яшчэ адна ў дадатак да Імбрыка, Хмарка.
Падчас пандэміі мы сталі праводзіць час на лясной фазэндзе пад Валожынам, Хмарка сышла ў лес і не вярнулася. Па ўсіх суседніх вёсках клеіў аб’явы з яе фатаграфіяй, мне ў вайбер тры месяцы слалі здымкі катоў — маўляў, не ваш, але вазьміце!
У Амстэрдаме таксама захацелася знайсці другога ката, каб Імбрыку было весялей. Высветлілася, што тут складана ўзяць ката з прытулку, бо іх там мала: людзі падчас пандэміі разабралі ўсіх жывёлак, бо адчулі патрэбу, каб нехта быў каля іх. Цяпер, каб знайсці сабе тут котку, трэба больш высілкаў і часу. Хацелася менавіта абісінскую котачку, і выявілася, што прасцей прывезці харошую котачку з Беларусі.
«Мая беларускасць усё роўна ў Ашмянах»
«НН»: Вы казалі, што не ведалі, ці варта працягваць спяваць за мяжой. Што гэта было — неразуменне сябе ці кантэксту?
СБ: Нібыта адчуванне непатрэбнасці. Веру, што мая музыка — вельмі лакальны прадукт, патрэбны толькі Беларусі і беларусам, без разумення сэнсаў і кантэксту мая музыка будзе проста кропляй у акіяне музыкі без індывідуальнасці. Для замежнікаў, напэўна, гэта ўсё было б незразумела. Мне хацелася выступаць, але не думаў, што такія канцэрты будуць мне прыносіць задавальненне.
А вясной 2022-га прыехаў у Варшаву забіраць Імбрыка. Вечарам у суботу адпісаў сябрам, што прылятаю, і варшаўскі сябар прапануе мне: «Давай канцэрт зробім, хто прыйдзе той прыйдзе!» У ноч з суботы на нядзелю мы зрабілі афішу, гітару ў Варшаве я пазычыў у Алеся Дзянісава з Dzieciuki, і назаўтра ў Моладзевым хабе зладзілі акустычны канцэрт, на які прыйшло шмат людзей. Адчуў, што выйшла неяк вельмі жыва, радасна і прыемна і што мне гэта сапраўды патрэбна.
«НН»: Будуеце Беларусь вакол сябе?
СБ: Не ведаю.
Адчуваю, што крыніца маёй Беларусі — у дзяцінстве, і ўсё, што імкнуся зрабіць праз сваё жыццё — не згубіць парэшткі таго, што ў мяне ёсць.
Бо я забываюся пра гэта, пра тыя рэчы, якія ў дзяцінстве былі для мяне натуральнымі. Сучасны асяродак шмат у чым робіць мяне беларусам — мае сябры, мастацкая тусоўка навокал. Але мая беларускасць усё роўна ў Ашмянах, Сідляроўшчыне, Барадоўшчыне.
«НН»: Якая яна — Беларусь вашага дзяцінства?
СБ: Яна для мяне была натуральная. Усё тое, што рабіла маё дзяцінства беларускім, проста існавала, не мусіў прыкладаць для гэтага высілкі: размовы, паездкі на вёску, паходы ў жакі. Проста жыў у гэтым сваім беларускім сусвеце і не ўяўляў, што можа быць па-іншаму.
Не хачу, каб было адчуванне, быццам тады быў адзін сусвет, а зараз — іншы. Час — хваля, якая не перарываецца, і той перыяд перацякае ў тое, што ёсць зараз. Я спажыву цяперашні досвед і ўзбагачу яго, і пры гэтым мне хацелася б не забыцца на тое, як усё было тады.
Не ідэалізую сваё дзяцінства, яно ў мяне было досыць звычайнае.
Нарадзіўся і жыў у Ашмянах, невялікім горадзе, школа ў мяне была беларуская — шмат у каго так было, асабліва ў тыя часы. Кожнае лета мяне адпраўлялі на вёску, дзе трэба было шмат працаваць, і чым ты старэйшы, тым больш. Кожны тыдзень хадзіў у касцёл на катэхэзу, пару разоў нават з’ездзіў на бульбу ад школы, яшчэ застаў гэты савецкі рытуал.
Больш за тое, мяне ў школе нават прынялі ў піянеры (вітанне Ксеніі Дзягелька!).
«Пакуль ёсць прастора нешта рабіць і гэта не два квадратныя метры ў камеры, нешта будзе»
«НН»: У вашым альбоме ёсць песня «Сат'яграха» . Гэта пра беларускі шлях?
СБ: У песні ёсць на гэта адказ. Для мяне гэта адна з самых кпліва-балючых песняў альбома пры ўсёй пазітыўнасці:
Як не будзе ў краме чарла,
Тады будзем піць аліфу.
Вось такая сат'яграха
Беларускага разліву.
Гэта шлях пра пакуты, цярпенне. Сама песня з’явілася з песні Андруся Такінданга з гурту «Рэха», і сам Андрусь у ёй удзельнічае. Але не думаю, што ў гэтым ёсць нешта беларускае, увесь свет жыве сат'яграхай.
«НН»: Патлумачце.
СБ: Усе цярпяць, проста ўзровень праблем ва ўсіх вельмі розны. У нас праблема, што багата людзей сядзіць ні за што, ва Украіне багата людзей памірае. У Грузіі ці еўрапейскіх краінах іншыя праблемы. Кожнаму ёсць у чым адчуць сваю сат'яграху, проста яна праяўляецца на розных узроўнях піраміды Маслоу.
«НН»: Ці правільна адчуваю, што вам гэты шлях не блізкі?
СБ: Гэта шлях, які я прымаю.
Песня пра сат'яграху ледзь не самая песімістычная з альбома пры ўсёй яе мажорнасці:
Хто сядзяць, усе даседзяць,
Час цячэ як тая ртуць.
Не даседзяць толькі тыя,
Што ужо не дажывуць.Не магу сказаць, што я песіміст, але адчуваю ў сябе беларускую рысу «спадзявацца на лепшае і рыхтавацца да горшага».
Гэтай песняй, напэўна, я і рыхтуюся да чагосьці горшага і нярадаснага, але гэта хутчэй канстатацыя эмоцый і перажыванняў.
«НН»: Штосьці цяпер вам дае надзею?
СБ: Мы жывыя, людзі навокал жывыя і абсалютная большасць на волі. Нешта будзе. Хочацца верыць, што ўсё так ці інакш будзе добра, гледзячы што лічыць добрым, і культура ў Беларусі будзе патроху ачуньваць. Нягледзячы на тое, што шмат людзей выехала, будуць з’яўляцца новыя творцы, нешта будзе стварацца.
«НН»: Напрыканцы 2022 года вы запісалі песню-зварот, дзе казалі пра тое, што вам шмат за што баліць. За што вам баліць зараз?
СБ: У першую чаргу за маіх беларускіх сяброў і харошых знаёмых, якія прыселі, за тых, хто таксама вымушана з’ехаў і каму гэта нашмат ускладніла жыццё. Таксама за маіх украінскіх сяброў, бо я шмат ездзіў ва Украіну. Гэта і пра агульную несправядлівасць і крыўду ў шмат якіх праяўленнях, але збольшага пра людзей, якія цяпер губляюць час ці ўвогуле гэты час ужо ніяк не правядуць.
Пакуль я жывы, іншыя жывыя, пакуль ёсць прастора нешта рабіць і гэта не два квадратныя метры ў камеры, нешта будзе. За людзей, якіх пазбавілі гэтай прасторы, якія замест двух квадратных метраў камеры маюць метр на два магілы, нясцерпна балюча. Усё астатняе перажывем.
Калі хочаце падтрымаць праз краўдфандынг выпуск новага альбома Leibonik, гэта можна зрабіць па спасылцы. А калі хочаце падтрымаць «Нашу Ніву», гэта можна зрабіць на Патрэоне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары