Хлопец з пакручастым лёсам паехаў ваяваць за Расію. Па вяртанні яму далі тры з паловай гады калоніі
Вядома, не за найміцтва. Проста Дзмітрый Мацяс любіць катацца на чужых аўтамабілях.
Дзмітрыю Мацясу 26 гадоў. Ён родам з вёскі Шунеўцы Глыбоцкага раёна.
Мацяс, як кажуць, бядовы — тры судзімасці за п'яны ўгон аўто, больш за 20 адміністратывак за п'янкі. Прычым красці аўто хлопец пачаў, калі яму было 19 гадоў.
У лютым 2017 года ён скраў аўто ў вяскоўца і атрымаў за гэта тры месяцы арышту. Амаль адразу па адбыцці пакарання ён зноўку нападпітку ўзяў пакатацца чужую машыну. За гэта яму далі два гады калоніі і пазбавілі права кіравання на пяць гадоў.
Па выхадзе Мацяс узяўся за старое. У ліпені 2019-га зноўку скраў чужое аўто — і зноў, натуральна, п'яны. За гэта яго пакаралі трыма з паловай гадамі калоніі.
Хлопец вызваліўся напрыканцы 2022-га. І не прыдумаў нічога лепшага, чым паехаць ваяваць у ПВК «Вагнер», каб зарабіць грошы.
Час ягонай службы невядомы, але гэта адбылося не раней за люты 2023-га, і, падобна, ён шмат піў — на судзе (PDF) Мацяс не здолеў назваць нават дату, калі паехаў ваяваць.
Па вяртанні з вайны ён прыехаў жыць да сяброў, хоць і быў у вышуку за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду. Зрэшты, яго асабліва не шукалі, таму жыў спакойна.
Але і тут накасячыў — сярод ночы скраў машыну маці сябра, каб паехаць на нейкую сустрэчу. У кастрычніку 2023-га Мацясу далі яшчэ тры з паловай гады калоніі. Цяпер ён адбывае пакаранне.
Гэтая публікацыя зробленая з дапамогай Digital Intelligence Team. Гэта OSINT-праект, які супрацоўнічае з Кіберпартызанамі і іншымі прадэмакратычнымі структурамі ды праектамі, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары