Ва Украіне Аляксею Талаю пагражае да 15 гадоў турмы або пажыццёвае
Дзейнасць паралімпійца па незаконным вывазе дзяцей расследуюць у межах крымінальнай справы.
Дзейнасць беларускага паралімпійца Аляксея Талая па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны з'яўляецца прадметам расследавання крымінальнай справы, піша «Радыё Свабода».
Як паведамілі «Свабодзе» ў сакратарыяце Упаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны ў правах чалавека, дзейнасць Аляксея Талая расследуецца паводле двух першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэкса Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны. Гэтыя крымінальныя правапарушэнні караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыццёвым зняволеннем.
У той жа час у сакратарыяце ўкраінскага амбудсмена звярнулі ўвагу, што прымусовае перамяшчэнне дзяцей падпадае пад тры артыкулы Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда — генацыд у выглядзе дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэння насельніцтва, злачынства супраць чалавечнасці і ваеннае злачынства.
Справу расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны. Яе завялі 21 сакавіка 2022 году паводле фактаў расейскіх ваенных злачынстваў ва Украіне. У ёй утрымліваюцца факты забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыупаля і іншых гарадоў Украіны.
Дзейнасць Талая разглядаецца як адзін з вялікай колькасці эпізодаў у кантэксце супрацьпраўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і далейшую дэпартацыю ў Расею, Беларусь, а таксама прымусовага надання ім расейскага грамадзянства і перадачы пад апеку і ўсынаўленне ў сем’і расейскіх грамадзян.
У сакратарыяце Упаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны ў правах чалавека дадалі, што дадаткова накіравалі следчым матэрыялы аб больш за 2000 ідэнтыфікаваных дзяцей, якіх з верасня 2022-га да траўня 2023 году перавезлі ў дзіцячы цэнтр «Дубрава» ў Мінскай вобласці.
«У кампетэнтныя органы таксама накіравалі інфармацыю пра так званае «аздараўленне» дзяцей з акупаванай тэрыторыі Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, да якога былі залучаныя беларускія высокія адказныя асобы, спартоўцы, у прыватнасці паралімпіец Аляксей Талай, генеральны дырэктар расейскага «дабрачыннага фонду» «Поверь в себя», і непасрэдна старшыня беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў», — адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт «Свабоды».
На пытанне, ці зʼяўляецца Аляксандр Лукашэнка фігурантам гэтай крымінальнай справы, у сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны ў правах чалавека не адказалі.
У той жа час адзначылі, што перамовы аб вяртанні дзяцей ва Украіну праводзяць толькі з Расеяй.
«Упаўнаважаны адпаведна сваёй кампетэнцыі і мандату ёсць адзіным камунікацыйным каналам між амбудсменамі Расеі і Украіны. Але нават нягледзячы на гэта, вяртанне дэпартаваных і прымусова перамешчаных дзяцей адбываецца вельмі марудна і складана праз невыкананне Расеяй дамоўленасцяў, а таксама сталае зняпраўджанне расейскім бокам фактаў дэпартацыі дзяцей», — адзначаецца ў адказе на запыт «Свабоды».
Цяпер ва Украіну змаглі вярнуць 387 дзяцей, у той час, як агульная колькасць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч.
Каментары