Польшча падымала ў паветра баявыя самалёты з-за расійскай атакі па Украіне
Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы паведаміла, што ў паветра былі паднятыя польскія вайсковыя самалёты. У сваім паведамленні, апублікаваным у сетцы Х, польскія вайскоўцы пішуць, што «назіраюць інтэнсіўную актыўнасць расійскай далёкай авіяцыі ў сувязі з паветранымі і ракетнымі ўдарамі па аб'ектах на тэрыторыі Украіны».
Польшча робіць «усё неабходнае для гарантавання бяспекі польскай паветранай прасторы», сказана ў паведамленні. «Мы папярэджваем, што ў дзеянне былі прыведзеныя Самалёты Польшчы і яе хаўруснікаў», — пішуць Узброеныя сілы.
Украінскія ўлады паведамляюць, што над Львовам былі заўважаныя расейскія беспілотнікі, у горадзе былі чутныя выбухі, працавалі сілы СПА.
Па даных паветраных сіл УСУ, у заходняй Украіне таксама зафіксаваныя некалькі груп расійскіх крылатых ракет, у прыватнасці, яны рухаюцца ў напрамку Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай і Хмяльніцкай абласцей.
Агенцтва Reuters паведаміла, што польская авіяцыя падымаецца ў паветра праз расійскія ўдары па Украіне трэці раз за восем дзён.
Каментары