Літаратура

«На прывабную бландзінку, археолага з навуковай ступенню, Уладзімір Караткевіч звярнуў увагу адразу»

Многае з жыцця і творчасці таленавітых людзей набывае арэол загадкавасці і разнастайных інтэрпрэтацый. У беларускай літаратуры такой асобай з’яўляецца Уладзімір Караткевіч, які і сам мог даць падставу для чутак і пагалосак і лічыў гэта натуральнай з’явай. Пра сустрэчу пісьменніка з будучай жонкай Валянцінай Нікіцінай піша «Звязда».

Фота з хатняга архіва У. Караткевіча

Людміла Лапцэвіч і Ізабэла Гатоўчыц, калегі і сяброўкі Валянціны, згадваюць, што яна ўпершыню сустрэлася з Караткевічам у цягніку Масква — Брэст, дзе яны апынуліся ў адным купэ. Валянціна чытала дэтэктыў на польскай мове, і гэта зацікавіла Уладзіміра. Так распачалася гаворка, у тым ліку і пра аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» як адзін з цікавых для яе твораў беларускай літаратуры. Гэта было 2 лістапада 1967 года, а Караткевіч ехаў у Брэсцкі педагагічны інстытут на арганізаваную Уладзімірам Калеснікам студэнцкую канферэнцыю па апублікаванай у №№ 2 і 3 часопіса «Маладосць» паэме «Чазенія» (у архіве захаваліся запісаныя пісьменнікам пытанні студэнтаў). У зале прысутнічала і Валянціна Нікіціна. Пасля сустрэчы Уладзімір праводзіў Валянціну дадому і не вярнуўся начаваць да Зосі і Уладзіміра Калеснікаў, на кватэры якіх заўсёды спыняўся, прыязджаючы ў Брэст. Людміла Лапцэвіч у вуснай размове распавяла, што Валянціна яшчэ ў цягніку падумала: «Я яго не адпушчу…»

Таму сцвярджэнні Уладзіміра Калесніка, Адама Мальдзіса і іншых сяброў Караткевіча пра тое, што Уладзімір і Валянціна пазнаёміліся пасля згаданай канферэнцыі, патрабуюць удакладнення.

На Валянціну Нікіціну, прывабную бландзінку, археолага з навуковай ступенню, Уладзімір Караткевіч звярнуў увагу адразу. Выяўлялася агульная цікавасць да гісторыі, нават да якасных дэтэктываў, што ў асяродку інтэлігенцыі лічылася праявай дрэннага густу. Абое мелі пэўны, няўдалы, вопыт узаемін з прадстаўнікамі супрацьлеглага полу. Паводле непасрэднага сведкі Уладзіміра Калесніка, У. Караткевіч цікавіўся ў яго пра Валянціну, у прыватнасці пра яе сямейнае становішча. Ужо 7 лістапада пісьменнік прыехаў разам з ёю ў Ракаў на так званае «вяселле веку» Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай. Аднак менавіта Уладзіміра Калесніка пісьменнік у далейшым назваў «сватам і братам» у дароўным надпісе на тытульніку кнігі «Вока тайфуна» (1974).

Узаемнай сімпатыі і каханню не перашкодзілі папрокі некаторых недальнабачных сяброў на вяселлі, што не можа быць жонкай Караткевіча жанчына, якая размаўляе на рускай мове. Так, практыкі маўлення ў Валянціны не ставала, але ж хто быў настаўнікам у школе?! У лісце да Уладзіміра за 21 сакавіка 1968 года яна прызнаецца: «Не ведаю, ці паставіла я рэкорд па памылках. Дзесяць год не пісала па-беларуску і столькі ж не чытала». Пазней яна размаўляла па-беларуску не горш за тых уяўных сяброў. Наконт «не чытала» варта засумнявацца, бо з «Дзікім паляваннем…» яна была знаёмая, і менавіта на беларускай мове.

Валянціна Браніславаўна летам 1969 года пераехала ў Мінск. Афіцыйна ўзаконілі сямейныя адносіны Уладзімір і Валянціна 19 лютага 1971 года, сведкамі былі Адам Мальдзіс і Людміла Лапцэвіч. Валянціна ўзяла прозвішча Караткевіч. Потым абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой у Мінску. Вясной 1973 года двухпакаёвую кватэру Караткевіча на вуліцы Веры Харужай і яе пакой абмянялі на трохпакаёўку на вуліцы Карла Маркса, дзе ў далейшым і жылі ўтраіх (разам з маці пісьменніка).

З 1969 года Валянціна Браніславаўна працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Якраз у гэты час быў створаны сектар, які займаўся выяўленнем і апісаннем помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, уключэннем іх у адпаведны Збор па абласцях і горадзе Мінску. Як старшы навуковы супрацоўнік Інстытута разам з калегамі яна аб’ездзіла з экспедыцыямі многія куточкі радзімы, тры разы разам з ёй быў у паездках і Уладзімір Караткевіч. 

Аўтарытэт Валянціны Браніславаўны ў Інстытуце быў высокі дзякуючы навуковай абазнанасці і чалавечым якасцям. Яе каляжанкі, у прыватнасці кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Людміла Лапцэвіч і малодшы навуковы супрацоўнік Ізабэла Гатоўчыц, вельмі цёпла згадваюць Валянціну. Як слушна сцвярджае ў кнізе «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» Адам Мальдзіс, «тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна Караткевіч для падрыхтоўкі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», для таго, каб ён ішоў «без купюр», можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю». Таму цалкам заслужана Валянціне Караткевіч пасмяротна разам з калектывам «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 1990 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. 

З-пад пяра Валянціны Караткевіч таксама выйшлі брашуры «Памятники истории Витебска» (1975), «Памятники истории и культуры» (1978), у суаўтарстве пабачылі свет кнігі «Пусть помнят все: Памятники и памятные места революционной и национально-освободительной борьбы трудящихся Западной Белоруссии» (1979), «Белорусский «экватор»: путевая книга в 6 тетрадях» (1981), «Помнікі Слоніма» (1983). Яна актыўна абараняла матэрыяльную спадчыну як член праўлення Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

На жаль, хвароба стагоддзя не дазволіла Валянціне Караткевіч па-сапраўднаму разгарнуцца як гісторыку і краязнаўцу. Нават знаходзячыся пасля другой аперацыі на бальнічным ложку, яна спрабавала вычытваць падрыхтаваныя тамы «Збору помнікаў…». 28 лютага 1983 года, на сорак дзявятым годзе жыцця, яна адышла ў лепшы свет. 

Узаемаадносіны Уладзіміра і Валянціны, з аднаго боку, характарызаваліся каханнем, любоўю і павагай, а з другога — некрыўдлівымі жартамі-кпінамі і розыгрышамі. У. Калеснік у эсэ «Неспакойны Пегас» згадвае: «Жылі Валодзя з Валяй дружна, размаўлялі на той жа іранічна-парадаксальнай мове, пікіраваліся слоўкамі, а Валодзя складаў прыпеўкі і прыгаворкі пра сваю жаніцьбу і сяброўку жыцця! Не прамінуў у адной эпіграме і маё прозвішча. Сам павесяліў у прысутнасці Валі такім вось тэкстам: 

А Калеснік добры быў, 

Мне козачку падарыў, 

А козачка белая 

Па пакоях бегае».

Ліставанне паміж імі пэўным чынам даказвае такое становішча ў сям’і. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа захоўваюцца лісты, паштоўкі, тэлеграмы адно аднаму: 61 пасланне належыць Уладзіміру, 30 — Валянціне. Лісты У. Караткевіча апублікаваны ў т. 21 Збору твораў, лісты Валянціны не друкаваліся. У тэлеграме 13 лістапада 1967 года Караткевіч піша: «Мне худо, как никогда. Верь мне. Очень тебя люблю. Всегда твой Владимир», Валянціна ў лісце за 12 снежня таго ж года прызнаецца: «Дорогой Володя. Очень без тебя плохо. Кажется, что не дождусь твоего приезда. <…> Володенька! Очень тебя люблю». 

Па зваротах да адрасата можна пісаць асобнае даследаванне. У. Караткевіч звяртаецца да Валянціны: «Дорогая Валя!», «Дарагая Валюся!», «Валюха, дзень добры!», «Валінька лапанька!», «Валюсенька мая!», «Валенцыя-Валюля!», «Даражэнькая мая, даўжэнькая, бяленькая!», «Вавулічка, апсідошачка — мамулічцы, маёй кошачцы!», «Даражэнькая — «белая, што па кватэры бегае!»», «Солнышко моё золотое, ягнятко ты моё маленькое, нежная моя жёнушка!», «Аспідская молда!», «Здорово, мордаха!», «Хунзухузіна (калі мяне так назавеш — буду шчыкаць, мняць, мясіць, ціскаць і калашмаціць) мая таўшчэзная!!!» і інш. Сустракаюцца вершаваныя звароты:

Прывітанне, родная Валюля!

Я жывы! Вітаю я цябе!

Мора… Дождж… А на балконе гулі

Гулькаюць — нібы і ў нас — табе!

Сярод зваротаў Валянціны сустракаюцца наступныя: «Дорогой Володя!», «Дарагі Валодзя!», «Даражэнькі аспідоша!», «Вавулічка, аспідошачка!», «Аспідоша родненькі!», «Володечка, миленький!», «Валодзічка, лапачка!», «Вовуля, лапочка!», «Вальдеравус, привет!», «Даражэнькі бурышка!», «Прывітанне, Бурышка!» і інш. 

Дароўныя надпісы на пяці кнігах і часопісе, адрасаваныя У. Караткевічам жонцы, пацвярджаюць нязмушаныя, жартаўлівыя адносіны сужэнцаў. Так, у надпісе на тытульніку кнігі «З вякоў мінулых» (1978) сумяшчаецца, здавалася б, несумяшчальнае: «Мілай жонцы і суседцы па кватэры Валюньцы Караткевіч — ад мужа і суседа па кватэры. Ул. Караткевіч. 1 снежня 78». Надпіс на кнізе «Зямля пад белымі крыламі» сведчыць пра істотную дапамогу жонкі пры яе напісанні і выданні: «Мілай жонцы Валі, якая вельмі мне дапамагла рабіць гэтую кнігу. Уладзімір. 18 лістапада 77 г. »

Пісьменнік прысвяціў жонцы верш «Таўры» (выкарыстаў дзявочае прозвішча: «В. Б. В-ч») і падараваў рукапіс, а пасля яна ў адказ на яго просьбу перапісала твор у лісце і адаслала назад аўтару. Ёй жа прысвечаны раман «Чорны замак Альшанскі». У часопісным і кніжным выданнях у прысвячэнні пакінуты толькі ініцыялы «В. К.», а ў часопісе «Маладосць» з хатняй бібліятэкі аўтар удакладніў: «Дарагой Валянціне Караткевіч, якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю. Уладзімір Караткевіч. Красавік 79 — 18 мая 80». Акрамя таго, на левым полі напісана чатырохрадкоўе:

Не, не змяняю Валянцішу

Нат на суседскага Кацішу.

Бо той хаця й спявае ў цішы, — 

Ды страў не варыць, 

кніг не піша.

Хвароба Валянціны, складаныя аперацыі хвалявалі пісьменніка, ён непакоіўся за яе, задумваўся пра яе месца ў сваім жыцці. У прыватнасці, 8 ліпеня 1982 года ён піша двухрадкоўе «Жонцы ў бальніцу»: 

Свет повен мною, як шар зямны вадою,

А я не магу падаць табе глытка вады.

А ў вершы «Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць…», напісаным у той жа дзень, нібы робіць глыбока сімвалічную выснову:

Ты дала мне імгненнае шчасце,

Я табе даў за гэта — бяссмерце.

У. Караткевіч вельмі моцна перажываў страту жонкі ў апошні дзень лютага 1983 года. Сам трапіў у рэанімацыю, потым з’ехаў у Оршу і знаходзіўся ў бацькоўскай хаце да зімы. У запісной кніжцы на 1983 год пазначыў: «Пусты год. Ані радка для друку. Ледзь не памёр». У лісце за 23 красавіка 1983 года пісьменнік прызнаецца польскаму сябру прафесару Ягелонскага ўніверсітэта Здзіславу Нядзелю: «Бо разумееш, калі б сварыліся, калі б я хадзіў на бок, а то ж жылі як адна душа, дапамагалі адно аднаму, яна мяне даглядала добра, і я для яе нічога не шкадаваў. Рабілі разам вялікую, вельмі патрэбную працу, каб ніводны помнік, ніводны курган, касцёл, царква, стары будынак не засталіся не абмеранымі, не сфатаграфаванымі, не замаляванымі. На могілках усе супрацоўнікі казалі, што гэты «Збор» без яе праваліўся б у апраметную. Не крыўдзілі людзей, жылі больш сумленна, чым які свёнтэк. Дзе ж справядлівасць?» (пераклад з рускай мовы).

Праз год, у 1984-м, на Паўночных могілках усталяваны помнік на магіле Валянціны з эпітафіяй У. Караткевіча:

Вечна будуць дрэвы шумець над зямлёй,

Над нашай адвечнай зямлёй,

Над зямлёй, што была і тваёй, і маёй,

Над зямлёй, што стала цяпер тваёй

І што скора будзе маёй.

На жаль, гэтае «скора» пісьменнік як бы прадчуваў. 25 ліпеня 1984 года ён адышоў у той свет, дзе знаходзілася яго Валянціна. І другое «на жаль»: магілы іх знаходзяцца ў розных месцах: Уладзімір Караткевіч пахаваны на Усходніх могілках…

Каментары

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Тартус, дзе знаходзіцца адзіная расійская ваенна-марская база ў рэгіёне5

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Тартус, дзе знаходзіцца адзіная расійская ваенна-марская база ў рэгіёне

Усе навіны →
Усе навіны

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска12

Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»9

Новы кіраўнік МУС Літвы расказаў, ці трэба закрываць рэшту пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю8

Імя Мухамед стала самым папулярным у Вялікабрытаніі? Так, але вы робіце з гэтага памылковыя высновы17

Нямецкі інжынер ужо два месяцы жыве пад вадой4

ДТЗ на Магілёўшчыне: легкавік урэзаўся ў грузавік, загінулі трое чалавек, сярод іх адно дзіця1

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»11

Трэнеры «Магілёва» апранулі на матч вышыванкі16

Крамлёўскі дэмограф заявіў аб анамальнай мужчынскай звышсмяротнасці ў Расіі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Тартус, дзе знаходзіцца адзіная расійская ваенна-марская база ў рэгіёне5

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Тартус, дзе знаходзіцца адзіная расійская ваенна-марская база ў рэгіёне

Галоўнае
Усе навіны →