У тампонах вядомых брэндаў выяўленыя таксіны, якія правакуюць бясплоддзе і рак
Даследаванне праводзілася на тампонах, набытых у крамах ЕС, Вялікабрытаніі і ЗША.
Каманда навукоўцаў са Школы грамадскай аховы здароўя пры Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі выявіла 16 небяспечных таксічных металаў (свінец, мыш'як, кадмій і іншыя) у арганічных і неарганічных тампонах 14 брэндаў, набытых у крамах і маркетплэйсах Еўрасаюза, ЗША і Вялікабрытаніі.
Гэтыя таксіны падвяргаюць жанчын больш высокай рызыцы развіцця бясплоддзя, раку, дэменцыі і сардэчна-сасудзістых захворванняў, напісана ў новым даследаванні, апублікаваным у часопісе Science Direct.
«Нягледзячы на тое, што таксічныя металы можна сустрэць паўсюль у мностве прадуктаў і вырабаў ва ўсім свеце, наяўнасць такіх у тампонах выклікае асаблівую трывогу, бо похва паглынае розныя элементы значна актыўней за астатнюю скуру на целе чалавека», — адзначаюць навукоўцы з Берклі.
На іх думку, таксічныя металы трапляюць у тампоны ў працэсе вытворчасці з-за розных дабавак, такіх як адбельныя і антыбактэрыяльныя рэчывы.
«Мы вельмі спадзяемся, што вытворцы будуць актыўней тэставаць сваю прадукцыю на металы, асабліва на таксічныя. Будзе вельмі важным убачыць шырокі грамадскі заклік да гэтага, каб вытворцы рабілі адпаведныя папярэджанні на маркіроўцы тампонаў і іншых менструальных прадуктаў», — падагульнілі даследчыкі.
Каментары