Хунта Нігера запрасіла ПВК «Вагнер» у краіну 

Па інфармацыі журналіста France 24, адзін з лідараў прарасійскіх путчыстаў Нігера прыехаў у суседні Малі, дзе знаходзіцца адна з асноўных баз ПВК «Вагнер» у Афрыцы, каб прасіць іх аб дапамозе ў абароне хунты.

02.08.2023 / 20:37

Путчысты на чале з генералам Амарам Чыяні (другі справа), якія днямі захапілі ўладу ў Нігеры. Фота: Anadolu Agency / Getty Images

Адразу некалькі крыніц з Малі паведамілі, што да іх прыехаў адзін з лідараў прарасійскай вайсковай хунты Нігера, якая нядаўна захапіла ўладу ў краіне. Мэтай гэтага візіту з'яўляюцца перамовы аб хутчэйшым разгортванні наймітаў ПВК «Вагнер» у Нігеры на фоне магчымага ваеннага ўварвання ў краіну з боку празаходніх сілаў ў Афрыцы.

Як адзначае журналіст выдання France 24 Васім Наср, прадстаўніком путчыстаў на перамовах у Малі з'яўляецца генерал Саліфу Модзі, намеснік Амара Чыяні, галоўнага кіраўніка хунты Нігера.

#Niger selon deux sources maliennes l’ancien chef dÉtat-major « #Mody est à #Bamako « pour demander un déploiement rapide de #Wagner à #Niamey » ici au départ de l’aéroport avec la délégation de la junte nigérienne pic.twitter.com/u52tkHcQv3

— Wassim Nasr (@SimNasr) August 2, 2023

Нагадаем, што Малі — адзін з галоўных апорных пунктаў «Вагнера» ў Афрыцы. У гэтай краіне ў 2021 годзе адбыўся такі самы прарасійскі вайсковы пераварот, лідары якога адразу ж выгналі адтуль французскую армію і затым запрасілі вагнераўцаў. 

Сённяшняя колькасць расійскіх наймітаў у Малі ацэньваецца ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч чалавек.

Між тым, ужо прайшло некалькі дзён з моманту абвяшчэння ўльтыматуму вайсковай хунце Нігера, які зрабілі адразу некалькі краін Заходняй Афрыкі з падтрымкай ЗША, Вялікабрытаніі і Еўрасаюза.

Згодна з ультыматумам, путчыстам дадзены роўна тыдзень на вызваленне прэзідэнта Нігера і аднаўленне канстытуцыйнага ладу краіны. У адваротным выпадку можна чакаць поўнамаштабнага вайсковага ўмяшання з боку празаходніх сіл у Афрыцы.

Чытайце таксама:

ЗША падтрымалі ўльтыматум афрыканскіх краін прарасійскай хунце Нігера. А яна спыніла экспарт урану ў Францыю

У Пентагоне пракаментавалі інцыдэнт з беларускімі верталётамі, што заляцелі на тэрыторыю Польшчы

Вагнераўцы ўзводзяць фартыфікацыі на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі. Спадарожнікавы здымак

Марк Рыхтэр