Закручаны трымценнік Крыстафэра Нолана «Пачатак» — найлепшая стужка летняга сезону.
ЗША — Вялікабрытанія, 2010, каляровы, 148 хв.
Рэжысёр: Крыстафэр Нолан
Ролі выконваюць: Леанарда Дзі Капрыё, Джозэф Гордан-Левіт, Элен Пэйдж, Том Гардзі, Кен Ватанабэ, Марыён Катыяр, Кіліян Мёрфі
Жанр: Псіхалагічны трымценнік з элементамі фантастыкі
Адзнака: 7,5 (з 10)
Дом Коб — злодзей, які крадзе чужыя сакрэты, вандруючы ў сны. Але аднойчы Кобу прапануюць не сцягнуць ідэю, а пакласці яе ў чужы розум. Коб збірае каманду для небяспечнае аперацыі, але мала хто ведае, што галоўны вораг — у снах самога героя.
Закручаны трымценнік Крыстафэра Нолана — найлепшая стужка летняга сезону.
Сны заўжды былі ўдзячнай метафараю кіно. Яны правакавалі галюцынацыямі, віртуальным шокам і сэксуальнымі выбрыкамі.
Але сны ў карціне Крыстафэра Нолана — дакладныя, рэалістычныя, без навязлівых дадатковых эфектаў. Гэта сны-трылеры са стралянінаю і пагонямі, бесперапынным дзеяннем — і жорсткай псіхалагічнай гульнёй.
Леанарда Дзі Капрыё і Марыён Катыяр, Кіліян Мэрфі і Кен Ватанабэ правальваюцца ў чужыя сны, б’юцца, высвятляюць стасункі. Развальваюцца гарады, падаюць машыны, імчацца снегавыя лавіны.
Сны ад Крыстафэра Нолана не дадуць вам заснуць на працягу амаль трох гадзінаў.
Але будзьце асцярожнымі: рэжысёр-гіпназнаўца ўжо імплантаваў у вас сваю ідэю.
Каментары