У пракат выйшла «Расія‑88» Паўла Бардзіна — неанацысцкая псеўдадакументалка з Пятром «Гаем Гаалам» Фёдаравым у галоўнай ролі.
У пракат выйшла «Расія‑88» Паўла Бардзіна — неанацысцкая псеўдадакументалка з Пятром «Гаем Гаалам» Фёдаравым у галоўнай ролі.
Добра, што фільм «Расія‑88» не выйшаў год таму, пасля паказу ў праграме «Панарама» на Берлінале і на БТ на хантымансійскім «Духу агню» (тады фільму збіраліся даць Гран‑пры, але быццам хтосьці камусьці патэлефанаваў, прыстрашыў, і Бардзіну дастаўся толькі спецыяльны прыз журы — праўда, у грашовым эквіваленце ён быў раўназначны галоўнаму прызу). Выйшаўшы ўсутыч з «Населеным востравам», фільм пра расійскіх скінхэдаў мог упісаць у гламурнага бандарчукоўскага галавана лішні трывожны сэнс. Апантаны Пётр Фёдараў, які ўмее крычаць «слава Расіі» гэтак жа пераканаўча, як «масаракш», канчаткова ператварыўся б у бронзавы помнік нулявым накшталт «Камень — зброя пралетарыяту».
Але тады фільм не выйшаў.
Яго то збіраліся паказваць, то паказ раптоўна зрываўся, фільму то давалі пракатнае пасведчанне, то звярталіся ў суд з нагоды таго, што «Расія‑88» распальвае міжнацыянальную варожасць, не задумваючыся аб тым, што псеўдадакументальны фільм пра жыццё скінхэдаў распальвае нацыянальную варожасць не больш, чым праграмы крымінальных навінаў.У культурнай прасторы фільм увесь гэты год існаваў — пра яго казалі, яго глядзелі і нават уручалі яму «Белага слана» (прыз кінакрытыкаў) як падзеі году.
«Расія‑88» ідзе ў пракаце цяпер — даволі ўмоўна, некалькімі сеансамі, але ўсё ж.
Вельмі своечасова, таму што слова «фашызм» у год 65‑годдзя Вялікай Перамогі ўзнікае толькі ў словазлучэнні «перамога над фашызмам». А Бардзін паказвае людзей, у чыім слоўніку «патрыятызм» мае дакладна такое ж значэнне, як у іншых — афіцыйных — слоўніках слова «фашызм».
Герой «Расіі‑88» («88» азначае HH, Heil Hitler) Саша Штык — чалавек, якому ўсё ясна: хто дрэнны, хто добры, каму слава, каму масаракш, а таксама што рабіць і асабліва — хто вінаваты. Вінаватыя ворагі Расіі — тыя, якія «панаехалі». Калі гэтая праграма збіваецца сямейнымі абставінамі — у сястры Штыка раман з «каўказцам», — дакументальная драма рэзка і, магчыма, залішне патэтычна ператвараецца ў шэкспіраўскую трагедыю.
У «Расіі‑88», гэтак жа, як у сітуацыі з пракатам гэтага фільма, важней за тое, што не адбываецца, тое, паўзверх чаго запісаны фільм.
Бардзін — свядома ці выпадкова — зрабіў фільм у стылістыцы «монстра»: наклаў псеўдадакументальныя запісы скінхэдаўскіх сходак, разборак, вучэнняў і фінальнай трагедыі на паўзацертыя кадры «шчаслівага» часу, калі ўсё яшчэ магло быць інакш. Гэта шчасце сцертае, яго больш няма. Неанацызм — выпадкова ці свядома — аказваецца Гадзілай з фільма‑катастрофы, сляпой сілай, якую спрабуюць прыручыць чыноўнікі. Фільм выкарыстоўвае «суб’ектыўную камеру» — яна адна з галоўных дзейных асобаў, прычым гэта асоба «непрыемнай» нацыянальнасці. «Непаўнавартасны габрэй», аператар Эдзік, які пакланяецца Штыку, камплексуе праз сваю кроў і падтрымлівае ідэі скінхэдаў. Штык называе Эдзіка — то бок камеру — Абрамчыкам.
Бардзін двойчы адыходзіць ад чыстага фікшну, калі мантажуе псеўдадакументальныя кадры з сапраўды дакументальнымі інтэрв’ю на вуліцы, падчас якіх звычайныя людзі кажуць, што так, Расія — для рускіх.Гэта не толькі своеасаблівая хвіліна маўчання, але і тытры: гэтыя людзі таксама некаторым чынам «працавалі» над фільмам — зрабілі яго магчымым і неабходным.І фінал: фільм заканчваецца мартыралогам — спісам людзей, якіх забілі неанацысты ў Расіі ў 2008 годзе.
Эдзік здымае штосьці ў духу сапраўдных нацысцкіх ролікаў з Youtube, нацысцкую музыку для фільма купілі на «Гарбушцы», а амаль усю нацысцкую сімволіку — у інтэрнэт‑краме. Чыноўнік у фільме кажа фразамі з сапраўднай перапіскі двух нацыстаў. Пасля ўсяго гэтага не пускаць фільм у пракат ад боязі, што моладзь пойдзе за харызматычным героем, можа толькі робат, што аўтаматычна рэагуе на пэўныя словы і выразы пры сканаванні культурнага кантэксту.
Але фільму прад’яўляюць і супрацьлеглыя прэтэнзіі.
Здымачная група амаль не гутарыла з сапраўднымі неанацыстамі ў працэсе работы над карцінай, а тыя, хто ведае рэальных скінхэдаў, гавораць, што ў Бардзіна «ўсё няпраўда». Але рэжысёр і не прэтэндуе на лаўры праграмы «Время», ён не дарма ў фінале раптоўна тыкае гледачу ў твар Шэкспірам: усё, што мы бачым на экране, адбываецца заўсёды, не толькі сёння і не толькі тут. Нянавісць і любоў вечныя. Астатняе — нюансы: заўсёды знаходзіцца які‑небудзь настаўнік АБЖ, гатовы стаць духоўным правадыром чарговых маладых, і заўсёды партрэт чарговага Гітлера маскіруецца партрэтам чарговага прэзідэнта. А на шчаслівыя ўспаміны заўсёды накладаецца рознае монстра.
-
Шчадроўку з Гомельшчыны ведаюць мільёны людзей па ўсім свеце. У самой Беларусі пра яе мала хто чуў
-
У чатырох польскіх гарадах адбудзецца сінхронны фестываль салідарнасці і культуры Belarus Outside Sound System
-
Рэнесансны шэдэўр з Гальшанаў набыў новы выгляд. Так ён мог выглядаць чатыры стагоддзі таму
Каментары