Грамадства77

Беларусь прысабечыла частку тэрыторыі Украіны для ўласных патрэб? 

Паспрабавалі разабрацца з геаграфічным казусам на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Спрэчны ўчастак на мяжы Беларусі і Украіны. OpenStreetMap

Сёння працягласць дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і Беларуссю складае 1084 км. І гэта мяжа адна з найбольш стабільных у рэгіёне — уся яе ўсходняя частка амаль не змянялася з часоў далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі.

І гэтак жа даўно ў выступе, з трох бакоў акружаным украінскімі землямі, знаходзіцца беларуская вёска Глушкавічы. Яе назва добра апісвае ейнае размяшчэнне — у глыбіні палескіх лясоў, далёка ад любых вялікіх гарадоў і значных трас.

Сёння ў Глушкавічы вядзе толькі адна дарога (Р36 Мазыр — Лельчыцы — Глушкавічы), і з ёй звязаны геаграфічны казус — згодна з большасцю карт, яна двойчы перасякае дзяржаўную мяжу з Украінай.

Спрэчны ўчастак каля Глушкавічаў. Яндэкс Карты

Пасля пачатку расійскага ўварвання, якое адбывалася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Украіна наглуха закрыла межы і замініравала іх. Але па дарозе ў Глушкавічы дагэтуль можна праехаць без праблем.

Здаецца, што выкарыстанне тэрыторыі чужой дзяржавы без яе дазволу — гэта грубае парушэнне міжнароднага права. Але ў гэтым выпадку не ўсё так адназначна.

Украінскі шчыт

Цэнтр Глушкавічаў. Фота: Wikimedia Commons

Сёння Глушкавічы акружаны ўкраінскай тэрыторыяй і глухімі палескімі лясамі. Калісьці вёска адносілася да Кіеўскага ваяводства, але пасля на стагоддзі аказалася ў пятлі беларуска-ўкраінскай мяжы.

У аналагічным выступе аказалася і ўкраінскае Копішча, што ва ўзбуйненым Карасценскім раёне Жытомірскай вобласці.

Глушкавічы так бы і засталіся глухім ускрайкам Беларусі, калі б не будаўнічы камень, які выявілі тут. Гэты паўднёвы ўскраек Беларусі захоплівае паўночную частку Украінскага крышталічнага шчыта, багатага на граніты і іншыя магматычныя пароды.

Да нядаўняга часу Глушкавічы былі экзатычнай турыстычнай славутасцю, сюды прыязджалі паглядзець на «беларускія фіёрды» — запоўненыя вадой гранітныя кар'еры. Фота: Belarus.travel

Яшчэ ў 1815 годзе тут вырабляліся мукамольныя камяні, але да сапраўднай распрацоўкі радовішча дайшлі толькі ў другой палове XX стагоддзя.

У 1969 годзе на паўднёвы захад ад вёскі, каля самай мяжы з Украінай разрылі кар’ер будаўнічага каменю з паэтычнай назвай «Сялянская ніва».

Для пачатку камень здабывалі толькі для друзу, але ў 1985 годзе пачалася распрацоўка яшчэ аднаго кар’ера «Надзея», дзе быў якасны буйны граніт, які можна было выкарыстоўваць як аддзелачны. Сёння яго можна пабачыць на грамадскіх будынках у Гомелі і на сталічных станцыях метро «Кастрычніцкая» і «Плошча Перамогі».

Праўда, канкурэнцыі з аддзелачным каменем з Расіі і Украіны, больш разнастайным па колеры і дэкаратыўных якасцях, кар’ер у Глушкавічах не вытрымаў. Распрацоўка была спынена, кар’ер напоўніўся вадой, ператварыўшыся ва ўнікальную для Беларусі славутасць, якая нагадвала ландшафты Скандынавіі і Фінляндыі.

Чыгунка да Глушкавічаў, якую абяцалі ў 2015 годзе. Фота: Гомельская праўда

Але ў 2018 годзе скальная казка скончылася — у рамках імпартазамяшчэння ў Беларусі вырашылі зноў здабываць граніт у Глушкавічах, ваду з кар’ера выпампавалі і аднавілі распрацоўку. Нават была ідэя пабудаваць чыгуначную галіну праз Лельчыцы да станцыі Міхалкі пад Мазыром, але за 10 гадоў у гэтым кірунку не зроблена нічога.

Першая прадукцыя з граніту, здабытага ў глушкавіцкім кар’еры, была выкарыстана ў 2019 годзе пры добраўпарадкаванні Манумента Дружбы на стыку межаў Беларусі, Расіі і Украіны, каля якога праз пару гадоў пройдуць расійскія танкі.

Распрацоўка кар'ера ў Глушкавічах. Фота: СБ

Пакуль няма чыгункі, друз і граніт возяць па адзінай аўтамабільнай дарозе, якая злучае Глушкавічы з «вялікай зямлёй». 

Нягледзячы на сцвярджэнні, што гэта дарога была пракладзена за савецкімі часамі дзеля распрацоўкі граніту, насамрэч яна пазначана на самых старых картах. За савецкім часам дарогу тут сапраўды пабудавалі, але вядзе яна ад дарогі на Лельчыцы і ў бок Украіны, на мяжы з якой да 2022 года існаваў памежны пераход Глушкавічы — Майдан Капішчанскі.

А вось беларуска-ўкраінскую мяжу дарога ад Глушкавічаў да Лельчыцаў не перасякала ні ў XIX стагоддзі, ні да другой паловы XX стагоддзя.

Дзівосы мяжы

Даваенныя карты — двухкіламетроўка і кіламетроўка РККА. Тагачасная мяжа, пазначаная тлустай пункцірнай лініяй, праходзіла па старыку ракі Убарць, мяжа ў канцы XX стагоддзя (накладзеная белая лінія) — па лясной просецы далёка ад ракі

Калі параўноўваць сённяшнія карты з гістарычнымі, то можна заўважыць, што мяжа стагоддзямі праходзіла па Убарці, прытоку Прыпяці, а канкрэтна ў гэтым месцы — па старыку ракі аж да ўпадзення ў яе Стругі. Дарога ж на Глушкавічы пралягала адносна далёка на поўнач ад Стругі і, адпаведна, далёка ад мяжы.

Сёння старык, здаецца, канчаткова перасох, а мяжа прайшла так, што дарога на Глушкавічы двойчы перасякае дзяржаўную мяжу. 

Мяжа паміж Беларуссю і Украінай на кіламетровай карце Генеральнага штаба, выкананай у 1980-я гады

Гэтыя змены ўжо зафіксаваныя на кіламетровай карце Генеральнага штаба, якая для Беларускай ССР была выдадзена ў 1980-я гады.

Тэрытарыяльныя змены ў савецкай дзяржавы былі звыклымі, яны тычыліся не толькі ўзбуйнення ці драблення адміністрацыйных адзінак рэспублік, але і нават перадачы часткі тэрыторый з адной рэспублікі ў іншую. Звычайна такая неабходнасць тлумачылася гаспадарчымі патрэбамі, напрыклад, блізкасцю да калгаса ці райцэнтра ў іншай саюзнай рэспубліцы.

Такім чынам Беларусь пасля вайны страціла кавалак сваёй тэрыторыі на карысць Літоўскай ССР і гэткім жа чынам прырасла кавалкам тэрыторыі, перададзеным са складу РСФСР.

Мяжа ў раёне балота Сюзанаўка на даваеннай і пасляваеннай картах

Але ў выпадку з украінскай мяжой змены цяжка вытлумачыць лагічна. На ўчастку, які адышоў да Украіны, няма ніякіх населеных пунктаў, няма ворнай зямлі ці высечак, а калі б і былі, то гэты бераг Стругі ніяк наўпрост з Украінай не звязаны. 

Дарэчы, гэта не адзінае змяненне старой мяжы ў гэтай мясцовасці, трохі на ўсход ад Копішча таксама з’явіўся глыбокі «выгрыз» — Украіне было цалкам перададзена балота Сюзанаўка.

Мяжа паводле картаграфічнага сэрвіса Google Maps 

На сучасных картах склалася досыць дзіўная сітуацыя. Напрыклад, «Гугл Карты» паказваюць, што дзяржаўная мяжа праходзіць на поўдзень ад дарогі. А OpenStreetMap і Яндэкс Карты паказваюць тую ж мяжу, што была ў познесавецкі час. На друкаваных можна знайсці і той, і іншы варыянт. Хто ж мае рацыю? 

Дэмаркацыя

Дагавор аб дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і Беларуссю быў падпісаны 12 мая 1997 года і амаль адразу, 18 ліпеня, ратыфікаваны Вярхоўнай радай. Нацыянальны сход Беларусі зрабіў гэта толькі ў 2010 годзе.

Дакумент набыў моц у чэрвені 2013 года, і ўжо ў наступным годзе пачаліся практычныя работы па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай граніцы.

Дэмаркацыя была абцяжарана тым, што вялікія ўчасткі мяжы праходзяць па густых лясах, балотах і іншых цяжкадаступных месцах.

У 2018 годзе на пасяджэнні сумеснай беларуска-ўкраінскай дэмаркацыйнай камісіі бакі прынялі рашэнне правесці дэмаркацыю каля 120 км мяжы ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Працы пачаліся ў наступным годзе.

Праезд праз украінска-беларускую мяжу ў 2020 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ ў 2020 годзе трэвэл-блогеры хваліліся тым, што маглі абсалютна легальна пабываць на тэрыторыі Украіны пры зачыненых з прычыны пандэміі граніцах. Пры перасячэнні мяжы сустракалі толькі жоўта-блакітныя слупкі, але ніякага памежнага кантролю не было — дзякуючы рацэ адсюль немагчыма было патрапіць углыб Украіны.

У 2021 годзе Лукашэнка падпісаў указ «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей». У ім адзначалася, што новыя межы абласцей будуць устаноўлены з 1 чэрвеня за выключэннем тых раёнаў, што мяжуюць з Украінай — тут межы мусілі змяніцца згодна з дэмаркацыйнай картай пасля завяршэння дэмаркацыі. 

Ці была яна завершана канчаткова — незразумела, прынамсі новых рашэнняў аб змяненні межаў Гомельскай вобласці не было. Верагодна, што завяршэнню працэсу перашкодзіла расійскае ўварванне з тэрыторыі Беларусі ва Украіну, і цяпер мяжа паміж краінамі мае няпэўны статус.

Тэрыторыі, якімі меркавана абмяняліся Беларусь і Украіна перад пачаткам расійскага ўварвання. OpenStreetMap

Тым не менш, відаць, у самой Беларусі прынялі новы варыянт мяжы ў рамках абмену раўназначнымі па плошчы тэрыторыямі: Беларусь атрымала ўчастак з дарогай на Глушкавічы, а Украіне саступіла некалькі кварталаў лесу побач з балотам Сюзанаўка.

У любым выпадку мы б пра гэта даведаліся не вельмі хутка, бо да рашэнняў, якія публікуюцца ў адкрытым доступе, матэрыялы і карты па ўстаноўленай у выніку мяжы не адносяцца.

Менавіта таму большасць картаграфічных сэрвісаў дагэтуль не скарэктавалі беларуска-ўкраінскую мяжу, ствараючы ўражанне, што Беларусь незаконна ажыццяўляе рух аўтатранспарту праз тэрыторыю Украіны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Юрась
    06.07.2024
    Ну гэта цывiлiзаваны абмен. Але частку нашага Палесся, украiнец Хрушчоý падараваý ад Беларусi да Ýкраiны па просту(без абменаý) за матывiроýкай таму што ва Ýкраiне малый адсотак лясоý да агульнай тэрыторыi. Гэта як i поýнач Вiцебшчыны што да таго пры СССР падаравалi Расеi, раёны населеныя этнiчнымi беларусамi, згодна з тагачаснымi перапiсамi насельнiцтва.
  • CV
    06.07.2024
    Імя, OSM не маскоўскі сэрвіс і карты там па-беларуску, але мяжа тая ж, што і ў Яндэксе. А Гугл Карты - поўнае дно, імі немагчыма ў Беларусі карыстацца.
  • Шып
    06.07.2024
    Юрась, нашыя землі камуністы абрубалі з усіх бакоў, Беласток аддалі палякам, на ўсодзе, поўначы, поўдні рабілі тое ж самае. Дарэчы, БССР - гэта адзіная рэспубліка, якая пасля другой сусветнай вайны страціла свае тэрыторыі, хоць лічыцца краінай заснавальніцай ААН, краінай пераможцай, якая падчас вайны зазнала самыя вялікія страты як насельніцтва, так і разбурэнняў. Пасля вайны, краінам, якія пацярпелі выплочвалі рэпарацыі, грашыма і тэрыторыямі, тая ж Польшча атрымала вялізарныя землі пасля вайны. І толькі БССР страціла. А рэпарацыі ўсе шлі ў Маскву і аддтуль ужо размяркоўвалі. Гэта паказвае як Масква ставілася і працягвае ставіцца да нас і нашых земляў. Каб залагодзіць іншых, крэмль проста адрываў нашыя землі і дарыў іх Польшчы, Літве, Украіне ці забіраў сабе. Гэта таксама паказвае і стаўленне саміх беларусаў, у першую чаргу ўладу, якім усё роўна, якія не гатовыя адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.

«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады19

«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША і Германія сарвалі план Расіі забіць гендырэктара нямецкай кампаніі, якая пастаўляе зброю Украіне7

Сілавікі затрымалі берасцейца за ролік у тыктоку. Ён зняў даішніка і назваў яго «чык-чырыкам»3

Прыдыбайла заклікаў «замарудзіць ютуб», бо ў рэкамендацыях у яго відэа Шрайбмана і Мелказёрава6

Беларусаў замежжа абавяжуць паведамляць пра шлюб і нараджэнне дзяцей. А якое пакаранне тым, хто праігнаруе?18

«Камунарка» імпартазамясціць шакалад для глазураваных сыркоў і марозіва7

У Мазыры за «распаўсюд экстрэмізму» пакаралі галоўную рэдактарку газеты НПЗ3

Атрымаць пасылку на пошце зараз можна будзе без дакументаў1

Мінскі завод вінаў адказаў Расіі на «шмурдзяк» — пастаўкі віна ў РФ спыняюцца18

Карл III звярнуўся да зборнай Англіі з незвычайнай просьбай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады19

«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →