Беларускія гераіні50

Вера Харужая: беларускі Чэ Гевара быў жанчынай

Якія тут, здавалася б, могуць быць параўнанні. Ён — сусветная ікона левага руху, яго ведаюць у твар мільёны. А яе імем названы дзясятак вуліц у Беларусі і наш мясцовы гатунак бэзу.

Разам з Samsung Galaxy S9|S9+ мы працягваем наш праект «Беларускія гераіні». Распавядаем пра жанчын, якія ўвайшлі ў беларускую гісторыю: бунтарак, мастачак, паэтак. Сведак даўно мінулых дзён і нашых сучасніц. Мы ўжо знаёмілі вас з Эміліяй Плятэр, а сёння паглыбляемся ў гісторыю Веры Харужай.

Супраць Харужай сыграла тэорыя вялікіх лічбаў. Калі б яна — са сваімі талентамі, жарсцю, характарам — нарадзілася ў Лацінскай Амерыцы, камандантэ Чэ глядзеўся б блякла на яе фоне.

У іх не так мала супольнага, аж да каляндарных супадзенняў. Абое, напрыклад, пражылі ўсяго 39 год, абое загінулі ў палоне ад рук ворагаў, абое, ахвяраваўшы асабістым, паклалі жыццё за ідэю сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Якая сёння выглядае спрэчнай, як сярэднявечная ідэя вызвалення Гроба Гасподняга ад сарацынаў.

ХаруНжая

Сапраўднае прозвішча Веры — Харунжая. Але потым літара «н» згубілася. Магчыма, здарылася памылка падчас выпраўлення дакументаў, але маглі быць і ідэалагічныя прычыны. Нам сёння цяжка зразумець, але ў сталінскія часы нават прозвішча магло быць «класава чужым» і небяспечным для носьбіта.

Вера нарадзілася ў Бабруйску ў 1903-м, яе бацька на той момант служыў у паліцыі памочнікам прыстава. Гэты факт біяграфіі пасля замоўчваўся. Дый Вера наўрад ці запомніла тату ў мундзіры. Ёй было пяць гадоў, калі Захара Баніфацыевіча Харунжага звольнілі з царскіх «органаў». Уладкавацца яму ўдалося пасля некалькіх год беспрацоўя, меліяратарам. Вялікая сям’я Харунжых, дзе, апроч няўрымслівай гарэзы Веры, былі яшчэ малодшыя сёстры і брат, пераехала глыбей на Палессе, у Мазыр. Тут, над Прыпяццю, Вера скончыла школу. Тут жа, яшчэ падлеткам, захапілася рэвалюцыйнымі ідэямі.

Вера ўступае ў камсамол. «Маладая мілая дзяўчына ў скуранай куртцы, у мужчынскай шапцы» — апісвае яе сучаснік і дадае, што так адзяваліся тады ўсе камсамольцы.

Яны арганізоўвалі школы для непісьменных, агітавалі, стаялі ў патрулях. Але таксама — збіралі прадуктовы падатак і ў складзе чырвонаармейскіх Частак асаблівага прызначэння (ЧОН) змагаліся з «бандытызмам», у тым ліку з выступленнямі сялян, абураных новымі парадкамі.

Эпізод з Балаховічам

«Гэта быў чалавек без сэрца», — пісала пра Чэ Гевару жонка Фідэля Кастра, якая ўцякла з Кубы ў Іспанію. Яна расказвала пра масавыя расстрэлы без суда, якія былі на сумленні Чэ.

Мы зусім мала ведаем пра канкрэтныя дзеянні Веры Харужай у Грамадзянскую вайну і пасля, калі яна падчас вучобы ў Мінскай партыйнай школе таксама «змагалася з бандытызмам», калі дзейнічала ў Заходняй Беларусі, дзе ў 1920-я савецкая ўлада разгарнула шырокую дыверсійную дзейнасць.

Ва ўсіх савецкіх біяграфіях Веры без падрабязнасцяў гаворыцца, што яна «змагалася з бандамі балахоўцаў». Грунтуецца гучная заява, відаць, на артыкуле «Апошняя баявая старонка», які Вера ў 1923-м апублікавала ў «Чырвонай змене».

Гаворка ідзе пра Палескі паход 20-тысячнай арміі Булак-Балаховіча, якая, прайшоўшы ўвесь беларускі поўдзень, у лістападзе 1920-га заняла Мазыр. Адсюль Балаховіч планаваў ударыць на Бабруйск і Барысаў, у той час, як польскія войскі зоймуць Мінск. Урады БНР і савецкі ўрад Булак-Балаховіч абвяшчаў нелігітымнымі, а сябе — начальнікам незалежнай беларускай дзяржавы. Але наўрад ці яго дзяржава была б незалежная ад Пілсудскага… Балаховіч спазніўся: палякі адступілі з Мінска, не дачакаўшыся яго. Чырвоная армія праз тыдзень выбіла балахоўцаў з Мазыра.

У тым артыкуле Харужая апісвае не баявыя дзеянні, а, хутчэй, моладзевую тусоўку. Як камсамольцы, калі Мазыр занялі балахоўцы, выязджаюць апошнім цягніком. А калі балахоўцы пачынаюць адступаць, камсамольцы бурапенна збіраюцца на фронт, а парткам ім забараняе… Урэшце яны «гналіся па слядах за перадавымі часткамі нашых войскаў, але не паспелі схапіцца з ворагамі». Так што «змагалася са зброяй у руках» у гэтым выпадку перабольшанне.

Станіслаў Скульскі — першы муж Веры. Сяргей Карнілаў — другі муж Веры. Анатоль Вольны — каханне Веры.

«Самая лепшая эпоха жыцця»

Пасля савецка-польскага міру Вера з Мазыра трапляе ў Мінск. Трохгадовы побыт у сталіцы савецкай Беларусі, вучоба, маладыя гады і жаданні… Усё гэта сканчаецца ў 1924-м, калі замест мінскай слухачкі ВПШ Веры Харужай пад Беластокам з’явілася настаўніца Вераніка Карчэўская. У заходнебеларускім падполлі Харужая ўзялася ствараць камсамольскія структуры, пашыраць камуністычную літаратуру, праводзіць сходы…

Многіх сёння шакуе той факт, што ў Беларусі да 1930-х былі чатыры дзяржаўныя мовы. Але такая была рэальнасць, і Вера — пацвярджэнне таму. Сведкі ўспаміналі, што яна выдатна гаварыла не толькі па-беларуску і па-руску, але і па-польску. А яўрэйскія жанчыны заходнебеларускіх мястэчак, з якімі яна спынялася перакінуцца парай словаў на ідыш, увогуле прымалі яе за сваю. Ведала Вера і нямецкую мову.

Ці хацелася ёй з’язджаць з Мінска на падпольную працу? Наўрад ці. У Мінску Вера пакінула сардэчную прывязанасць.

«Нядаўна з лістамі прынеслі фота. З якой радасцю я доўга глядзела ў родныя знаёмыя твары! Быў там і Т. Некалькі дзён таму назад чытала яго апавяданне і там, між іншым, убачыла такі радок:

«Добрая дзяўчына!.. Які ж падарунак ёй прынесці? Вось каб кавалак неба ёй на хустку блакітную!»

Уяві сабе толькі, якой радасцю на мяне павеяла, колькі мілага, цудоўнага, незабыўнага згадалася!.. Памятаеш жа, напэўна, самая лепшая эпоха нашага жыцця была ахутаная гэтым блакітным кавалкам неба?..» — пісала Вера мінскаму сябру С. у канцы ліпеня 1925.

Гэты Т. — пісьменнік Анатоль Вольны, з якім Харужую звязвала блізкае сяброўства, а можа, і што большае. Захаваліся ўспаміны, як Вера бегла да яго ў абдымкі за кулісамі якогасьці літаратурнага выступу. Дый адзін з яе літаратурных псеўданімаў быў — «Анатолька».

Мінск тады не быў вялікі, усе ведалі ўсіх. І камсамолка Вера была ў віры культурнага жыцця — ёсць успаміны, як на прэм’еры п’есы Уладзіслава Галубка «Князь Качэргін» яна, не стрымаўшыся, выскоквае на сцэну і жорстка крытыкуе «дзядзьку Галубка» за фрывольнасць твору. А Галубок, загрыміраваны пад князя Качэргіна, выходзіць з-за кулісаў і пярэчыць…

Здымкі Веры Харужай, што зрабіла беластоцкая паліцыя ў верасні 1932 года.

«Мярзавец»

Вера была арыштаваная ў Польшчы ў верасні 1925-га, падчас масавай «зачысткі» сябраў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Сем гадоў яна прабудзе ў зняволенні, у жаночай турме «Фардон» у Быдгашчы. Умовы польскага зняволення дазвалялі Веры многа пісаць, чытаць, вучыцца, камунікаваць з такімі ж маладымі беларускімі камуністкамі. «Не турбуйся пра мяне: мне добра, так добра, наколькі можа быць добра ў турме», — пісала яна сястры.

22 сакавіка 1928 года. Брату Васілю.

«…Вы сабе ўяўляеце, што я ўжо перад магілай, а гэта зусім смешна. Ні сухотаў, ні рэўматызму — гэтых неадлучных спадарожнікаў усіх зняволеных — у мяне яшчэ няма. Замест усіх жудасных хвароб у мяне толькі трошкі не ў парадку сэрца, але гэта ж не хвароба, а толькі, здаецца, вынік нервовага разладу.

…У мяне час ляціць і ляціць. Ужо трэцяя вясна ў турме, а восень ужо будзе чацвёртая. …Якое шчасце, што ў турме я ўсё ж такі бачу, адчуваю, як змяняюцца поры года! …Хадзіце абавязкова ў лес і нарвіце пралесак…»

Выява сцяны камеры, у якой сядзела Харужая. На адной з цаглін — надпіс, які пакінула Харужая.

З яе лістоў родным і сябрам у СССР склалі кнігу «Лісты на волю». Яна выйшла з прадмовай Надзеі Крупскай, удавы Леніна, але без імя Веры Харужай на вокладцы: дзеля бяспекі аўтаркі кнігу падпісалі псеўданімам «Польская камуністка».

З турмы праз ліставанне з сябрамі яна спрабуе даведацца, чаму ж Анатоль Вольны не піша ёй. Толькі ў 1929-м дазнаецца. «Той дзень, калі я даведалася, быў для мяне адным з самых горкіх дзён у турме…»

Справа, лічыць даследчыца Ганна Севярынец, тычылася скандалу, які здарыўся ў 1926-м, доўга абмяркоўваўся ў літаратурных колах Беларусі і апісаны ў артыкуле «Чырвонай змены» пад назвай «Мярзавец».

Сюжэт такі. Вольны пасля ад’езду Веры працягваў багемнае жыццё. Ён пазнаёміўся з афіцыянткай, зладзіў з ёй хуткае вяселле, на якім гуляла ўся літаратурная багема. Але ў хуткім часе Вольны страціў цікавасць да жонкі і яна літаральна «пайшла па руках», стаўшы ўрэшце прастытуткай…

Пра тое, як Вера перажыла расчараванне ў блізкім чалавеку, сведчыць унутрана напяты допіс «таварышу В.»: «Было нядрэнна кожны дзень чакаць перанясення ў лепшы свет, але і цяпер няблага: зноў бяруся за кнігі, за ўрокі, зноў, але, ужо не развітваючыся, любуюся сонцам і небам».

Анатоль Вольны, дарэчы, у 1929-м таксама меў сардэчныя перажыванні, разрываючыся між сяброўствам з Міхасём Чаротам і каханнем да яго жонкі, Ганны Савіч. Вольны нават прапанаваў ёй галоўную ролю ў фільме «Хвоі гамоняць», які здымаўся паводле яго твора, і звёз на здымкі…

Калі раман Харужай з Вольным і быў, лічыць Ганна Севярынец, дык ён прыпаў на самыя першыя гады знаходжання ў Менску. Бо ад 1923-га Вера была замужам за польскім дзеячам Камінтэрну Станіславам Скульскім-Мертэнсам.

Турэмны ліст Веры да сяброўкі.

Балхаш і новая сям’я

Харужая прабыла ў польскіх турмах сем гадоў, пакуль яе і яшчэ некалькіх зняволеных не абмянялі на польскіх вязняў савецкага Гулага. На станцыі Негарэлае, першай на савецкай тэрыторыі, Веру сустракалі як гераіню. А пасля пачаліся праблемы.

Ёсць меркаванне, што Фідэль Кастра выправіў Чэ Гевару ў апошні паход у Балівію, каб ад яго пазбавіцца. Занадта нязручным для дыктатара Кубы стаў вечны рэвалюцыянер. Нешта падобнае адбылося і з Верай пасля вызвалення з польскай турмы. Сталіну трэба былі не героі, а вінцікі.

У 1935-м Харужую прымушаюць аддаць ордэн, якім яна была ўзнагароджаная падчас турэмнага зняволення, даюць ёй вымову за «парушэнне дысцыпліны» і высылаюць у Казахстан, на будаўніцтва Балхашскага горна-металургічнага камбіната. Вядома, яна працавала не ў зэкаўскай брыгадзе, а ў партыйным аддзеле, але перспектывы, як пабачым далей, былі няпэўныя.

Да таго перыяду адносіцца ўспамін пра яе характар і манеру гаварыць: «Я любіла слухаць, калі яна, трохі картавячы, вымаўляючы шэраг словаў на польскі манер, чытала на памяць вершы Міцкевіча, Пушкіна, Лермантава. Расказвала, што, седзячы ў польскай турме, так навастрыла сваю памяць, што чытала на памяць даўно прачытанае…» — згадвала яе таварышка па Балхашбуду.

На Балхашы Вера другі раз выйшла замуж — за камуніста Сяргея Карнілава, у іх нарадзілася дачка Ганна.

Па даносе мужа?

Ёсць версія, што сваю ролю ў бедах, якія абрынуліся на галаву Веры, сыграў яе першы муж Станіслаў Скульскі. Нібыта ён метадычна паведамляў партыйным органам пра «памылкі» Харужай. Ці гэта была асабістая помста? Наўрад ці. Хутчэй, з яго, арыштаванага, проста «выбівалі» паказанні.

Праз два гады, у 1937-м, Веру з Балхашбуда забіраюць у Мінск, у НКВД. Яе справу вядуць чатыры следчыя, спрабуючы змусіць яе — што адбыла сем гадоў у Фардоне — прызнацца ў шпіянажы на карысць Польшчы. Вера патрабуе вочнай стаўкі з сведкамі, на словах якіх будуецца справа. Але нікога з чатырох чалавек, у тым ліку Станіслава Скульскага, ужо няма ў жывых — расстраляныя.

Дзіва, але ёй удалося апраўдацца. У 1939-м яе вызвалілі ў зале суда пасля прамовы, у якой яна, перафразаваўшы караля Францыі, сказала: «Савецкая дзяржава — гэта я».

Рэпрэсіі ад савецкай улады Вера ўспрымала з бязмежнай пакорай, можна сказаць хрысціянскай. Яна, нібыта біблейскі Іоў, не стамляецца славіць камуністычнага бога, які раз за разам забірае ў яе ўсё.

«Калі мяне накіруюць у лагеры, я буду першым памочнікам кіраўніцтву лагераў, буду першай брыгадзіркай стаханаўскага руху і таксама буду перагрызаць горла любому ворагу…» — казала яна ў апошнім слове на судзе.

Вера Харужая (крайняя злева ў другім шэрагу) сярод актыва клуба «Камуністычны інтэрнацыянал моладзі». Мінск, 1923 год.

Цяжарная ў партызанах

А следам прыйшоў 1939 год. Гітлер напаў на Польшчу, следам у Заходнюю Беларусь і Украіну ўвайшла Чырвоная армія. Вера адразу ж прыдалася — яе з мужам накіроўваюць працаваць на новыя тэрыторыі, у Пінскі абкам партыі.

Фінаддзел у Пінску ўзначальваў Васіль Корж, «чалавек з двума ордэнамі і дваццаццю гадамі баявога стажу». Гэты «фінансіст» прайшоў дыверсійную школу НКВД і практыку на заходнебеларускіх дарогах, іспанскія інтэрбрыгады.

І ўлетку 1941-га, у першыя ж дні вайны Корж арганізуе ў Пінску партызанскі атрад, у які трапляюць і Вера з мужам. І ў адным з першых сутыкненняў з нямецкай кавалерыяй Сяргей Карнілаў гіне. Вера, якая і тут застаецца журналісткай і агітатаркай, піша пра гэта нарыс, кароткімі фразамі, праз які прарываецца выццё-галашэнне. І завяршае яго цытатай гераіні іспанскага супраціву Далорэс Ібаруры: «Лепш быць удавой героя, чым жонкай баязліўца».

Амаль гвалтам Корж выпраўляе яе, цяжарную, за лінію фронту. Пешкі Вера на сёмым месяцы прайшла ад Жыткавіч да Гомеля. Пазней яна нараджае сына, назваўшы Сяргеем у гонар нябожчыка-мужа.

Вярнуць «Ад веку мы спалі»

Седзячы «ў дэкрэце», Харужая імкнецца быць карыснай. Наступная цытата раней не друкавалася, і яна паказвае, наколькі Харужай, якую часта ўспрымаюць як стэрыльную савецкую інтэрнацыяналістку, была блізкая родная беларуская культура, прычым не толькі савецкая. Гэтую цытату літаратуразнавец Ганна Севярынец знайшла ў рэдакцыйным машынапісе артыкула «Янка Купала і Вера Харужая» Сямёна Кэмрада (Саламона Каплана), рускага пісьменніка з каранямі з Беларусі. «С.», да якога іншым разам звяртаецца Вера Харужая ў сваіх знакамітых лістах, пасля выдадзеных кнігаю — гэта ён, Сямён Кэмрад, таварыш і паплечнік Веры па баявых камсамольскіх мінскіх дваццатых. У канчатковы варыянт артыкула цытата не трапіла.

«Адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў як дадатковы стымул у барацьбе супраць гітлерызму. Ці не варта выкарыстоўваць несправядліва выгнаную песню «Ад веку мы спалі»? Песня ў народзе не забытая, карыстаецца папулярнасцю. Чаму смерць знакамітага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі абыйшлі поўным маўчаннем? Чаму 25-я гадавіна з дня смерці Максіма Багдановіча адзначана пастолькі, паколькі неабходна было адзначыць гітлераўскай прапагандзе?..».

Трэба была смеласць, каб называць «нацдэмаўскую» песню «незаслужана забытай» і заступіцца за аўтараў «нашаніўскага перыяду».

Каралі Веры Харужай

Крыху пазней Вера скіруе Панцеляймону Панамарэнку, кіраўніку Штаба партызанскага руху, просьбу скіраваць яе ў акупаваную Беларусь.

Кім трэба быць, каб кінуць дваіх малых дзяцей, адно з якіх, ёсць імавернасць, нават не запомніць цябе? 

У сваёй нататцы «Камуністы адказваюць за ўсіх дзяцей на свеце» яна апісала як ад’язджала, пакідаючы дзяцей на маці і сястру. Цяжка сказаць, колькі там шчырасці, а колькі апрацоўкі рэдактараў «Правды», дзе нарыс друкаваўся пасля вайны, перад тым, як Веры пасмяротна дадуць званне Героя Савецкага Саюза.

Светлазарная мая Беларусь!

«Ці памятаеце вы, таварышы, Правіянцкую вуліцу ў нашым Мінску? Канечне, памятаеце. Вось яна — прамая і доўгая, з невялікімі ветлымі хаткамі, садамі і кветнікамі, зялёная і вясёлая ад дзіцячага і птушынага шчабятання. Яна была ў нас небрукаваная, на далёкай ускраіне горада… Мілая, мілая Правіянцкая вуліца. Такія ёсць у кожным нашым горадзе: у Магілёве і Барысаве, у Слуцку і Баранавічах, у Беластоку і Гомелі.

Цяжкая і моцная, як звярыная лапа, смутак хапае за душу, пякучая злосць буяным полымем абпальвае сэрца: нашы вуліцы і нашы гарады, нашы шляхі і нашы вёскі, нашы палі і сенажаці — уся наша светлазарная Беларусь у руках лютага, злога ворага…»

Псеўданім яна склала з прозвішча мужа і імёнаў дачкі і сына: Карнілава Ганна Сяргееўна. Праз «Віцебскія вароты» прайшла на акупаваную тэрыторыю, трапіла ў Віцебск. І пачалася падольная работа: разведка, дыверсіі, карэкціроўка агню.

Пра апошнія дні Чэ мы ведаем вельмі многа. Ён быў зоркай, і нават балівійскія салдаты, якія ўзялі яго, параненага, у палон, фатаграфаваліся з ім перад расстрэлам.

Схопленую пасля пяці тыдняў падполля Веру Харужую катавалі ў гестапа так, што яна не магла сама ісці. Гэта вядома са словаў іншых зняволеных, якім удалося выжыць. Імя яе выбілі з іншай падпольшчыцы, сама Харужая не назвалася. Адзінае пацвярджэнне таго, што яна загінула — была расстраляная ў двары турмы — каралі. Іх бачылі на шыі той катаванай жанчыны, а назаўтра каралі знайшліся ў рэчах расстраляных, якія іншым зняволеным загадалі сарціраваць.

Дзе магіла Веры — ніхто не ведае. У памяці наступных пакаленняў застаўся вобраз фанатычнай камуністкі, злеплены ідэалогіяй. У гэтым загана прапаганды: усе, да каго яна дакранаецца, з жывых супярэчлівых людзей ператвараюцца ў аднабокіх ідалаў. Але праўда на тое і ёсць, каб выходзіць на паверхню.

Чытайце таксама:

Захапляльная гісторыя Эміліі Плятэр, якая пражыла свае 25 гадоў больш свабоднай, чым яе сучасніцы

Каментары50

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў пра працу на хіміі па 18 гадзін на дзень

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў пра працу на хіміі па 18 гадзін на дзень

Галоўнае
Усе навіны →