«Двайны КОПец» Кевіна Сміта — камедыйны баявік, у якім зусім не да смеху.
ЗША, 2010, каляровы, 107 хв.
Рэжысёр: Кевін Сміт
Ролі выконваюць: Брус Уіліс, Трэйсі Морган, Хуан Карлас Хернандэз, Коры Фернандэз
Жанр: Камедыйны «напарніцкі» баявік
Адзнака: 2,5 (з 10)
Два сябры-паліцэйскія рэдкія ёлупні, якія вечна трапляюць у дурныя сітуацыі. У дадатак героі ўвязваюцца ў прыгоды з наркамафіяй, прыгажуняй — і дарагой бейсбольнай карткай. Кепска будзе!
Карціна Кевіна Сміта — гэта двайны капец Бруса Уіліса.Мы любім Уіліса, як «ударнага» героя баевікоў з добрым пачуццём гумару.
У гэнай карціне з пачуццём гумару ў Бруса Уіліса — не бліскуча, нягледзячы на натужлівыя камікаванні і недарэчнасці. А ягоны герой — суцэльная цямця-лямця, няздольны нават адсвяткаваць вяселле дачкі.
Затое энэргічны напарнік Уіліса — Трэйсі Морган захлынаецца слінамі й камедыйным пафасам.Ён носіцца па вуліцам, замаскаваны пад мабільны тэлефон, крычыць і мітусліва ўвасабляе на экране паліткарэктную афраамерыканскую тэму.
А вось лацінаамерыканцам дасталося: яны моляцца толькі каб застрэліць ворага, крыжык носяць як флэшку з бандыцкаю інфармацыяй, і, увогуле, псіхапаты.
Пара ўдалых сцэнак: тэлефон-мурын і пагоня на могілках, пара ўдалых жартаў, якія нават не ўзгадаеш.
І гэта ўсё.
Кевін Сміт, аўтар зубадрабільных і пацешных «Клеркаў», зняў невядома што.
Брус Уіліс — улез у невядома што.
Не, таварышы… Гэта поўны — «двайны капец».
Каментары