Грамадства66

Беларусы могуць застацца без шэнгена, нават калі яго атрымалі. З'явілася новая тэндэнцыя анулявання віз

У спісе дакументаў, якія патрэбныя беларусам, каб атрымаць турыстычны шэнген, ёсць пацверджанне аплачанай рэзервацыі гатэля. Даволі папулярная наступная хітрасць: пасля атрымання візы людзі адмяняюць рэзервацыю і вяртаюць грошы. Але, як даведалася «Люстэрка», апошнім часам за такія маніпуляцыі консульствы некаторых краін пачалі ануляваць шэнген.

Фота ілюстрацыйнае

«Апошнім часам сустракаецца ўсё больш гісторый пра ануляванне. Асноўная прычына — адмена рэзервацыі гатэляў, пазначаных падчас падачы дакументаў, — гаворыць візавая экспертка і рэдактарка visaflow.live Анастасія Лысакоўская. — Асабліва часта мы з калегамі заўважаем гэта ў такіх краін, як Балгарыя і Венгрыя, радзей — Грэцыя. Чытала, што падобная сітуацыя ўзнікае і ў консульстве Румыніі, але я з такім не сутыкалася. Па астатніх краінах — Іспанія, Італія, Францыя, Германія, Польшча — такога не назіраецца».

Права анулявання шэнгена прапісанае ў арт. 34 Візавага кодэкса ЕС. Сярод іншага ў ім гаворыцца: «Віза можа быць скасаваная ў тым выпадку, калі выяўлена, што ўмовы выдачы перасталі выконвацца».

«Думаю, сюды і можна аднесці адмену рэзервацыі», — адзначае суразмоўца.

Анастасія кажа, што выпадкі, калі шэнген забіралі праз скасаванне рэзервацыі, былі і раней. Проста ў 2024-м яна і яе калегі пачалі сутыкацца з імі часцей.

Як консульства даведваецца, што чалавек адмовіўся ад рэзервацыі? У суразмоўцы няма дакладнага адказу.

«Думаем, супрацоўнікі консульства могуць правяраць рэзервацыю пасля выдачы візы, — разважае яна. — Таксама некаторыя гатэлі могуць перадаваць інфармацыю консульству пра частую адмену рэзервацый».

Паводле назіранняў Анастасіі, у такіх выпадках, як правіла, рашэнне пра ануляванне консульствы прымаюць яшчэ да паездкі.

«Яны могуць звязацца з уладальнікам візы для актуалізацыі інфармацыі. Напрыклад, Грэцыя можа папрасіць пацвярджэння аплаты гатэля, і калі яго няма, то чалавека чакаюць не вельмі добрыя навіны, — кажа спецыялістка. — Балгарыя і Венгрыя могуць даслаць ліст пра ануляванне на электронную пошту».

Паводле Анастасіі, калі вас папросяць падаць абноўленыя звесткі пра рэзервацыю, важна зрабіць гэта своечасова.

«У любым выпадку пасля такога папярэджання вашая паездка будзе знаходзіцца пад асаблівым кантролем», — нагадвае яна.

А за што яшчэ могуць забраць візу?

Страціць візу можна ў тых выпадках, калі атрымаў яе, напрыклад, пад канкрэтны тур, але ў яго не паехаў.

Уваходзіць у спіс і парушэнне правіл мэтавага выкарыстання. Такім лічыцца і выпадак, калі чалавек не паехаў у краіну, якая выдала яму візу.

«Быў такі прэцэдэнт, калі турысты з грэчаскімі візамі ехалі ў Іспанію і трапілі на праверку ў Германіі, пасля чаго ім іх анулявалі, — прыводзіць прыклад экспертка. — Чаму так здарылася? Хутчэй за ўсё, шэнген у іх быў на тэрмін паездкі (напрыклад, на 14 дзён з «калідорам» 30). Ён мог быць аднаразовы ці мульт, тут няважна. Важнае тое, што па гэтых дакументах яны мусілі большую частку тэрміну знаходзіцца ў Грэцыі. А паколькі аўтобус ехаў у Іспанію, немцы, відаць, палічылі, што людзі наўрад ці паспеюць трапіць яшчэ і ў Грэцыю».

Яшчэ сярод прычын — неадпаведнасць візы заяўленай мэце паездкі. Напрыклад, чалавек едзе па турыстычным шэнгене, пачынае ў ЕС камерцыйную дзейнасць, і яго на гэтым ловяць.

«Ці ён едзе па турыстычнай візе, а на мяжы кажа: «Мэта візіту — бізнэс-паездка (госці ці канферэнцыя)», — прыводзіць прыклады суразмоўніца. — Гэта таксама можа выклікаць дадатковыя пытанні і не вельмі добры вынік».

Паводле Анастасіі, яшчэ адна частая з’ява — ануляванне нацыянальнай працоўнай візы Польшчы.

«Асноўная прычына — яе выкарыстанне не па прызначэнні. Працоўная прызначаная для працоўнай дзейнасці ў Польшчы. Частыя перасячэнні мяжы могуць выклікаць падазрэнні ў памежнікаў, што можа прывесці да анулявання візы, — адзначае спецыялістка. — У такіх выпадках гэта часцей за ўсё адбываецца на мяжы пасля праверкі і выяўлення нямэтавага выкарыстання».

Пры гэтым Анастасія папярэджвае: ануляванне — не прысуд, і ў будучыні чалавек зможа зноў атрымаць шэнген. Аднак варта разумець: калі пасля непрыемнага прэцэдэнту вы прыйдзеце ў тое ж консульства, дакументы «будуць разглядаць пад лупай».

«І калі паставяць аднаразовую візу пад даты паездкі, гэта ўжо будзе добры вынік», — адзначае суразмоўца.

Каментары6

  • Жвір
    15.01.2025
    Трэба абвясьціць байкот шэнгену, каб тыя гатэлі ўвогуле збанкрутавалі.
  • Ганьба
    15.01.2025
    А вы паспрабуйце па Пашпарту Новай Беларусі паехаць. Мо, атрымаецца?
  • ...
    15.01.2025
    а што такое "рэзервацыя" ("резервация") ? ікаго ў той рэзервацыі трымаюць?
    а слова "бронь" у беларускай мове няма?

Лукашэнка ўпершыню з'явіўся на публіцы разам з мамай Колі22

Лукашэнка ўпершыню з'явіўся на публіцы разам з мамай Колі

Усе навіны →
Усе навіны

«ЗАГС быў супраць, але мы даказалі». Жыхары Мінска далі дзіцяці імя, якое палічылі трайным1

«Усе жанчыны мараць пра гасцявы шлюб». Прыбіральшчыца з Мінска бачыцца з мужам толькі на выходных і лічыць гэту схему ідэальнай25

«Я сам усё рабіў правільна». Сын дыякана папрасіў пазбавіць візы дачку генерала — і трапіў у турму за палітыку4

Памёр Віктар Гардзей1

Суд прыпыніў адзін з указаў Дональда Трампа як неканстытуцыйны10

ГУБАЗіК ладзіць рассылку з тэлеграм-акаўнтаў затрыманых беларусаў3

Мінчукі атрымалі балгарскую шэнгенскую візу, але за дзень да паездкі яе анулявалі4

Указ Трампа аб спыненні міжнароднай падтрымкі не тычыцца дапамогі Украіне ў сферы бяспекі6

Барбадас і Панама забяруць свае сцягі ў больш чым 100 танкераў ценявога флоту Пуціна3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка ўпершыню з'явіўся на публіцы разам з мамай Колі22

Лукашэнка ўпершыню з'явіўся на публіцы разам з мамай Колі

Галоўнае
Усе навіны →