Меркаванні88

Ён не захацеў заставацца ў Нямеччыне і Мінску. Ягоная жонка памерла ад раку. Але ён застаўся ў Гомелі, бо верыць у Гомель — кіраўнік «Талакі» Яўген Меркіс, інтэрв'ю

Цяперашні старшыня гомельскай «Талакі» Яўген Меркіс нарадзіўся ў адзін год з арганізацыяй, у той злавесны чарнобыльскі 1986­-ы.

У дзяцінстве марыў быць кіроўцам тралейбуса, палеантолагам, археолагам і прэзідэнтам. Пошукі сябе прывялі да гісторыі. Жыццё ў Нямеччыне ў дзяцінстве прымусіла задумацца: хто я, адкуль? Немец, рускі, беларус?

Бацька гуляў у футбол з Лукашэнкам

У Літве ёсць рачулка Мяркіс, якая выцякае з Беларусі. З літоўска­латышскага памежжа паходзіць і прадзед Меркіса. Ён быў чырвоным латышскім стралком. У 30-­я гады цудам пазбегнуў рэпрэсій, ледзьве не заплаціў жыццём. Выратаваў яго адзіны здымак, дзе ён быў на фоне сцяга свайго палка. На радзіму ўжо не вярнуўся, асеў у Беларусі.

Абодва дзяды за часамі апошняй вайны прасіліся на фронт, бо быў голад, а фронт быў як мара — толькі там можна было хоць трохі пад'есці. Не ўзялі, бо не было 18, як ні намагаліся.

Бацька — са Шклова. У 90-­я там была такая традыцыя: усе тамтэйшыя хлопцы і мужчыны збіраліся на выходных пагуляць у футбол, калі прыязджалі да бацькоў. Гуляў там актыўна і Аляксандр Лукашэнка.

У студэнцкія гады Яўген спрабаваў вучыць літоўскую мову, але не склалася. Затое з беларускай атрымалася. Выдатна ведае нямецкую і добра — англійскую. Лінгвістычныя здольнасці — ад маці­перакладчыцы. Вірус беларушчыны падхапіў на школьных алімпіядах па гісторыі.

Дзед любіў чытаць вершы, якія запомніў са школы, асабліва Якуба Коласа «Асадзі назад». Яўген шмат чытаў, у малодшых класах любіў браць на выходныя некалькі тоўстых кніг і ўжо ў панядзелак здаваў іх прачытанымі назад у бібліятэку. Чытаць навучыўся сам у пяць гадоў: з аркушам бег да тэлевізара, калі там ішлі навіны і занатоўваў па літарах словы.

У малодшых класах жыў у Нямеччыне, але пазней вярнуўся на Радзіму, таму добра ведае, што такое жыццё за мяжой.

«Я вельмі рана зразумеў, што мне за мяжой складана і некамфортна ў духоўным плане і што менавіта гэты бок, а не матэрыяльны для мяне важнейшы.

З аднаго боку, я там адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Гэткая разарванасць. Дзве душы, як у Гарэцкага, мо трохі з іншым сэнсам. На Захадзе ўсё ўжо вырашана. У нас жа ты лепш адчуваеш жыццё».

Нейкія звычкі, што склаліся там, захаваліся і зараз. Гэта павага да прыватнай прасторы чалавека, яго захапленняў, якімі б яны ні былі, неразуменне «тыкання» і фамільярнасці, любоў да заходняй музыкі.

Мова — не фетыш

8—9 клас — алімпіяды па гісторыі. Вось там усё і панеслася. Новыя знаёмыя, настаўнікі. Нехта падсоўвае кнігу, нехта — музыку, нехта размаўляе на беларускай мове. N.R.M., «Народны альбом», «Крама». Пачынаў размаўляць на мове ў 9 класе. Была няўпэўненасць. Чытаў Караткевіча, амаль з кожнага сказа выпісваў словы і спраўджваў па слоўніку — вось гэта мова, настолькі насычаная! На беларускамоўнай плыні гістфака ў Мінску — пайшло-­паехала.

«У мяне не было такога, што з панядзелка размаўляю выключна на мове! Я рацыянальна падыходзіў, разумеў, што гэта будзе цяжка, калі адразу так. Паступова пашыраў сферы ўжытку. Спачатку — у афіцыйных месцах, крамах. Потым беларусізаваў перапіску ў інтэрнэце і сацыяльных сетках, якія тады толькі нараджаліся. Потым прыйшоў той самы момант «па Трусаву» — пачалі сніцца беларускамоўныя сны».

Ён рэдка сустракаўся з негатыўнай рэакцыяй на мову. Можа, «я­рускіх» спыняе выгляд дужага дарослага мужыка з барадой — што ты яму будзеш казаць, спрачацца? Яўген упэўнены: трэба ствараць пазітыўны вобраз беларускамоўнага. Калі ты сам на пазітыве, прыязны, пасміхаешся і не занураны ў тое, што «ўсё­гамон­хавайся­ў­бульбу», усё кепска і страшна, не прыдзіраешся да людзей, не патрабуеш ад іх звыш таго, што яны могуць.

У Гомелі «Талака» спрабавала распачаць моўныя курсы «Мова плюс», але пакуль правялі некалькі заняткаў. Сутыкнуліся з набалелай праблемай адсутнасці пляцовак.

За апошні год у горадзе з’явіліся чатыры анты­кавярні, якія значна ажывілі мясцовы культурніцкі клімат. Але цяперашняя моладзь яшчэ не заўжды гатовая плаціць нават невялікія грошы за сапраўдны культурны адпачынак. Таму калі хочаш зладзіць мерапрыемства — сам шукай сродкі.

Гомель — культурны, старажытны

«Талака» займаецца папулярызацыяй гісторыі, мовы і культуры роднага краю, этнаграфічнымі вандроўкамі і шмат чым іншым.

Меркіс мяркуе, што неабходнасць у краязнаўчай арганізацыі можа з часам адпасці, і гэта будзе натуральна. Але не цяпер.

«Пакуль што ў нас мноства лакунаў! Вось што было ў Гомелі тры гады пад нямецкай акупацыяй? Фактычна невядома».

А раней Гомель меў сапраўдны замак, хай і драўляны, абарончыя равы, перажыў шмат аблогаў і войнаў. Да XIII стагоддзя быў даволі паспяховым гарадком, але быў спалены мангола-­татарамі.

Пры аблозе ў XVII стагоддзі ў абароне ад казацкай навалы гераічна ўдзельнічаў шатландзец капітан Х’ю Мантгомеры, а таксама частка вугорскіх і нямецкіх наймітаў, крымскія татары. І сёння гэтыя факты страшна здзіўляюць гамельчукоў, якія прызвычаіліся да горада, якога нібыта і не было да Румянцавых. У цэлым лёс быў неміласэрны да Гомеля. Памежнае становішча не заўсёды было плюсам, хутчэй наадварот, горад рабіўся закладнікам такога становішча.

Унікальная драўляная спадчына Гомеля таксама чакае дапамогі «Талакі» і неабыякавых гараджанаў. І хоць на Валатаўской дамы вынішчылі, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, і толькі адзін дом удалося сяк­так разабраць па частках і перанесці, але варта дбаць, каб такі лёс не напаткаў іншыя нешматлікія дамы з унікальнымі драўлянымі карункамі. У ідэале трэба распрацаваць план пераносу найбольш важных з гістарычнага і мастацкага гледзішча дамоў на нейкую пляцоўку ў цэнтральнай частцы горада і стварыць там адмысловы гістарычны раён.

Беларуская культура — надзейная абарона ад ГНР

«А вось што, калі тут нейкі Лугандон атрымаецца? Без пытанняў. Край жа беларускі, нават гаворкі адносяцца да цэнтральнабеларускіх, на аснове якіх склалася літаратурная мова. Але калі знойдуцца грошы, тут з’явіцца вельмі хутка вялікая колькасць рускіх патрыётаў. Некаторых мы ведаем — у сілавых структурах, у школах сядзяць. Хапае такіх. І гэта рэальная праблема, але наш трэці сектар і грамадства часам не замарочваецца. Лепш марыць пра Смаленск, чым кантактаваць з Гомелем. Шкада. Перспектыў хапае, трэба займацца, браць і рабіць. Праз культуру, калі няма на сённяшні дзень іншых дасяжных сфераў».

У Гомелі перарваныя традыцыі, няма тых самых «трох пакаленняў», пасля якіх становяцца канчаткова гараджанамі.

Таму і гараджане маюць мала ментальных сувязяў, агульных кропак і разумення, што ўсе гомельцы нечым аб’яднаныя, а не проста жыхары населенага месца. Часам раённая самаідэнтыфікацыя адыгрывае значна большую ролю — я беліцкі, я валатаўскі, а я — з Сельмашу. Лакальныя брэнды? Не, не чулі. Хіба мэр, які сядзіць, ці крымінальная спадчына 90­х.

Боль — неад’емная частка існавання чалавека

«Мой светапогляд базуецца на адвечных законах: не крадзі, не падманвай, у тым ліку сам сабе. У Бібліі ж усё гэта запісана. Што я магу дадаць? Я праваслаўны вернік і хаджу ў храмы, што адносяцца да Маскоўскага партыярхата. Мне не падабаецца, калі людзі абіраюць царкву або рэлігію нават, кіруючыся камфортам, а не сэнсам: не пайду ў гэтую царкву, бо гэта руская царква, падпарадкоўваецца Кірылу; пайду вось туды, бо там можна сядзець на набажэнствах, ды і святар беларускамоўны. Людзі шукаюць камфорту, але царква і веравучэнне — гэта першааснова, а не камфорт».

Наогул, боль — неад’емная і, галоўнае, натуральная частка нашага існавання. З дзяцінства Яўген гэта добра адчуў: малодшы брат хварэў, бацькі развяліся, потым — гісторыя кахання і жыцця з Наталляй.

«Сёння ў нас ёсць прага ізаляваць сябе ад гэтага — жыць мірненька, гламурненька, прыемненька, быць пазітыўненькім такім, у сацыяльных сетачках пісаць, што ў цябе ўсё ціп­топ. А калі людзі дзеляцца сваімі пакутамі, кажуць: ну што ты так дэпрэсіўна і негатыўна пішаш? Разбураеш нашу карму! Ты пачні думаць, што ў цябе ўсё добра — і ўсё будзе добра. А гэта не заўжды выключна ад гэтага залежыць».

Два гады таму Яўген страціў блізкага чалавека, жонку Наталлю.

Гісторыя спаткання, кахання і жыцця з ёй кардынальна змяніла маладога чалавека. Лёс звёў іх, хоць усё было не проста так. Анкалогія — гэта не проста дыягназ, а калі хварэюць абое — гэта пакутліва высмоктвае жыццё не толькі з хворага, але і з яго блізкіх.

«Калі ездзіш у Бараўляны па крэдыт на жыццё. Калі даюць тры месяцы да наступнай праверкі… Гэткае заўжды трывожнае, але шчасце. Запомніў з тых часоў вельмі сапраўдную фразу: цяпер цяжка, а будзе яшчэ цяжэй. Таму трэба выцягваць сябе самому. Часам як той Мюнхаўзен. Бо а як па­іншаму? Трэба ставіць мэты і іх дасягаць. Вось у гэтым годзе пачаў актыўна вяртацца да жыцця. Як Міхалок, заняўся сабой, нядаўна во ўпершыню прабег 6 км за 25 хвілін. Не рэкорд, але дасягненне для мяне. Шмат чытаю, збіраюся патэнцыйна працягнуць навучанне. З добрай адукацыяй я змагу зрабіць больш для роднага краю».

***

Яўген Меркіс

старшыня ГМКГА «Талака», менеджар культурніцкіх праектаў, рэгіянальны каардынатар «Будзьмы», гісторык, журналіст­фрылансер. Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і, любіць панк, рок і рэтра 50­70­х, творчасць «трушных паэтаў» — Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Любіць Гомель. У людзях цэніць сапраўднасць. Але ідэя — галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет, і Сямёна Сяменчанкі (батальён «Данбас»).

Каментары8

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не14

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не

Усе навіны →
Усе навіны

Хто лепшы для Беларусі — Трамп ці Харыс? Парадаксальная думка Шрайбмана13

Улады падлічылі, колькі пенсіянераў вернуць на работу і як вырастуць пенсіі ў 2025-м5

Лукашэнка пра флэшмоб «Надо!»: Эйсмант клялася, што не яна арганізавала, я ёй веру22

Змяненне клімату ўдарыць і па здароўі беларусаў?9

«Канечне, НАТА». Найлепшыя твіты тыдня2

Пад Барысавам сур'ёзная аварыя з маршруткай — дзевяць пацярпелых1

У Мінску выпаў першы снег

«За адно прывітанне могуць закінуць 200 даляраў». Беларус расказаў пра асаблівасці працы на «Онліфанс»38

На абноўленых картах Google выпадкова апублікавалі спадарожнікавыя здымкі вайсковых аб'ектаў Украіны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не14

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не

Галоўнае
Усе навіны →