Прыпяцкі нацыянальны парк будуць адмыслова забалочваць, каб адкруціць назад меліярацыю яшчэ XIX стагоддзя
Сёлета падчас навуковай экспедыцыі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выявілі, што ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» працягвае функцыянаваць частка старажытных меліярацыйных сістэм яшчэ XIX стагоддзя. І з гэтым вырашылі змагацца.
На тэрыторыях, якія сёння належаць да нацпарка, асушэнне балот і забалочаных земляў пачалі яшчэ ў 1873 годзе. Асушальная сетка раскінулася тут больш чым на 300 кіламетраў, і ў выніку маштабная меліярацыя прывяла да істотных змен экасістэм.
У 1969 годзе, калі быў створаны Прыпяцкі запаведнік, асушальную сістэму перасталі даглядаць, таму балотныя экасістэмы пачалі пакрысе аднаўляцца.
Аднак сёлета падчас навуковай экспедыцыі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выявілі, што частка старажытных меліярацыйных сістэм усё яшчэ працягвае функцыянаваць. У выніку пад пагрозай знаходзяцца месцы гнездавання вялікага арляца і месцы росту рэдкіх чырвонакніжных журавін дробнаплодных.
Таму вырашана рэабілітаваць парушаную экасістэму балота Межч і паўторна забалоціць гэтую тэрыторыю.
Каментары