«Грабуць вазкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы
Людзей, якія гатовыя са зніжкай набыць выратаваны пасля пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Беларусь» тавар, даволі шмат.
27.12.2024 / 09:37
Фота са старонкі ў інстаграме «НЕтыповы Віцебск»
Відэа са стыхійнага распродажу на вуліцы Акадэміка Паўлава апублікаваў у інстаграме акаўнт «НЕтыповы Віцебск».
У роліку бачна, што некаторыя рэчы (напрыклад, дзіцячыя цацкі і кофты) ляжаць проста на цэлафане, якім засцялілі асфальт. Побач стаяць і вешакі з дзіцячай вопраткай.
Купцоў на незвычайным распродажы нямала: відавочна, што гандаль ідзе актыўна. Нехта аглядвае рэчы, нехта прымярае абутак, а нехта ўжо пакуе набытае ў вялікія пакеты.
У аўтара відэа пацікавіліся, якія ж там цэны. Чалавек, які вядзе гэтую старонку ў інстаграме, адказаў: «Цэны крыху ніжэйшыя, чым на Полацкім рынку, па закупцы прадаюць». Ён таксама ўдакладніў, што ад тавару пахне дымам. Яшчэ адна каментатарка дадала: «Людзі грабуць вазкамі. Курткі зімовыя па 30 рублёў, сама бачыла, як жанчына расплачвалася».
У наступнай публікацыі аўтар хвалюецца, ці бяспечна набываць і насіць вопратку, якая перажыла пажар. Меркаванні каментатараў падзяліліся. Адныя сталі на бок прадпрымальнікаў, якім трэба хоць неяк вярнуць грошы. Яны таксама казалі аб тым, што дарослыя людзі самі могуць вырашыць, ці хочуць рызыкаваць дзеля эканоміі. Іншыя ж абураліся тым, як шмат віцебчукоў гатовыя набываць рэчы з пажару.
Гучала крытыка і ў бок мясцовых уладаў, якія маглі б арганізаваць цывілізаванае памяшканне для такога распродажу ці хаця б выдаць намёты для гандлю.
Пішуць, што «дымны кірмаш» працягнецца 6 дзён.
Нагадаем: буйны пажар у ГЦ «Беларусь» у Віцебску адбыўся ўвечары 13 снежня. Пажарныя тушылі яго некалькі гадзін.
Агульная колькасць пацярпелых склала 20 чалавек. Абгарэлы будынак у цэнтры горада, хутчэй за ўсё, аднаўляць не будуць, а проста знясуць.
Папярэдняй прычынай пажару назвалі няякасна зробленую праводку, няспраўнасць якой прывяла да перагрузкі сістэмы і кароткага замыкання.
Ці дапамогуць улады прадпрымальнікам, якія пацярпелі ад пажару, не вельмі зразумела. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін у эфіры тэлеканала АНТ казаў, што «хацелася б дапамагчы тым, хто ў гэтым рэальна мае патрэбу», але пры гэтым абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару.
МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні
Пацярпелую на пажары ў віцебскім ГЦ перавезлі ў Мінск
Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік
Шмат драўляных канструкцый. Чаму ўскладнялася тушэнне пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску