Грамадства116116

Як вядомыя беларусы галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года

Трыццаць гадоў таму адбыліся першыя ў гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкія выбары. «Наша Ніва» спытала ў вядомых беларусаў, за каго і чаму яны галасавалі ў 1994-м. 

Сярод кандыдатаў на тых выбарах былі Аляксандр Лукашэнка, Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазняк

З моманту здабыцця незалежнасці ў Беларусі не існавала пасады прэзідэнта. Фармальна краінай кіравалі старшыні Вярхоўнага Савета: спачатку Станіслаў Шушкевіч (з верасня 1991 да студзеня 1994 года), а затым Мечыслаў Грыб (са студзеня да ліпеня 1994).

Тыя прэзідэнцкія выбары былі адзіныя, якія праходзілі ў два туры (першы 23 чэрвеня, другі — 10 ліпеня). Кандыдатаў было шэсць —Вячаслаў Кебіч, Аляксандр Лукашэнка, Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Аляксандр Дубко, Васіль Новікаў.

Адзначым, што не ўсе, да каго мы звярталіся, пагадзіліся адказаць пра свой выбар у 1994-м.

Аляксандр Мілінкевіч

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года і пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч на першых прэзідэнцкіх выбарах галасаваў за Станіслава Шушкевіча.

У другім туры палітык не галасаваў, бо ягоны кандыдат не прайшоў.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Шушкевіч быў адзіны, хто мог перамагчы Лукашэнку, калі б яго падтрымалі ўсе дэмакраты ў першым туры. У другім бы далучыліся тыя, хто галасаваў за Кебіча і большасць іншых кандыдатаў», — лічыць Мілінкевіч.

Што тычыцца Зянона Пазняка, то палітык адзначае, што Пазняк не мог перамагчы нават на Гродзеншчыне, паколькі народ не быў тады гатовы галасаваць за нацыянальна арыентаванага кандыдата.

Аляксандр Мілінкевіч кажа, што ён не расчараваўся ў сваім кандыдаце.

«Шушкевіч ведаў чароўнае слова «згода», якое не вельмі падабалася частцы дэпутатаў, але адпавядала беларускаму характару», — лічыць Мілінкевіч.

Ірына Халіп

Журналістка Ірына Халіп згадвае, што яе тата галасаваў за Пазняка, бабуля — за Кебіча, а яны з мамай — за Шушкевіча. У другім туры Ірына не ўдзельнічала, бо з’ехала ў круіз па скандынаўскіх краінах. Вынікі выбараў не адразу даведалася, таму не разумела, чаму людзі падыходзяць і спачуваюць.

Ірына Халіп. Фота: «Наша Ніва»

Чаму Шушкевіч?

«Я ў такіх выпадках адразу згадваю паважаную рэвалюцыянерку Валерыю Навадворскую, якая некалі казала, што калі яе запытваюць, чаму яна не давярае Ельцыну, а давярае, напрыклад, Клінтану, дык таму, што ў Клінтана хатняя бібліятэка 20 тысяч тамоў. Для мяне вельмі важна было тое, што Станіслаў Станіслававіч — чалавек адукаваны, паспяховы ў навуцы, аналітычнага складу, чалавек сумленны, які не мае чорных плямаў у сваёй біяграфіі.

Чалавек, з якім можна размаўляць і ведаць, што ён не брэша. І з цягам часу я не расчаравалася ў сваім выбары. Увогуле лічу, што калі б тады беларусы абралі Станіслава Шушкевіча, і краіна наша была б зусім іншай».

Праз некалькі гадоў пасля тых выбараў Халіп пасябравала з Шушкевічам, што пераканала яе — з выбарам яна не памылілася. 

«Маштаб гэтай асобы большы, чым я магла тады ў 1994-м сабе ўявіць».

Аляксандр Кныровіч

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч на выбарах 1994 года аддаў свой голас за Станіслава Шушкевіча. Ці прымаў ён удзел у другім туры, ён ужо не памятае.

«Напэўна, я на другі тур не хадзіў, але дакладна памятаю, што не галасаваў за Лукашэнку», — згадвае прадпрымальнік.

З яго слоў, ён ужо тады разумеў, што Лукашэнка — дэмагог, які толькі і робіць, што ўсім усё абяцае.

Аляксандр Кныровіч. Фота: «Наша Ніва»

«Лукашэнка падаваўся абсалютным адлюстраваннем Жырыноўскага, а Кебіч мне здаваўся савецкай праявай наменклатуры, які не нясе нічога добрага для Беларусі».

Шушкевіча Кныровіч называе найбольш узважаным, аўтарытэтным і інтэлігентным кандыдатам, які казаў пра спакойнае паступовае развіццё. 

Бізнэсовец кажа, што і праз трыццаць гадоў не шкадуе, што галасаваў за Станіслава Шушкевіча.

«Прынцыпы і каштоўнасці ў яго заставаліся на тых жа месцах, таму я не расчараваўся ў сваім выбары. Лічу, што лепей прайграць у кампаніі тых людзей, чым выйграць у кампаніі гэтых», — лічыць Кныровіч.

Вадзім Пракоп'еў

Былы сталічны рэстаратар Вадзім Пракоп’еў на першых прэзідэнцкіх выбарах не галасаваў.

«Я быў ідыётам у 1994-м. У антычным сэнсе гэтага слова. 

Хоць быў досыць палітызаваным з юнацтва. І ў 1991 годзе крычаў на плошчы Леніна на мітынгу супраць ГКЧП.

Але мне ніхто з кандыдатаў 1994 не здаўся пераканаўчым і прагрэсіўным. Я не любіў усіх аднолькава», — прызнаецца Пракоп'еў.

Вадзім Пракоп'еў. Фота: «Наша Ніва»

Жыццё паказала што недастаткова было пахаваць «савок» у 1991-м, што дэмакратыя і, адпаведна, свабода патрабуюць пастаяннага дзейснага ўдзелу. Гэта стала нам усім урокам.

Цяпер паразумнеў і спяшаюся наблізіць тыя часы, калі змагу галасаваць у свабоднай Беларусі. За Марыю Калеснікаву. Дай Бог ёй вытрымкі і здароўя».

Вадзім кажа, што калі б у яго была магчымасць змяніць свой выбар, то ў 1994-м ён аддаў бы свой голас за Шушкевіча.

Павел Латушка

Павел Латушка на выбарах 1994 года ў першым туры галасаваў за Станіслава Шушкевіча, хаця ўсе члены яго сям'і былі за Зянона Пазняка. 

Павел Латушка. Фота: «Наша Ніва»

«Я лічыў Станіслава Шушкевіча такой асобай, якая можа аб'яднаць большасць беларусаў дзеля таго, каб мы маглі супрацьстаяць прыходу да ўлады як прарасійскага папуліста Лукашэнкі, так і прарасійскага кандыдата Кебіча з савецкай камуністычнай наменклатуры», — кажа Латушка.

Паколькі Шушкевіч у другі тур галасавання не прайшоў, Павел Латушка ў другім туры галасаваў супраць усіх.

Валер Карбалевіч

Біёграф Лукашэнкі і палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у 1994-м працаваў у камандзе Станіслава Шушкевіча, за яго і галасаваў. 

«У другім туры не галасаваў увогуле, бо не бачыў сярод кандыдатаў таго, хто ў маіх уяўленнях быў добрым кандыдатам на пасаду прэзідэнта».

Саму кандыдатуру Шушкевіча Карбалевіч называе ідэальным варыянтам для аб'яднання дэмакратычных сілаў.

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Фактычна ад дэмсіл выступалі два кандыдаты — Пазняк і Шушкевіч. У Пазняка было сваё ядро электарату, але ён не мог яго пашырыць на больш шырокую прастору. У Шушкевіча, які займаў больш памяркоўную пазіцыю, такая магчымасць была», — лічыць аналітык.

Карбалевіч не шкадуе, што ў 1994-м супрацоўнічаў са Станіславам Шушкевічам.

«Ён не здрадзіў справе дэмакратыі, беларушчыны і еўрапейскага выбару да самай сваёй смерці, таму ніякага расчаравання няма», — кажа Карбалевіч.

Аляксандр Класкоўскі

Аналітык Аляксандр Класкоўскі на першых прэзідэнцкіх выбарах галасаваў толькі ў першым туры. Выбіраў аналітык з двух кандыдатаў, якія прадстаўлялі нацыянальныя дэмакратычныя сілы.

«Зянон Пазняк здаваўся мне ў некаторых пытаннях занадта рэзкім і радыкальным. Таму я спыніўся на Шушкевічу. У другім туры ўвогуле не ўдзельнічаў, бо ў бюлетэні заставаліся толькі Лукашэнка і Кебіч. Абодва былі прынцыпова не маімі кандыдатамі», — згадвае Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі. Фота: «Наша Ніва»

Аналітык кажа, што калі б вярнуўся ў 1994 год, то зноў бы прагаласаваў за Станіслава Шушкевіча. 

«Хаця, кладучы руку на сэрца, ужо тады было зразумела, што ні ён, ні Пазняк не маюць шанцаў выйграць. Тады ў многіх былі настальгічныя настроі па Савецкім Саюзе, чым спрытна скарыстаўся папуліст Лукашэнка.

А ў Шушкевіча быў далёка высокі адмоўны рэйтынг, бо для частцы насельніцтва ён успрымаўся магільшчыкам СССР. І яшчэ прыкра, што дэмакратычныя сілы не дамовіліся тады і не вылучылі адзінага кандыдата», — кажа Аляксандр Класкоўскі. 

Мікалай Халезін

Рэжысёр Мікалай Халезін трыццаць гадоў таму таксама галасаваў за Станіслава Шушкевіча. Свой выбар ён называе пралічаным і асэнсаваным.

«Я быў на той момант ужо з ім знаёмы, ведаў, што гэта за чалавек, і разумеў, што ад яго не будзе сыходзіць пагроз. Тады ў той час вельмі важна было, каб чалавек, якога абіраеш, не спрабаваў замясціць сабой усё, не спрабаваў узурпіраваць уладу, як гэта ў нас потым і атрымалася.

Мікалай Халезін Фота: старонка ў фэйсбук Халезіна

Кебіча я проста не разглядаў, таму што гэта была старая дастаткова сумная гісторыя. Чалавек злоўжываў алкаголем і зусім дрэнна арыентаваўся ў рэальнасці.

Камуністы для мяне таксама былі перажыткам дзіўным.

Лукашэнка — я разумеў вельмі добра ўсе пагрозы. Пазняк — гэта тыя ж пагрозы.

Таму для мяне Шушкевіч быў лагічны. Ён добра адукаваны і, што для мяне з’яўляецца адным з вызначальных, з пачуццём гумару. Ва ўсіх астатніх яго практычна не было.

Цяпер я б выбар абсалютна не змяніў. Я толькі ўмацаваўся ў тым, што ён быў правільным. Але я, на жаль, не раздзяліў гэты выбар з іншымі выбаршчыкамі».

Аляксандр Дабравольскі 

Старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай у 1994-м быў адным з арганізатараў выбарчай кампаніі Станіслава Шушкевіча. Натуральна, што за яго і галасаваў. У другім туры не ўдзельнічаў, бо ні да аднаго з кандыдатаў не было даверу.

Аляксандр Дабравольскі кажа, што падтрымаў Шушкевіча, бо лічыў, што ён быў амаль што адзіны з кандыдатаў, хто ведаў, што рабіць з уладай на карысць Беларусі.

Аляксандр Дабравольскі. Фота: «Наша Ніва»

«Ён быў, хутчэй, стваральнікам, а не разбуральнікам. Калі б не было Шушкевіча, а быў Карпенка — прагаласаваў бы за Карпенку. Калі б яго не было, прагаласаваў бы за Пазняка.

У Шушкевічу я не расчараваўся, але мяне расчараваў выбар большасці. Гэта стала доказам, што народ можа памыляцца», — лічыць палітык.

Каментары116

  • цмок
    23.06.2024
    я ўжо казала) мне тады толькі-толькі споўнілася 18 год, і я (у адрозненне ад светы, якая галасавала за лукашэнку) галасавала за Пазняка. на 2-гі тур і ўсе перавыбары не пайшла. гэтак жа і мая маці - таксама галасавала за Пазняка і больш не хадзіла. мы з ёй не абмяркоўвалі. то бок гэта была свая такая пазіцыя кожнай
  • нявеста азаронка
    23.06.2024
    а за каго галасаваў Мікола Бугай ? ;)
  • 1
    23.06.2024
    цмок, якая Света?

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Усе навіны →
Усе навіны

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага6

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго4

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ2

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

Як у 2020-м віцябчук выліў вядро вады на зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Галоўнае
Усе навіны →