Лукша расказаў, як сустрэўся ў адной камеры з Пачобутам. І перадгісторыю іх даўняга канфлікту

«Ён стаіць і гаворыць: «Ну як, Дзіма, нязвыкла?»

29.09.2024 / 09:18

Анджэй Пачобут падчас суда. Фота: sb.by

У выпуску ТОКу былы палітвязень Дзмітрый Лукша згадаў пра свае сустрэчы за кратамі з журналістам Анджэем Пачобутам.

Па словах Лукшы, калі ён ужо знаходзіўся ў зняволенні на Валадарцы тры месяцы, у адзін з дзён у іх камеру завялі трох новых людзей. Сярод іх быў і Анджэй Пачобут:

«Адчыняюцца дзверы, заходзяць тры чалавекі. Я пайшоў даведвацца. (…) [Пытаюся], у каго якія артыкулы. І Анджэй нешта сказаў: 130-я і яшчэ нешта. Я такі: «А, па палітычных». Я кажу: «Кідай рэчы. Потым падыдзеш, патлумачу, як і што».

Ён глядзіць на мяне і пытаецца: «А ты не Лукша выпадкова?» Я кажу: «Так. А ты хто?» І Анджэй кажа: «Ну, яшчэ даведаешся! Я Пачобут». Мы з Анджэем перасякаліся, калі я яшчэ працаваў на БТ».

@tokbelarus Худший телеканал Беларуси. Согласны? #телевидение #милициябеларуси #беларусь #милиция #полиция #нашаніва #лукашенко ♬ stellar (Slowed + Reverb) - .diedlonely & énouement

Лукша палічыў, што паміж імі абавязкова ўзнікне канфлікт:

«Я падумаў: «Вось гэта зараз вяселле пачнецца! Вось жа мы з ім счэпімся». Ён паклаў рэчы, і літаральна адразу праверка. Мы ўсе шыхтуемся, і Анджэй становіцца побач са мною. Я памятаю, стаю і думаю: «Ну навошта ты правакуеш? Ну навошта ты сюды стаў? Ну заводзіць жа мяне!» А ён проста стаіць і гаворыць: «Ну як, Дзіма, нязвыкла?»

Аднак канфлікту не адбылося. «У той жа вечар ён падышоў, мы з ім пагаварылі».

Лукша згадвае, што першая яго сустрэча з Пачобутам адбылася прыкладна ў 2009 годзе, калі ён здымаў сюжэт аб спрэчцы вакол «Дома палякаў» у адным з гарадоў Беларусі. Саюз палякаў Беларусі звярнуўся ў суд.

«Са слоў Анджэя, я падышоў да Анжалікі Борыс запісаць з ёй інтэрв'ю. Я запісваю, а Анджэй праходзіў недзе побач. Ён бачыць, што Борыс дае мне інтэрв'ю — а ён ведае, хто я — і [кажа]: «Эй, ты каму інтэрв'ю даеш? Гэта ж той бэтэшнік». І пачынае нешта на мяне. У нас пачынаецца лаянка. (…)

Пазней я ў некага спытаў, хто гэта. Мне адказалі, што Пачобут», — расказвае Лукша і заўважае, што быў здзіўлены, што Пачобут памятае пра выпадак, які адбыўся шмат гадоў таму.

Лукша кажа, што сябрамі яны з Пачобутам не сталі, але мелі нармальныя адносіны.

«Мне Пачобут падабаўся як чалавек, як сапраўды моцная асоба. Ён менавіта асоба, вельмі прынцыповы, разумны. Мне падабалася назіраць, як ён сябе павядзе ў розных сітуацыях. Калі яго пераводзілі ў СІЗА Гродна, нягледзячы на этап, пераезд, бо сам гэты працэс вельмі непрыемны, ён быў шчаслівы.

Мы ў яго пыталі: «Анджэй, можа ты не разумееш, што цябе чакае?» Ён казаў: «Хлопцы, я ўсё разумею, я еду дамоў. Я еду ў свой горад, які я люблю, я буду дыхаць паветрам гэтага горада». І бачна было, што гэта не пафас, што ён менавіта чакае свайго горада. Ён будзе дома, і яго гэта будзе саграваць.»

***

Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».

У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.

Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.

Глядзіце цалкам:

Анжаліка Борыс: Пачобут пагадзіўся на выезд з Беларусі яшчэ ў красавіку

Былы вядучы «Зоны Х» Лукша: З тэлефона супрацоўніка БТ Маркаву адправілі смс «ідзі нах**» — а павесілі на мяне

Былы вядучы «Зоны Х» расказаў пра свой самы вялікі заробак: $6000 за месяц

«Усе бачылі, што яму падабаецца Наташа, і думалі: «Ну калі вы ўжо?!» Былы палітвязень Лукша расказаў пра свае адносіны з Эйсмантамі

Nashaniva.com