Дзік у Нямеччыне вырашыў адпачыць на канапе, папярэдне зладзіўшы ў чужым доме форменнае свінства
Дзік зладзіў «вялікае свінства» дома ў жыхаркі нямецкага Хагена. Выдварыць няпрошанага госця дапамаглі паліцэйскія.
Такога госця 39-гадовая жыхарка нямецкага горада Хаген ніяк не чакала.
Увайшоўшы ў свой дом вечарам 4 лютага, яна аслупянела: па пакоях насіўся дзік, як пазней высветлілася, вагой каля 60 кг.
Жывёла зладзіла форменны пагром, а затым, адчуўшы задавальненне ад зробленага і моцна стаміўшыся, прылягла адпачыць на канапу, цалкам запэцкаўшы яе. На гэтым месцы яго і сфатаграфавалі паліцыянты, што прыехалі на выклік, піша Deutsche Welle.
Дзікі могуць быць агрэсіўныя, тым больш у нязвыклай абстаноўцы. Параіўшыся з паляўнічым, паліцэйскія асцярожна зайшлі, пакінуўшы ўваходныя дзверы адчыненымі, а дзік, паспеўшы папазіраваць для фотасесіі і прачнуцца, саскочыў на падлогу і праз адчыненыя дзверы хутка пабег на волю. У дом ён пракраўся, хутчэй за ўсё, праз няшчыльна зачыненыя дзверы тэрасы.
Каментары