Рэкламны ролік забойнага «Мачэтэ» Радрыгес зрабіў за тры гады да самой карціны.
ЗША, 2010, каляровы, 105 хв.
Рэжысёры: Роберт Радрыгес, Этан Манікус
Ролі выконваюць: Дэні Трэха, Робэрт Дэ Ніра, Джэсіка Альба, Стывен Сігал, Мішэль Радрыгес, Ліндсі Лохан
Жанр: Крымінальны баявік
Адзнака: 7,5 (з 10)
Падчас замаху на сенатара-ксенафоба найміт Мачэтэ заўважае, што сам на прыцэле. Цудам пазбегнуўшы смерці, герой пачынае паляваць за нягоднікамі, якія яго падставілі. Сярод ворагаў — і злыдні, якія некалі забілі жонку Мачэтэ. Помста героя будзе хуткай і вострай.
Рэкламны ролік «Мачэтэ» з’явіўся за тры гады да самой карціны.У сумесным праекце Таранціны і Радрыгеса «Грайндхаўс» былі паказаны ролікі няісных фільмаў. «Мачэтэ» ачольваў калекцыю. За тры гады сінэфільскі жарт, які абыгрываў крутыя баевікі 70-ых гадоў, аброс крывёю і мясам.
«Мяса», дарэчы, у гэтым фільме хапае. Рубака Мачэтэ (Дэні Трэха) сцінае рукі, ногі і галовы благіх хлопцаў з кіношнай нахабнасцю і круцізной. Зубадрабільныя сцэны — адна за адной, прыгажуні з кулямётамі і медсясцёркі з гранатамі — на баявых падтанцоўках.
Карціна ўжо паказана на новаадчыненым Венецыянскім фэсце па-за конкурсам. Ідэальная стужка для саракагадовых падлеткаў і кінаманаў.
Каментары