ЗША афіцыйна абвінавацілі Іран у падрыхтоўцы забойства Трампа

Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла федэральныя абвінавачванні тром асобам, якія ўдзельнічалі ў іранскай змове па забойстве Дональда Трампа напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

08.11.2024 / 21:38

Дональд Трамп. Фота: AP Photo Manuel Balce Ceneta

Згодна з судовымі дакументамі, агенты Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) папрасілі аднаго з абвінавачаных, Фархада Шакеры, у верасні сачыць за Трампам, а потым забіць яго. Шакеры ўсё яшчэ знаходзіцца на волі ў Іране, піша CNN.

Пракуроры сцвярджаюць, што Шакеры першапачаткова атрымаў заданне ад КВІР здзейсніць іншыя забойствы грамадзян ЗША і Ізраіля на тэрыторыі ЗША. Аднак 7 кастрычніка куратары даручылі Шакеры засяродзіцца толькі на Трампе. У яго было сем дзён, каб распрацаваць план забойства на той момант экс-прэзідэнта.

Калі б Шакеры не паспеў распрацаваць план, КВІР збіраўся чакаць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, каб дзейнічаць далей, бо ў Корпусе лічылі, што Трамп не пераможа.

Яшчэ два абвінавачаных, грамадзяне ЗША Карлайл Рывера і Джонатан Лаудхолт, былі арыштаваныя ў Нью-Ёрку і абвінавачваюцца ў дапамозе іранскаму ўраду ў сачэнні за асобным грамадзянінам ЗША іранскага паходжання. Яны знаходзяцца пад вартай у чаканні суда.

Генеральны пракурор Мэрык Гарланд і дырэктар ФБР Крыстафер Рэй у сваіх заявах асудзілі пагрозы з боку іранскага ўрада на адрас грамадзян ЗША.

«У свеце мала гульцоў, якія ўяўляюць такую сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы Злучаных Штатаў, як Іран. Міністэрства юстыцыі выставіла абвінавачанні агенту іранскага рэжыму, якому было даручана кіраваць сеткай злачынных саўдзельнікаў для садзейнічання змовам Ірана з мэтай забойства яго цэляў, уключаючы абранага прэзідэнта Дональда Трампа», — заявіў Гарланд.

Урад ЗША неаднаразова выказваў заклапочанасць, што Іран можа паспрабаваць адпомсціць за ўдар дронамі у 2020 годзе, у выніку якога загінуў генерал Касем Сулеймані, высокапастаўлены камандзір КВІР. Спецлужбы ЗША лічылі, што Іран паспрабуе забіць Трампа, які аддаў той загад, або яго былых дарадцаў.

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс

Прэзідэнцкая гонка ў ЗША радыкальна падзяліла маладых жанчын і мужчын. У каго якія прыярытэты?

У Каліфорніі перад мітынгам Трампа затрымалі мужчыну з драбавіком і пісталетам

Трамп запытаў дадатковую абарону з-за пагроз Ірана

Трамп расказаў, што цудам яго выратавала ад кулі

Nashaniva.com